Рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда” аб’яўляе конкурс “Дзедаўская прылада”

14:00 / 04.07.2025

Кажуць, новае – гэта добра забытае старое. У розныя часы ў «Астравецкай праў­дзе» праводзіліся розныя конкурсы, імгненныя і доўгаіграючыя. Ужо і не ўзгадаць усе, як і іх пераможцаў.

І ўсё ж час ад часу чытачы ўспамінаюць некаторыя з іх. У прыватнасці, фота­кон­курс «Дзедаўская прылада», які пра­водзіў у рамках свайго праекта «Сядзіба» Эдуард Свірыд. І конкурс «Па­знай Астра­веччыну», які праходзіў на працягу 2020 года і ў якім удзельнікі не толькі пазнавалі знакамітыя мясціны роднага краю, але і расказвалі пра іх, дапаўняючы расповеды новымі фо­таздымкамі і відэа. Матэрыялы пазней склалі аснову кнігі «Астравеччына вядомая і незнаёмая».

У новым конкурсе мы вырашылі іх аб’яднаць. Ад першага ўзялі назву і сут­насць: удзельнікам трэба будзе здага­дацца (пазнаць, даведацца, высветліць), што за старадаўняя прылада змешчана на фотаздымку. Ад другога конкурсу мы ўзялі яго ўмовы. 

Новы конкурс пачынаецца ў сённяшнім нумары газеты – вельмі сімвалічна, што ён прысвечаны Дню Незалежнасці нашай краіны – і прадоўжыцца да канца года.
Кожную пятніцу мы бу­дзем змяшчаць фотаздымак якой-небудзь старадаўняй прылады працы. 
У кожным туры, правільна адказаўшы на заданне, удзельнікі могуць набраць не­калькі балаў. Тыя, хто адкажа, што гэта, атрымае 1 бал. 
Дадатковыя балы будуць наліч­вацца тым, хто раскажа, як гэтай прыладай кары­стацца, прыгадае цікавыя гісторыі, анек­доты, прыказкі і прымаўкі, казкі, паданні, звязаныя з ёй. А найвышэйшы пілатаж – калі чытачы дашлюць відэа, у якім пакажуць, як яны асвоілі гэтую прыладу (дзе яе ўзяць – гэта ўжо іншае пытанне, адказ на якое павінны знайсці самі ўдзельнікі конкурсу). 
Правільны адказ на пытанне і наступ­нае заданне з’явяцца на старонках «Астравецкай праўды», на нашым сайце і ў суполках «АП» у сацыяльных сетках праз тыдзень.
Тыя ўдзельнікі конкурсу, якія набяруць найбольшую колькасць балаў, і стануць пераможцамі конкурсу. Вынікі яго будуць падведзены напярэдадні Новага года.
Адказы на пытанні можна 
паведамляць па нумары 73-3-64 (спытаць Ніну Рыбік), дасылаць 
на звычайную (г. Астравец, 
вул. Энгельса, 2А) ці электронную (ostrov_red@ostrovets.by) пошту.
…Часта нашых продкаў уяўляюць цёмнымі, забітымі, недалёкімі. А калі бачыш, якія прылады яны прыдумлялі, каб аблегчыць сваю працу і быт, дзіву даешся: якія яны былі разумныя, вынаходлівыя, майстравітыя!
Спадзяёмся, што ў гэтым пераканаюцца ўсе, хто прыме ўдзел у конкурсе «Дзедаўская прылада», і тыя, хто будзе сачыць за ім.
Удачы і цікавых уражанняў!
І першае заданне: што за прыладу вы бачыце на здымку?

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик