Военно-патриотический клуб “Единство”: выпускникам – попутного ветра, а воспитанникам – отличной поездки
10:00 / 04.07.2025
Выхаванцы…
Па традыцыі падчас урачыстасці падводзілі вынікі, адзначалі лепшых за высокія дасягненні і актыўны ўдзел у жыцці клуба, узнагароджвалі бацькоў, вайскоўцаў-педагогаў. І развітваліся, жадаючы здзяйснення мар і поспехаў на карысць Радзімы: калі для адных хлопцаў і дзяўчат гэта свята распачынала летнія канікулы, то для іх старэйшых таварышаў яно стала стартам у дарослае жыццё.На хвіліначку, «апошні званок» для юных патрыётаў звініць не ў канцы мая, як у звычайных школьнікаў, а ў канцы чэрвеня.
– Адзінаццацікласнікі, якія займаліся ў клубе, сталі двойчы выпускнікамі: у школе і ў вайсковай часці, – усміхаецца Эвеліна Садоўская і ўзгадвае, як стала выхаванкай ВПК: – Трапіла на экскурсію ў часць, убачыла прыгожую форму «Адзінства», паглядзела на трэніроўкі – і загарэлася ідэяй трапіць у клуб. Тым больш фізічная форма ў мяне была на добрым узроўні – на ўсіх спаборніцтвах абараняла гонар школы. Пацікавілася, ці магу запісацца, мне адказалі, што давядзецца пачакаць да наступнага года. Чакала. У клубе з верасня 2024 года. Падабаліся ўсе заняткі, але найбольш – агнявая падрыхтоўка і кіналагічная работа.
– Хачу стаць інжынерам-праекціроўшчыкам. З установай ужо пазнаёмілася: на дзень адчыненых дзвярэй ездзіла, спадабалася. Знаёмыя, якія там вучацца, расказвалі, што шмат схем і чарцяжоў давядзецца рабіць – не хвалююся, бо з чарчэннем сябрую, – разважае Эвеліна. – А пакуль знаходжуся ў рэжыме чакання: толькі з 12 ліпеня прыёмная камісія пачне прымаць дакументы.
Дзевяць выхаванцаў «Адзінства» сёлета атрымалі знакі «Выпускнік-2025» і пасведчанні аб заканчэнні ваенна-патрыятычнага клуба. Гэтыя дакументы дадуць магчымасць маладым людзям, якія абралі ваенныя спецыяльнасці, атрымаць ільготы пры паступленні. Такую прэферэнцыю будзе мець і Антон Бародзіч, які трымае курс на ваенны факультэт акадэміі авіяцыі.
– Абраў спецыяльнасць, звязаную з беспілотнымі авіякомплексамі і іх тэхнічнай эксплуатацыяй. Да слова, з БПЛА нас вучылі працаваць у клубе – нескладана, калі разабрацца. Спадзяюся, што мае 304 балы і прыналежнасць да ВПК дапамогуць ажыццявіць мару, – гаворыць юнак. – Дарэчы, прыйшоў у «Адзінства» мэтанакіравана: хачу звязаць прафесійнае жыццё з вайсковай службай, а гэта добрая пляцоўка для падрыхтоўкі. Адны толькі ваенна-палявыя зборы чаго каштуюць! На іх атрымаў некалькі ўзнагарод па шматбор’і. А ўвогуле ў клубе цікава і вучаць карыснаму.
Да слова, поспехі Антона адзначылі і падчас урачыстасці заканчэння навучальнага года: бацькам хлопца камандаванне часці ўручыла Падзяку за выхаванне сына.
– Маме з татам было прыемна, і ў той момант яны адчувалі гонар за мяне, – узгадвае Антон.
– А яшчэ вандроўкі, – зазначае Раман. – Я быў на экскурсіях па Астравеччыне, у Лідскім замку, ездзілі ў Хатынь, Брэсцкую крэпасць… А на свяце заканчэння навучальнага года, што адбылося нядаўна, старшыня райвыканкама Сяргей Мядзвецкас уручыў «Адзінству» сертыфікат на паездку ў Маскву – цудоўны шанс пазнаёміцца са славутасцямі сталіцы Расіі! Застаецца толькі дзякаваць за такія шыкоўныя падарункі і быць годнымі іх.
…І выхавацель
Павел Коўкін, начальнік службы грамадзянска-патрыятычнага выхавання вайсковай часці 7434:
Што тычыцца выхаваўчай часткі, то ў гэтым навучальным годзе галоўны акцэнт рабілі на 80-годдзі вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годдзі Вялікай Перамогі.
Не магу не засяродзіцца на поспехах нашых выхаванцаў. Мы ганарымся Іванам Шышкевічам, які стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Я патрыёт сваёй краіны» і дзякуючы гэтаму ўдзельнічае ў культурна-адукацыйным праекце «Цягнік Памяці». Мілана Мілаш паказала лепшы вынік у абласным конкурсе навукова-даследчых работ па псіхалогіі.
Адным з важных паказчыкаў узроўню падрыхтоўкі нашых падапечных з’яўляецца здача ваенна-спартыўнага комплексу «Готов в спецназ», дзе дзеці дэманструюць фізічную, агнявую, тактычную і медыцынскую падрыхтоўкі, уменне ўзаемадзейнічаць у камандзе. Сёлета 4 выхаванцы пераздалі на знакі ступенню вышэй і 3 – на знакі, якія адпавядаюць узроставай катэгорыі.
Цешыць, што за 3 гады існавання «Адзінства» клуб стаў не проста вядомым, а папулярным – штогод шмат жадаючых папоўніць нашы шэрагі. Нашы юныя сябры з гонарам носяць форму, шануюць традыцыі ВПК і годна прадстаўляюць на розных мерапрыемствах.
Прыемна, што другі год запар у заахвочванні выхаванцаў прымае ўдзел райвыканкам: атрымаць у падарунак экскурсійную паездку – добры стымул для дзяцей за годную вучобу і актыўнасць. Удзячны старшыні Сяргею Тадэвушавічу Мядзвецкасу за такую ўвагу да нашага клуба. У мінулым годзе дзеці атрымалі магчымасць пазнаёміцца са славутасцямі Санкт-Пецярбурга, а сёлета іх чакае Масква – упэўнены, уражанняў і цікавых кропак маршруту будзе не менш. Цяпер займаемся разглядам прапаноў ад турфірм».
Лічбы-2025
68 выхаванцаў, з іх:- 14 – маюць знакі «Выдатнік ВПК»,
- 1 – знак «Готов в спецназ» 1-й ступені, 4 – 2-й ступені, 6 – 3-й ступені;
- 6 – плануюць паступленне на ваенныя факультэты і ў ваенныя вну.
Фота з архіва ВПК.
*Праект выдадзены за кошт сродкаў мэтавага збору па стварэнні нацыянальнага кантэнту.