Лёсы людскія, або Як Кацярына Багданава на Астравеччыну трапіла
12:00 / 02.08.2025
Цяжкі куль льнянога палатна на каленях, які жанчына з гонарам дэманструе, – справа ўмелых напрацаваных рук, здаецца, ажывае і расказвае пра яе лёс і ў той жа час амаль пра стогадовы перыяд гісторыі нашай краіны: Кацярына Аляксееўна сёлета адзначыла 96-ы дзень нараджэння…
Дзе нарадзілася, расла
«Я з вёскі Бабічы, што на Гомельшчыне. Мае бацькі і дзяды ўсё жыццё працавалі на тамашняй зямлі, былі калгаснікамі. Татка і араў, і скародзіў, і касіў, і бульбу буртаваў – бязграматны быў, вось і працаваў шмат фізічна. І маці – калгасніца, чорнарабочая».У тыя часы сем’і былі вялікія, наша лічылася выключэннем: у мяне быў толькі старэйшы брат Васіль.
Калі пайшла ў 1 клас, пачалася вайна: настаўнікі да нас прыехалі чужыя, сваіх забралі на фронт. Чытанне, гісторыя, геаграфія… Адвучылася сяк-так 2 гады. А калі ў 3 клас перайшла, захварэла на тыф. І кінула вучобу. Бацькі прасілі вярнуцца, нават прымушалі – а я ні ў якую. Таму па фермах з дзяцінства і «шаталася». Спярша курэй даглядала, затым цялят, свіней, кароў. Пабыла на ўсіх работах.
Увогуле ў вёсцы нашай мала было тых, хто скончыў школу. Адна сяброўка толькі вывучылася і стала настаўніцай.
Як успомню – здрыгануся
« Бацька прайшоў усю вайну. Трапіў у апошні набор – яму ішоў 50-ты год, але забралі. Далёка ад нас ваяваў. Мы, малыя, чулі, што разведчыкам быў. Спачатку не ведалі, дзе ён і што з ім. Толькі пасля вайны ліст даслаў – жывы! І мы напісалі яму, што жывыя. Вярнуўся ажно праз год як вайна скончылася – дзякуй богу, жывы-здаровы. Ажно з Сібіры дадому ішоў».…Мужчыны пайшлі ваяваць, і засталіся ў Бабічах толькі жанчыны, старыя і дзеці. Спярша да нас партызаны прыехалі, па ўсёй вёсцы рассяліліся. І ў наш дом параненага прынеслі. Ложкаў не было – на палках спалі. Маці мяне на печ загнала, а яго на мой палок паклала.
Багата ў Бабічах паліцаяў было – са сваіх, вясковых. Яны і напалі на партызан. Тыя далі адпор, але ў лес выйшлі. Шмат тады мірных людзей пазабівалі. І дзядзьку майго. І бабулю забілі – прама на дарозе. Маці з Васілём яе хавалі. У кажуху і пахавалі. Была зіма, яна так была апранута. Не змаглі верхнюю адзежу зняць: разрыўная куля ўсю «сярэдзіну» бабулі разварушыла. Гузікі зашпілілі і закапалі...
Немцы наязджалі, каго знаходзілі – забівалі. А калі паліцаі парадак наводзілі, яшчэ страшней было. Свае сваіх знішчалі! Цяжарных жанчын расстрэльвалі – жонак партызан, якія прыходзілі дамоў ноччу за ежай, адзеннем. Памятаю, як раніцай жанчын і дзяцей – усіх сабралі і расстралялі. А сем’і былі вялікія, харошыя. Адзін хлапчук у цёткі начаваў, але раніцай вырашыў дадому пайсці. Злавілі яго – да «палонных» адправілі. І забілі разам з усімі…
Вяскоўцы давалі есці партызанам, а потым паліцаі ім за гэта помсцілі. Хаваючыся, мы ў лесе жылі пад густымі елкамі. Рэчка там недалёка была і кусты над ёй нахіленыя – добрая схованка ля берага.
Холадна, голадна, страшна
«Хаты ў Бабічах па адной старане ўсе спалілі. А нашай пашанцавала, бо праз дарогу хата паліцая стаяла. Калі салома на нашым даху пачала гарэць, маці падняла лямант. Ён кінуўся тушыць, каб агонь на яго двор не перайшоў».…Карова ў нас была, хоць жывёліну і збожжа немцы падшкрабалі. Мы зерне ў ямках хавалі: у бочкі засыпалі і зверху зямлёй закрывалі. Але яны адкапалі і забралі. Засталіся мы без хлеба. Траву збіралі, «трушанку» елі. Вясной па полі бульбу гнілую шукалі, сушылі, таўклі – маці з такой мукі нават бліны пякла.
Выжывалі, але багата з голаду людзей памерла. Чым карміць пяцярых дзяцей, калі адна жанчына ў хаце?
Сабраць жыццё па крупінках
«І ў вайну цяжка было, і пасля. У калгас прыйшло мала мужчын – многія з фронта не вярнуліся. Працавалі жанчыны і падлеткі, што да вайны яшчэ малымі былі. Усё рабілі, не перабіралі».Хаты новыя хлопцы сталі будаваць – і сабе, і мамкам. Адзін аднаму дапамагалі.
Я на ферму пайшла – спярша на курэй, потым свіней даглядала. Плацілі капейкі, а калі натурпрадуктам, дык мех зерня за год, можа, і атрымаеш. А можа, і не.
У каго бацька быў ці сын мацнейшы – сваё сеялі і ўбіралі. Як наш тата вярнуўся – лягчэй стала. Ён у калгас пайшоў: і з плугам, і з бараной хадзіў… У сумачку, што маці полудзень давала, насыпле зерня кілаграмы два, закапае дзе, а ноччу пойдзе адкапае. Лічы, з ім голаду ўжо не бачылі.
Працай адзінай
« Мой чалавек быў з мясцовых – на адной вуліцы жылі. Дзяўчат у Бабічах небагата было, а хлапцоў нашага ўзросту можна выбіраць. Мы збіраліся, гулялі разам. Калі Васіля забіралі ў армію – праважала, лісты яму пісала. Як адслужыў – пажаніліся».Бацька Васіля загінуў на вайне, хата згарэла, маці засталася з трыма дзецьмі ў лазні. Год мы з імі жылі. Шчыльненька ўсё стаяла. Да ложка нашага прайсці толькі бокам, яны ж на палках спалі.
Потым мы аддзяліліся – на кватэру да суседкі пайшлі. І сваю хату сталі будаваць. Лес самі вазілі, уручную пілавалі. У каго ў сям’і мужчыны былі – у таго і хата добрая стаяла.
Мы невялічкую сабе зрубілі. І задумаліся: накрыць чым? Купілі салому – колькі грошай было. Потым падлогі масцілі, печку склалі.
Дочкі нарадзіліся – адна за адной, пяцёра: Таня, Марыя, Валя, Ніна, Люда.
…Рабілі ўсё жыццё, стараліся – і з часам усё прыдбалі. Можа, не лепшае і не новае на кожны дзень, але не скардзіліся. Хату яшчэ адну, вялікую, пабудавалі, гаспадарку развялі. Добра сталі жыць…
Адным сказам:
«Цяпер моладдзю не пакамандуеш: яна разумнейшыя за нас».«Дачок сваіх моцна нічому не вучыла – самі па сабе выраслі добрыя, справядлівыя, чалавечныя, сумленныя».
«Дома, зразумела, добра, – гаворыць Кацярына Багданава. – Усё там роднае і знаёмае: равок за хатай, рэчка і лес, дзе грыбы і ягады збірала… Там жыве малодшая дачка – і мая памяць… Але і тут, у Астраўцы, добра. Да таго ж я вандрую – ад адной дачкі да другой. Самы час цяпер. У мяне 9 унукаў і 12 праўнукаў – з кожным трэба пабачыцца і слова загаварыць».
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.