200 баллов по ЦЭ и жизненные приоритеты Марата Яхимовича
14:00 / 28.06.2025
Прапануем пазнаёміцца з гэтым маладым чалавекам, светам яго захапленняў і сакрэтам 100-працэнтнага поспеху.
Замест візітоўкі
- Марат Яхімовіч жыве ў Астраўцы.
- Скончыў гарадскую СШ №2.
- У спісе любімых прадметаў: матэматыка, гісторыя і фізічная культура.
- Капітан школьнай інтэлектуальнай каманды.
- Мае 2-гі юнацкі разрад па грэка-рымскай барацьбе.
- Валанцёр, актывіст БРСМ.
Жыве такі хлопец
– Калі гаварыць пра інтарэсы, як дзіцяці, падлетку знайсці сябе?– Тут, здаецца, усё проста: шукаць. (Усміхаецца.) Маю на ўвазе, цікавіцца, спрабаваць, не баючыся, што не атрымаецца.
Я, да прыкладу, творчасцю займаўся – не пайшло. І на грэка-рымскую барацьбу ў ДЮСШАР хадзіў, паказваў добрыя вынікі, нават атрымаў разрад… А потым вырашыў: не хачу – і звёў гэта захапленне ў разрад падтрымання фізічнай формы ў трэнажорнай зале. Дарэчы, заняткі спортам як мінімум вучаць самадысцыпліне, умацоўваюць цела і сілу волі – гэта карысна для маладога чалавека.
– Сапраўды. Вучыўся ў 7-м класе, калі настаўнік гісторыі Павел Яўгенавіч Маркун стварыў нашу каманду, і цягам усіх чатырох гадоў я з задавальненнем наведваў і трэніроўкі, і самі гульні. Гэта цікавы актыўны адпачынак, своеасаблівая зарадка для мозгу, трэніроўка памяці, развіццё логікі і карысны вопыт работы.
– Гэта залежыць ад таго, чаго чалавек чакае ад яе. Што тычыцца мяне, то дыпломы і падарункі расцэньваю як прыемныя бонусы.
– Адно з захапленняў хочаш зрабіць прафесіяй. Якое?
– Падабаецца праграміраванне. Спадзяюся, што паступлю на абраную спецыяльнасць і стану запатрабаваным прафесіяналам.
Ужо такія-сякія праграмы пішу. Цікавіцца гэтым накірункам пачаў даволі даўно, дзесьці ў класе 4-м. Знаходзіў у інтэрнэце адукацыйныя відэа, глядзеў, разбіраўся. Упэўнены, калі ёсць зацікаўленасць, азы праграміравання самастойна дакладна вывучыш – ролікаў, дзе ўсё па палічках раскладзена, на «Ютубе» шмат.
– Ці ёсць у цябе жыццёвае крэда?
– Не назваў бы гэта крэда, хутчэй правілам: калі за штосьці ўзяўся, то трэба зрабіць добра. Таму перш, чым прыняць прапанову, напрыклад, паўдзельнічаць у алімпіядзе, ацэньваў свае магчымасці – калі разумеў, што дастойна прадстаўлю сябе і ўстанову, згаджаўся.
– Пра што марыў першакласнік Марат і пра што марыць выпускнік?
– Ідучы ў першы клас, хацеў хутчэй вырасці і скончыць школу. А ў адзінаццатым гэта жаданне чамусьці знікла. (Смяецца.)
Пра вучобу і сто балаў
– Набраць 100 балаў па двух ЦЭ – для цябе гэта перамога альбо вынік стараннай працы?– У першую чаргу гэта паказчык маіх ведаў па прадметах і яшчэ прыемны бонус за старанні. Цікавае супадзенне: першы вучэбны поспех я святкаваў у 3-м класе: у раённай алімпіядзе па матэматыцы заняў 1-е месца, і першая перамога на ЦЭ таксама матэматычная.
– Пры ўсім гэтым ты нават не выдатнік, хаця патэнцыял маеш высокі. Чаму так?
– 9-ты і 10-ты класы, напрыклад, скончыў на выдатна. У 8-м класе, здаецца, меў дзве ці тры «васьмёркі». Прызнацца, ніколі дамашнія заданні рабіць не любіў, але лічыў гэта сваім вучнёўскім абавязкам, таму сядзеў і пісаў-рашаў-вучыў старанна. І мэты быць выдатнікам не ставіў, таму з-за адзнак не расстройваўся: ці ж «васьмёрка» – дрэнна? (Смяецца.) Напэўна, такое стаўленне і дапамагло мне сёлета зрабіць правільны выбар.
– Так, у гэтым годзе стаць выдатнікам не дала адна «васьмёрка». На тое была прычына: стаяў перад выбарам: «націснуць» на біялогію, каб падцягнуць веды і суадносна павысіць бал па гэтым прадмеце, альбо засяродзіцца на матэматыцы, якая мне патрэбна для паступлення. Аддаў перавагу другому. Як бачыце, не прагадаў. (Усміхаецца.) У мяне ж матэматычны склад розуму: я проста пралічыў варыянты і выбраў найбольш выігрышны.
– Тры-чатыры разы на тыдзень інтэнсіўна штудзіраваў экзаменацыйныя прадметы: з рэпетытарамі, самастойна, адукацыйныя відэа з разборам заданняў глядзеў на «Ютуб». Да здачы іспытаў стаў рыхтавацца з пачатку 11-га класа – часу хапіла, каб падцягнуць і сістэматызаваць веды. Не адсоўваў на апошні план астатнія школьныя прадметы – бал атэстата мае значэнне.
І адпачынак. Пераключацца важна. Каб зняць разумовае напружанне, прагуляцца, заняцца любімай справай, схадзіць у спартыўную залу – варыянтаў можа быць многа.
– Ты чалавек ураўнаважаны, спакойны, прагматычны. Гэтыя якасці характару дапамагаюць трымаць галаву халоднай у сітуацыях «Х»?
– Панікаваць дакладна не даюць, але гэта не азначае, што я зусім не хвалююся. (Усміхаецца.) Узяць хаця б вынікі ЦЭ: калі даведаўся пра іх, адчуў палёгку – чаканне трымала ў псіхалагічным напружанні, хоць па мне і не відалася. Быў упэўнены: заданні выканаў без памылак, а за правільнасць афармлення крыху перажываў.
А вось перад экзаменам і падчас яго быў спакойны: выспаўся, прыбыў да месца правядзення, а там ужо і не да перажыванняў ды эмоцый – рашаць трэба было. (Смяецца.)
Думкі ўслых
Зрабіць штосьці карыснае для роднай зямлі можа нават падлетак…Напрыклад, удала выступіць на спаборніцтве альбо дапамагчы ў добраўпарадкаванні горада. У маладога чалавека краіна ўкладае шмат – аддача за гэты клопат павінна быць. Жыццё па прынцыпе «мне ўсе абавязаны» зводзіць асобу да дэградацыі.
Рызыка – справа, кажуць, высакародная.
Але я, калі абставіны дазваляюць, стараюся не рызыкаваць – лепш упэўнена крочыць, чым нервова чакаць выніку.
Поспех немагчымы без працы – у першую чаргу ўласнай, калі гэта каманда, то тут яшчэ трэба мець талковага лідара, які зможа граматна арганізаваць работу.
Перашкода на шляху – гэта ўсяго толькі перашкода, яе заўсёды можна пераадолець – было б жаданне. А памылкі – не прычына для засмучэнняў, а ўсяго толькі навука, як рабіць не трэба.
Слова бацькам
Вольга Яхімовіч, маці Марата:– Прыемна, што сын паказаў такі высокі вынік на экзаменах, прычым ён лепшы ў раёне. Здавалася, сэрца вырвецца з грудзей ад шчасця і гонару за сваё дзіця, калі даведвалася пра Маратавы 100 балаў.
Сыну ўсяго 16, а ён ужо сапраўдны мужчына: сумленны, самадастатковы, мае пачуццё ўласнай годнасці. У школьным журнале ў яго не было ніводнай адзнакі, за якую нам з мужам было б сорамна альбо якая была б незаслужанай. Дарэчы, за яго атэстат з адзінай «васьмёркай» я ганаруся нашмат больш, чым за свой школьны залаты медаль. Лічу, што Марат даказаў і сабе, і астатнім: галоўнае – веды, а не адзнакі і медалі.
З высокім вынікам па ЦЭ Марата віншавалі не толькі родныя, блізкія, настаўнікі і кіраўніцтва раёна: юнак атрымаў Падзячны ліст ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігара Шалудзіна – падобныя ўручылі ўсім стобальнікам Астравеччыны. Радуе, што такія мэтанакіраваныя, любячыя свой край маладыя людзі жывуць на нашай зямлі, славячы сваімі справамі і выдатнымі ведамі і малую радзіму – і гэтым робяць унёсак у будучыню Беларусі.
* Праект выдадзены за кошт сродкаў мэтавага збору па стварэнні нацыянальнага кантэнту