Дзедаўская прылада: шчыпцы для завіўкі валасоў

18:00 / 02.08.2025

Не збыўся прагноз наконт «цяжкай артылерыі» ў 4-м этапе конкурсу: большасць удзельнікаў пазнала шчыпцы для завіўкі валасоў, якімі ў даўнія часы карысталіся жанчыны ў заможных сем’ях, – прататып сучаснай электраплойкі і яе шматлікіх разнавіднасцяў. 

Праўда, не ва ўсіх атрымалася з першага разу даць правільны адказ. Рэгіна Дрэма, да прыкладу, доўга страляла з пушкі па вераб’ях: спачатку вырашыла, што гэта прыстасаванне для здымання мяса з вог­нішча, потым – для абразання кустоў, для памешвання бялізны пры кіпячэнні, для надання формы сырам… І толькі напрыканцы панядзелка ўрэшце здагадалася (ці падказаў нехта з блізкіх, бо, па словах Рэгіны, у гэтым конкурсе ўдзельнічае ўся сям’я), што гэта на самой справе. Паспела!

І Леанарда Якель прызналася, што перш вырашыла, што конкурсная прылада неяк звязана з работай у кузні. Але падказка, што гэтым карысталіся пераважна жанчыны, скіравала яе думкі ў правільнае рэчышча. Яна нават успомніла, як у дзяцінстве падобным чынам спрабавала завіваць валасы. «У нашай сям’і не было грошай, каб купляць такія «забаўкі», а прыгожай быць хацелася, – расказала Леанарда. – То мы на агні награвалі нажніцы і імі спрабавалі зрабіць локаны. У выніку палілі косы, за што, вядома, атрымлівалі ад бацькоў».

Падобны вопыт быў і ў Наталлі Блахі­ной, толькі яна награвала на агні не наж­ніцы, а сапсаваную электраплойку (у яе дзя­цінстве яны ўжо не з’яўляліся прад­­ме­там раскошы) – спраўнай карыстацца не дазвалялі. «Першая ж пасма, якую я на­кру­ціла, нагрэўшы шчыпцы на полымі газавай пліты, на іх жа і засталася, – успа­мінае Наталля. – А дарослыя яшчэ напужалі, што валасы больш не адрастуць… Надоўга адбілі ахвоту да пышных локанаў».

Хоць Наталля расказала, як у часы, калі падобнымі шчыпцамі карысталіся нашы прабабулі, правяралі, ці можна на іх накручваць валасы без пагрозы спаліць, ды яшчэ і вушы ў дадатак падсмаліць. Гарачыя шчыпцы клалі на паперу: калі яна пацямнела, то тэмпература ў самы раз!
Генрых Лукашэвіч успамінае, што яго сястра накручвала валасы на нагрэтыя на раскаленых цаглінах… цвікі! Вось ужо і сапраўды: прыгажосць патрабуе ахвяр. 

Да слова, не толькі жанчыны ішлі на іх: Віктар Тункевіч і Ірына Яновіч сцвярджаюць, што мужчыны – сярод іх таксама нямала моднікаў! – такім чынам падвівалі вусы.

Многія канкурсанты не паленаваліся пака­пацца ў інтэрнэце, каб знайсці звесткі пра тое, як і калі з’явіліся прыборы для завіўкі валасоў. Аляксандра Працута, да прыкладу, зрабіла глыбокі экскурс у гісторыю. Хоць падобныя шчыпцы з’явіліся ў другой палове ХІХ стагоддзя – пра гэта ўзгадалі многія, але яшчэ ў старажытных Егіпце, Рыме і Грэцыі жанчыны для стварэння хвалістай прычоскі змочвалі валасы вадой, змешанай з зям­лёй, затым накручвалі іх на палачкі патрэбнага дыяметру і сушылі. Для за­віўкі валасоў карысталіся таксама нагрэтымі на агні жалезнымі і бронзавымі стрыжнямі, трубачкамі і цвікамі (так што сястра Генрыха Лукашэвіча не адзінокая). 

Сапраўдным прарывам у цырульніцкім майстэрстве стала вынаходніцтва француза Марселя Грато, які ў 1880 годзе злу­чыў два жалезныя стрыжні з выгнутай і вогнутай паверхняй па прыкладзе нажніц. Так з’явіліся шчыпцы для завіўкі валасоў.

Марсельская хваля

Марсельская хваля

Таццяна Бразевіч расказвае, што Марселя на стварэння гэтага прыбора натхніла яго маці, у якой былі прыгожыя хвалістыя валасы: сын вырашыў зрабіць інструмент, які б дапамог імітаваць яе цудоўныя локаны. Ён прыдумаў шчыпцы – і тым самым зрабіў першы крок да славы і багацця. Выпукла-вогнутыя хвалі валасоў, які давалі гэтыя шчыпцы, атрымалі назву марсельскіх і хутка заваявалі сэрцы парыж­скіх модніц. 

Марсель напачатку тры­маў вынайдзеную тэхніку завіўкі валасоў у сакрэце і абслугоўваў дам вышэй­шага свету ў асоб­ным пакоі. Ён браў за завіў­ку 500 франкаў – у той час, калі яго калегі за тую ж паслугу атрымлівалі па 10-20 франкаў. За 15 гадоў цырульнік стаў мілья­нерам, купіў сабе замак у Нармандыі, адышоў ад справы – і толькі тады раскрыў сакрэт «марсельскай хвалі» калегам. 

Цяпер вынайдзены Марселем Грато інст­румент перажывае рэнесанс: сучасныя стылісты прымяняюць элетрашчыпцы розных мадыфікацый для стварэння арыгінальных прычосак, натхняючыся класічнымі прыёмамі часоў элегантнасці і прыгажосці.

Прызнаюся: чытала адказы канкур­сан­таў з цікавасцю і захапленнем – столькі даведалася! Дзякуй!

А што тычыцца балаў, то найбольшую колькасць – 6 – атрымлівае Аляксандра Працута, якая не толькі расказала, што, для чаго і як, але і прывяла гістарычныя звесткі, праілюстравала адказ здымкамі, дапоўніла ўспамінамі сваёй прабабулі: тая бачыла падобныя шчыпцы ў пані, у якой некалі служыла пакаёўкай, узгадала прыказкі ў тэму.

Пяць балаў запісала на свой рахунак Таццяна Бразевіч: захапляюся яе цікавымі і змястоўнымі адказамі.

Чатыры балы ў Наталлі Блахіной, па 3 – у Віктара Тункевіча, Леанарды Якель Генрыха Лукашэвіча і Ірыны Яновіч, па 2 – у Іаланты Валуевіч і Наталлі Шума­равай (ура – рассакрэцілася наша natali242!), па адным – у Вікторыі Пляўгі, Міраславы Якіменкі і Рэгіны Дрэмы. 
Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик