Якія падзеі адбываліся ў Астравецкім раёне ў 2000-2009 гадах

10:05 / 05.07.2025
У мінулым годзе Гродзеншчына ўра­чыста адзначыла 80-годдзе ўтварэння нашай вобласці – да гэтага юбілею мы падрыхтавалі шэраг артыкулаў па матэрыялах «Астравецкай праўды» пад руб­рыкай «Гісторыя газетным радком». А сёлета Астравецкі раён адзначае сваё 85-годдзе. Нагадаем, ён быў утвораны 15 студзеня 1940 года і напачатку ўваходзіў у склад Вілейскай, затым – Маладзечанскай вобласці. Таму працягваем гартаць старонкі газеты, якую вядомы нямецкі філосаф  Шапэнгауэр трапна назваў секундамерам гісторыі, каб успомніць, якія значныя падзеі адбываліся ў нашым краі, і нагадаць пра гэта чытачам.

  2000 год
▪ У пасёлку Гудагай адкрыта новае аддзяленне сувязі.
▪ На Гудагайскім вакзале адкрыты магазін бяспошліннага гандлю.
▪ Створана Спондаўскае лясніцтва.

  2001 год
▪ Калгас імя Чапаева аднавіў помнік гісторыі – вежу-альтанку. 
▪ Выйшла з друку кніга апавяданняў Ніны Рыбік «Права на адсяленне», у тым жа годзе аўтара прынялі ў Саюз пісьменнікаў.
 2002 год
▪ Ліквідаваны стацыянарныя ложкі ў Гервяцкай і Кямелішкаўскай участковых бальніцах. У раёне засталася адна ўчастковая бальніца ў Міхалішках. 
▪ У жніўні пагранічная камендатура «Астравец» перайменавана ў пагранічную камендатуру «Гудагай».
▪  У кастрычніку  ў Астраўцы прайшлі 2-я Між­народныя Гашкевічаўскія чытанні.
▪  У цэнтры вёскі Малі ўстаноўлены памятны знак у гонар Іосіфа Гашкевіча работы Рычарда Грушы.
▪  Астравецкая СШ №2 рэарганізавана ў гімназію.
▪ На базе Бабраўніцкай сельскай бібліятэкі яе загадчык Соф’я Комар стварыла этнаграфічны музей вясковага побыту, установа культуры рэарганізавана ў бібліятэку-музей. 
▪ Адкрыўся музей у Гудагайскай школе.

  2003 год
▪ Астравецкі цэх па выпуску дэталяў для пры­бораў ваеннай тэхнікі Вільнюскага аб’яднання імя 60-годдзя Кастрычніка стаў заводам «Радыё­дэталь».
▪ Адкрыты цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
▪ Уведзены ў эксплуатацыю будынак пагранічнай камендатуры «Гудагай», пабудаваны за сродкі Саюзнай Дзяржавы. 

  2004 год
▪ На ўездзе ў Астравец з боку Гудагая ўстаноўлены новы ўязны знак работы скульптара Рычарда Грушы.
▪ У Варнянах на базе прышкольнага інтэрната адкрылі сацыяльны прытулак для дзяцей, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. 
▪ У Вароне адноўлена і асвечана капліца ў гонар святога Юрыя.  
▪ На магіле Льва Дабжынскага ўстаноўлены і асвечаны новы помнік. 
▪ Спондаўскае школьнае лясніцтва «Пралес­ка» стала пераможцам першага юніёрскага міжнароднага ляснога конкурсу, які праходзіў у Маскве. 
▪ У Рымдзюнах прайшоў першы фестываль-конкурс «Песні памежжа». У ім прынялі ўдзел мастацкія калектывы і выканаўцы з Астравецкага, Смаргонскага, Ашмянскага раёнаў, Пабрадзе і Вільнюса Літоўскай Рэспублікі.
▪ На беразе возера Кай­міна ў Спон­даўскім сельсавеце з удзелам артыстаў тэатра імя Янкі Купалы прайшлі «Купалаўскія вакацыі».
▪ У снежні ў Варняны прыйшоў прыродны газ.

  2005 год
▪ Выйшла з друку кніга «Памяць. Астравецкі раён». 
▪ У Міхалішках адкрылі помнік лётчыкам і курсантам Пастаўскай авіяшколы, якія загінулі ў першыя дні вайны.
▪ У Міхалішкаўскай школе адкрылі музей.
▪ У Гервятах адкрыты ўні­версам «Янтарный».
▪ Каля Клюшчанскага касцёла ўстаноўлены і асвечаны памятны камень у гонар братоў Кастуся і Альбіна Стаповічаў. 
▪ Ансамблю народнай музыкі «Кемяліна» прысвоена званне «Народны аматарскі калектыў». 
▪ Фальклорнаму гурту Мі­ха­­­лішкаўскай дзі­цячай му­зыч­най школы «Міха­лінка» прысвоена званне  ўзорнага.
▪ Хору ветэранаў прысвоена званне народнага.
▪ У кастрычніку адкрыта па­гранічная застава «Лоша».
▪ Пабудаваны першы ў раёне аграгарадок у вёсцы Гервяты.
▪ Выйшаў з друку зборнік казак Інэсы Багдзевіч «Куфэрак бабці Ганці».  
▪ У Лакцянах прайшоў пленэр мастакоў, прысвечаны паэту і святару Янку Быліне.

  2006 год
▪ У студзені ў Гервяты прыйшоў прыродны газ.
▪ У Астраўцы ўрачыста адкрылі новы будынак РАУС па вуліцы Ленінскай. 
▪ У Гервятах адкрылі фізкультурна-аздараўленчы комплекс.
▪ На будынку гімназіі (цяпер СШ №2) адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар франтавіка, трэнера, на­стаўніка Здзіслава Шырынскага.
▪ Троіцкая царква ў вёсцы Стрыпішкі Падольскага сельсавета ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
▪ Па тэрыторыі раёна прайшла навукова-асвет­ніц­кая экспедыцыя з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга.
▪ Выйшла кніга Інэсы Багдзевіч «На кухні Рэгіны Магдалены».
 
 2007 год
▪ Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацверджаны геральдычныя сімвалы Астраўца і Астравецкага раёна. 
▪ У Камаях адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі, прысвечанай Казіміру Сваяку. 
▪ Па Віліі прайшла беларуска-літоў­ская экспедыцыя «Шляхам графа Канстанціна Тышкевіча», прысвечаная 150-годдзю першай вандроўкі.
▪ У маі прайшоў міжнародны пленэр мастакоў Беларусі і Літвы, прысвечаны 100-гадоваму юбілею мастака Льва Дабжынскага. 
▪ Адбылося каранаванне цудадзейнага абраза Маці Божай Гудагайскай залатымі Папскімі каронамі.
▪ У жніўні адбыўся першы візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Астравецкі раён. Кіраўнік дзяржавы наведаў Гервяты.


  2008 год
▪ 3 студзеня міждзяржаўны пункт пропуску «Лоша» указам Прэзідэнта пераведзены ў пункт спрошчанага пропуску, на якім ажыццяўляўся толькі пагранічны кантроль.
▪ У студзені пасля рэканструкцыі адкрылі аўтастанцыю.
▪ Адбыўся першы раённы турнір па інтэлек­туальных гульнях, які паклаў пачатак інтэлектуальнаму руху на Астравеччыне. 
▪ У Астраўцы з’явіўся першы фантан па вуліцы Ленінскай.
▪ Выйшла з друку кніга бібліятэкара Спондаўскай бібліятэкі Іаланты Валуевіч «Як называць цябе, родны мой куточак?», дзе былі сабраны тапонімы спондаўскага краю,  мясцовыя легенды і паданні.
▪ Завяршылася рэканструкцыя маста праз Вілію ў Міхалішках. 
▪ Пасля рэканструкцыі кінатэатр «Кастрыч­нік» пераўтвораны ў кінаканцэртную залу «Астравец».
▪ На вуліцы Ленінскай у Астраўцы пасля рэканструкцыі адкрылі мост цераз раку Лошу. 
▪ Музычная школа  перасялілася ў новы будынак па вуліцы Кастрычніцкай і набыла статус школы мастацтваў.
▪ У Астравецкім раёне атрыманы рэкордны ўраджай збожжавых. Валавы намалот склаў 78 тысяч тон, ураджайнасць – 45 цэнтнераў з гектара.
▪ Выйшлі з друку кнігі апавяданняў Ніны Рыбік «Свае і Чужыя» і зборнік твораў астравецкіх аўтараў «Астравецкай зямлі галасы» . 
▪ Урачыста адзначаны 540-гадовы юбілей з першага пісьмовага ўспаміну пра Астравец. 
▪ У снежні падпісаны акт выбару зямельнага ўчастка для размяшчэння першай Беларускай АЭС у Астра­вецкім раёне.

 2009 год
▪ У Астраўцы адкрыўся новы крыты рынак.
▪ Астравец упершыню перамог у рэспубліканскім агля­дзе-конкурсе санітарнага стану і добра­ўпарадкавання населеных пунктаў чацвёртай катэгорыі.
▪ Асвечаны праваслаўны храм Святога прарока Іліі ў в. Альхоўцы.
▪ У Астраўцы адкрылі магазін «Вернісаж».
▪ 1 кастрычніка перастаў існаваць як самастойнае прадпрыемства камбінат будаўнічых матэрыялаў.

Старонкі газеты гартала Ніна РЫБІК. Фота з архіва «АП».




Текст: Главный администратор