Директор КСУП «Михалишки» Вадим Сакович: о работе, коллективе, достижениях, семье и самом ценном совете

12:00 / 04.07.2025
КСУП «Міхалішкі» паказаў найлепшы вынік па тэмпе вытворчасці малака і заняў 1-е месца сярод арганізацый – членаў Гродзенскага абласнога аграпрамысловага саюза. Ад кожнай каровы ў сярэднім за дзень тут атрымліваюць амаль 19 кілаграмаў – такім вынікам, канешне, не здзівіш тыя гаспадаркі, дзе дояць пад 30, але станоўчую дынаміку малочнай вытворчасці прад­­прыемства немагчыма не адзначыць.

Дырэктар КСУП «Міха­лішкі» Вадзім Саковіч падзяліўся, дзякуючы чаму ў гаспадарцы так імкліва нарасцілі «малочныя рэкі», а таксама задумамі на будучыню. Зазначу, што запланаванае як выключна вытворчае інтэрв’ю вылілася далёка за першапачаткова акрэсленую тэму… Які Вадзім Мікалаевіч кіраўнік і бацька, што лічыць галоўным у стасунках з людзьмі – пра гэта і многае іншае ў нашым матэрыяле.


– Раскажыце, як атрымалася дасягнуць такога выніку?

– Два гады назад мяне пры­значылі дырэктарам КСУП «Міхалішкі». У гэтай гаспадарцы я не ўбачыў нічога звышпраблематычнага і крытычнага. Галоўнае – тут была добрая каманда спецыя­лістаў. Вымалёўвалася адзіная, на мой погляд, праблема: недастатковая ўвага жывёлагадоўлі. Працуючы галоў­ным інжынерам у адной з гаспа­дарак Смаргонскага раёна, стараўся ўнікаць у работу ўсяго прадпрыемства. Таму не па чутках ведаў, што асноўны накірунак, які трэба развіваць у гаспа­дарцы, – вытворчасць малака. Менавіта яго рэалізацыя прыносіць асноўную выручку. 

Таму першапачатковую задачу ў «Міхалішках» бачыў у павышэнні прадуктыўнасці жывёлы. Пачалі шчыльна працаваць над асемянен­нем. Вялікую дапамогу аказаў раённы селекцыйна-племянны цэнтр жывёлагадоўлі. Паралельна працавалі над кармленнем. Тэх­нічны парк у нас быў слабы: займацца яго абнаўленнем не маглі з-за маленькай выручкі, таму што ад яе залежаць выплаты па лізінгу. Здавалася б, атрымлівалася замкнёнае кола… Тым не менш вый­сце было – займаліся ад­наў­леннем статка. На працягу года актыўна асемянялі жывёлу, за месяц пакрывалі каля паўтары сотні кароў. Толькі на канец 2023-га ў гаспадарцы пайшлі масавыя ацёлы – адпаведна павялічылася прадуктыўнасць статка. Нарасцілі аб’ёмы валавай вытворчасці і пераключыліся на тэхналогію карм­лення. 

Акрамя таго, адрамантавалі сваю тэхніку, набылі два трактары МТЗ-1523, трактар МТЗ-1221, МТЗ-82. Летась атрымалі новы кормаўборачны комплекс КВК (ён нам вельмі моцна дапа­мог на корманарыхтоўцы) і збожжа­ўборачны камбайн. На бязвыплатнай аснове КСУП «Гуда­гай» перадаў КВК. Дзякуючы абнаўленню тэхнапарка ў міну­лым годзе ўласнымі сіламі змаглі закласці амаль 27 тысяч тон сіласу. Гэта стала добрым падспор’ем – і цяпер кормім ім жывёлу. Няма значных скачкоў у кармленні, адпаведна і надоі стабільныя. 

Дзякуючы каманднай рабоце спе­цыялістаў атрымалася дасягнуць такога выніку. І ветурачы, і загадчыкі малочна-таварных ферм і комплексу на сваім месцы, яны перажываюць за агульную справу.

Набыццё ветпрэпаратаў, кар­мавых дабавак – гэта таксама сыграла пэўную ролю ў на­рошч­ванні тэмпу росту выт­ворчасці малака. Словам, мы павярнуліся тварам да жывёла­гадоўлі: у межах сваіх сіл і магчымасцей намагаліся стварыць для жывёлы на аб’ектах кам­фортныя ўмовы ўтрымання, карміць па распрацаваных рацыёнах. 

– Колькі даілі ад каровы ў «Міхалішках», калі вы прыйшлі, і колькі зараз?

– У сярэднім ад каровы атрымлівалі менш за 10 кіла­грамаў, цяпер 18,7. У 2023 го­дзе рэалізацыя складала каля 9 тон за дзень, цяпер 25 тон у заліковай вазе. Значна палепшала і тлустасць малака. 

– А што яшчэ якасна змянілася ў жывёлагадоўлі?

– Не мной сказана, што добрая малочная карова пачынаецца з цялушкі. Таму ўзяліся за аднаўленне жывёлагадоўчых аб’ектаў, каб стварыць аптымальныя ўмовы для самых маленькіх жыхароў ферм і МТК. Адрамантавалі і пера­аб­ста­лявалі прафі­лак­торый на маркунскім комплексе; улас­нымі сіламі гас­падарчым спосабам пабудавалі там 135 інды­відуальных дамкоў; зрабілі гру­павыя клеткі для ўтрымання. Гэта цалкам дазво­ліла закрыць цыкл на МТК. 

Што тычыцца ферм, то на «Страчан­цы» аднавілі пра­філакто­рый, узвялі каля 20 дам­коў; амаль такая ж іх коль­касць з’явілася на фермах «Страча» і «Міха­лішкі». Закупілі корма­раздат­чык, цалкам аднавілі хала­дзіль­нае абсталяванне, для забеспячэння захаванасці цялят набылі для ферм і комплексу размарожвальнікі малозіва, пастэрызатары, малочнае таксі. Словам, добра папрацавалі. 

З улікам таго, што над асемяненнем працуем і далей, злавіў сябе на думцы: трэба дабудаваць ці набыць каля 50-ці дамкоў. У мінулым месяцы, напрыклад, у нас было амаль 130 ацёлаў – для параўнання: у маі 2023 года толькі 40.

– Падзяліцеся планамі.

– Варта і надалей развіваць жы­вё­лагадоўлю – гэта нашы гро­шы. Задумваюся аб неабход­нас­ці ўзвядзення новага ма­лоч­на-таварнага комплексу. Пад­­­трымліваю пазіцыю на­шага Прэ­­­зі­дэнта, што трэба ады­хо­дзіць ад ра­давых лінейных ферм.

«Любое, нават самае дробнае, дасягненне гаспадаркі мяне радуе. Я прыкіпеў душой да КСУП «Міхалішкі», да калектыву. З абласнога аграпрамысловага саюза прыязджалі ўручаць Дыплом за 1-е месца па тэмпах росту вытворчасці малака ў 4 квартале 2024 года. На наступны дзень на планёрцы я падкрэсліў, што гэта не маё дасягненне, а нашай каманды. Мая задача як кіраўніка з’ядноўваць работу ўсіх дзеля агульнага выніку. Як абазначыў старшыня райвыканкама Сяргей Тадэвушавіч, лепшы ідэолаг у сельгаспрадпрыемстве – дырэктар. Стараюся індывідуальна падыходзіць да кожнага і як мага часцей сустракацца з людзьмі. Механічныя двары, фермы і комплекс, корманарыхтоўка – усе аб’екты трэба з раніцы аб’ехаць, каб быць у курсе спраў. Я не кабінетны кіраўнік».

– Адзначыла, што вы абавязкова стараецеся прысутнічаць, калі віншуюць вашых работ­нікаў, і ўвогуле вельмі станоўча адгукаецеся пра свой калектыў і людзей. Гэта ваша прынцыповая пазіцыя ці штосьці іншае?

– Паважлівыя адносіны да любога чалавека з дзяцінства закладзены бацькамі. Я з простай сям’і: мама фармацэўт, тата быў трактарыстам. Бабуля і дзядуля на ферме працавалі. Для мяне яны былі прыкладам ва ўзаемаадносінах з іншымі. 

Лічу, што дрэнных людзей не бывае, што кожнаму трэба даваць шанс. Сумесна з участковымі інспектарамі працуем над рэалізацыяй даручэння кіраўніка дзяржавы аб незанятых людзях у эканоміцы. На базе сельсавета і нашага КСУПа праходзяць пасяджэнні грамадскага пункта аховы прапарадку з прыцягненнем так званых дармаедаў. Канешне, прыходзіць розны кантынгент – і я прапаноўваю працоўныя месцы. З вопыту магу сказаць, што некаторыя сапраўды выпраўляцца і потым добра працуюць, а з лодарамі мы развітваемся раз і назаўсёды. Я звальняў людзей толькі пасля таго, як даваў ім шанс, але яны ім не скарысталіся. 

Цаню кожнага нашага ра­ботніка. За добрую працу стараюся заахвочваць матэрыяльна. Калі камусьці з нашых людзей патрэбна дапамога, стараюся не адмовіць… Кажуць, што добрае вяртаецца. (Усміхаецца.)

– Значыць, вы ліберальны кі­раўнік?

– Не зусім. На шыю мне дакладна ніхто не сядзе. Па характары я спакойны і ўраўнаважны, але заўсёды магу паставіць на месца. Так, стараюся быць адкрытым да людзей, але я за справядлівасць: зарплату трэба зарабляць. Мне здаецца, у майго старэйшага калегі, дырэктара КСУП «Гудагай» Эдуарда Іванавіча Садоўскага, падобная палітыка. Як чалавек і кіраўнік ён лагодны, але не пераносіць лайдацтва і ляноты. Мне імпануе, што ён за руку вітаецца з рабочымі  і цікавіцца, як праходзіць іх дзень. Так і павінна быць. Калі ты павернуты да сваіх працаўнікоў – яны да цябе таксама. А з паспяховых людзей, на мой погляд, варта браць з прыклад. 

– А вы лічыце сябе паспяховым?

– Адназначна не. Кіраўнік гас­па­даркі, дзе я раней працаваў галоў­ным спецыялістам, ву­чыў мяне: «Калі ў цябе ўсё ат­рым­ліваецца і ты ўсё зрабіў ідэаль­на, на работу можаш не хадзіць». (Усміхаецца.) Мне пакуль да гэтага далёка. Думаю, што пра поспех можна будзе гаварыць, калі спакойна змагу пайсці ў адпачынак ці паехаць у камандзіроўку і пакінуць гаспадарку на спецыялістаў. З імі мы пастаянна на тэлефоне. Я, канешне, давяраю сваім людзям, але перажываю за гаспадарку. 

– Кім у будучыні бачыў сябе маленькі Вадзім? І чаму абралі менавіта інжынерыю?

– Мы, дзеці 80-90 гадоў, як правіла гадаваліся ў звычайных і небагатых сем’ях. Важны і значны ўплыў на маё далейшае жыццё аказаў адзін падарунак, які атрымаў у маленстве, – металічны канструктар. З яго я збіраў усё, што ўяўляў. Пазней стаў займацца электронікай. У падлеткавым узросце пачаліся веласіпеды, потым – матацыклы, машыны. Усё, што ў мяне было, я заўсёды рамантаваў сваімі рукамі. Каб вы разумелі, наколькі моцнае гэта захапленне, скажу, што ледзь не начаваў у гаражы. У мяне было дакладнае ўсведамленне, што я хачу займацца толькі тэхнікай. Бацькі падтрымалі мой выбар. Спачатку адвучыўся на механіка ў Гродзенскім прафесійна-тэх­ніч­ным каледжы, а потым атры­маў вышэйшую адукацыю ў Баранавіцкім дзяржаўным уні­версітэце. Лічу, што ў інжынера развіта не толькі ўяўленне, але і логіка, ёсць здольнасць да сістэ­матызацыі матэрыялу. Дарэчы, у перакладзе са старажытнагрэчаскай «інжынер» азначае «здольны вынайсці і прыдумаць». 

– Ці валодаеце вы гэтымі якас­цямі і як яны вам дапамагаюць у рабоце? Мне здаецца, што кіраўнік гаспадаркі – гэта і эканаміст, і інжынер, і аграном, і ветурач, і заатэхнік – усё ў адной асобе… 

– Яшчэ да вучобы ў мяне сфар­міравалася інжынернае мысленне. Так, кіраўнік прадпрыемства павінен быць дасведчаным ва ўсіх сельскагаспадарчых пытаннях. Паўтаруся, добрую школу атрымаў на папярэднім месцы работы. Калі прапанавалі ўзначаліць КСУП «Міхалішкі», вагаўся, але падтрымала жонка.

Сказала: калі ты сабраўся – значыць, спрабуй, усё абавязкова атрымаецца. Яна цудоўна разумее спецыфіку маёй работы: што трэба затрымацца дапазна ці працаваць у выхадны – і адэкватна да гэтага ставіцца. Магчыма, таму што сама працуе ў сельскай гаспадарцы: яна галоўны бухгалтар у КСУП «Сінькі» Смаргонскага раёна. Я не асабліва люблю з кімсьці раіцца, але гэта не тычыцца маёй другой палавінкі. 

– Раскажыце пра сваю сям’ю.

– З Валерыяй гадуем двух сы­ноў. Цімафей выпускнік дзіця­чага садка, а Ігнат скончыў 2 клас. Зразумела, што ўні­вер­саль­ных сакрэтаў выхавання няма, але, мне здаецца, сучасныя дзеці больш хатнія, непрыстасаваныя да жыцця, не такія, як мы ў свой час былі ў іх узросце. Я разумею, што ў гэтым вінаваты мы самі, бацькі, са сваёй празмернай гіперапекай. Дзецям, напэўна, трэба даваць больш свабоды і займаць іх вольны час. Старэйшага сына спецыяльна аддалі ў спартыўную школу на секцыю футбола. Абодвум купілі веласіпеды, каб была фізічная нагрузка. 

– Якую самую каштоўную параду і ад каго вы атрымалі ў жыцці?

– Прыгадаю, напэўна, не параду, а выпадак з дзяцінства. У мяне парваўся сандалік і бабуля хацела яго занесці да суседа, каб той падшыў. Дзядуля, які ляжаў пасля хваробы, спыніў яе словамі: «Пакуль я ёсць на гэтым свеце, мой унук ні да каго звяртацца не будзе». Пра што я? У гэтым свеце трэба разлічваць толькі на сябе, цаніць сям’ю і блізкіх, па вялікім рахунку, нікому, акрамя іх, мы не патрэбны. 

– Што робіць шчаслівым Ва­дзіма Саковіча?

– Першае – гэта ўсмешка маіх жонкі і сыноў. Другое – гэта ўсведамленне таго, што мая работа прыносіць камусьці карысць, радасць, што нашы работнікі могуць з упэўненасцю глядзець у заўтрашні дзень.

– Дзякуй вялікі за шчырую размову!

P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што КСУП Міхалішкі стаў лепшым па вытворчасці малака ў 1-м квартале – яго дырэктара ўзнагародзілі дыпломам.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич