Ресурсный логопедический центр работает в островецкой СШ №2

11:00 / 24.06.2025
Рэсурсны лагапедычны цэнтр «Спецыяльная тэрыторыя развіцця маўлення» працуе ў астравецкай СШ №2. Што ён уяўляе, для чаго створаны і хто можа карыстацца яго паслугамі – расказваем у матэрыяле.

Для даведкі

  • Кіраўнік рэсурснага цэнтра: настаўнік-дэфектолаг Наталля Дземяшкевіч;
  • Мэтавая аўдыторыя: лагапеды, дэфектолагі, настаўнікі пачатковых класаў, бацькі выхаванцаў;
  • Аб’ект увагі: дзіця.

Школа маладога спецыяліста

Аб’яднанне наведваюць не толь­кі маладыя настаўнікі, ня­даў­нія студэнты, але і педагогі, якія прайшлі перападрыхтоўку і робяць першыя крокі ў новым пра­фе­сійным накірунку.

– Працуем, зыходзячы з тэм, якія хвалююць педагогаў: арыентуюся на запыты ўдзельнікаў, кіруюся ўласным вопытам – хоць прайшло шмат часу, а помню цяжкасці, з якімі давялося сутыкнуцца па першым часе, – усміхаецца настаўнік. – Вучымся афармленню дакументацыі, планаванню і правядзенню карэкцыйных заняткаў, абследаванню навучэнцаў; папярэджваем магчымыя памылкі, разбіраем розныя выпадкі…

Наталля зазначае, што заняткі з маладымі калегамі праходзяць у актыўным дыялогу – гэта яе радуе, бо пасіўны слухач карысці не атрымае. 

Блог

У сваім блогу Наталля змяшчае напрацоўкі па карэкцыі маўлення. Імі могуць карыстацца ўсе заці­каў­леныя: і настаўнікі, і бацькі вучняў.

– Шмат нагляднага матэрыялу раблю сама – гэта тое, чаго мне не хапае для работы. Так, сёння штосьці знайсці не складае праблемы, але зручней зрабіць такія дапаможнікі, з якімі выхаванцам будзе цікавей працаваць, – тлумачыць педагог.

Паколькі навучанне ідзе па аўтарскіх распрацоўках, то і дамашнія заданні дзецям таксама з падручніка настаўнік не дае – кожнаму асобнае змяшчае ў сшыткі.

– Такім чынам у выхаванца фарміруецца індывідуальны трэнажор, гартаючы які, ён замацоўвае пройдзены матэрыял, – зазначае Наталля.

Не абмінае ўвагай настаўнік і інфармацыйныя тэхналогіі – куды ж без камп’ютарных гуль­няў-трэ­нажораў. Дарэчы, яны таксама аўтарскія. 


– Зрабіла шмат дапаможнікаў па пастаноўцы гукаў, карэкцыі дысграфіі. Мае распрацоўкі прайшлі апрабацыю – паспяхова вы­ка­рыстоўваю іх на за­нят­ках. Арты­куляцыйная гім­нас­тыка, заданні для дыстанцый­нага навучання, флэш-гульні, інтэ­рак­тыў­ныя практыкаванні, матэрыя­лы па аўтаматызацыі розных гу­каў, рэ­ка­мендацыі, лагапедычны слоў­нік для бацькоў і іншыя зак­лад­кі – усё гэта можна знайсці ў маім блогу, – расказвае кіраўнік рэ­сурснага цэнтра. – Дыдактычны ма­тэрыял размяшчаю і на сваёй старонцы на інтэрнэт-платформе «Пінтэрэст». 

Іван Палугадкоў, выхаванец:



– Год як займаюся ў Наталлі Мар’янаўны: вучуся гаварыць правільна. Цяжэй за ўсё з гукам «р», а вось «л» і «ш» ужо атрымліваюцца. Калі робіш спецыяльныя практыкаванні, ведаеш, як трэба язык ставіць, і вы­кон­ваеш усе да­маш­нія за­дан­ні, то навучышся з гукамі сяб­раваць. Гэта ўсё і складана, і цікава ад­на­ча­со­ва. 

За добра выкананае заданне ў сшытку настаўнік піша «малайчына» – гэта як «дзясятка», а калі добра працаваў на ўроку, то і «зорачку» атрымаеш. У мяне такіх адзнак шмат, бо старанны.

Асвета

Яшчэ адзін накірунак работы цэнтра – лагапедычная асвета. 

– У першую чаргу гэта тычыцца бацькоў. Калі дзіцяці выстаўляюць маўленчае парушэнне, у некаторых страх выклікае ўжо сама наз­ва, і яны пачынаюць «накручваць» сябе. Не дзіўна, бо невядомае палохае. Тлумачу простай мовай, што ўяўляе з сябе парушэнне; расказваю, як будзем працаваць – ад падтрымкі мам і тат, у тым ліку выканання з дзіцям дамашніх заданняў, залежыць эфектыўнасць карэкцыі, – гаворыць Наталля.

Настаўнікі пачатковых класаў таксама павінны ведаць пра асаблівасці работы з нашымі падапечнымі. Дзіця, у якога ёсць маўленчае парушэнне, адчувае дыскамфорт, яго самаацэнка зні­жаецца, як і цікавасць да вучобы. У цэнтры пракансультуюць, як працаваць з такімі вучнямі і на якія ўнутраныя рэсурсы выхаванцаў трэба абапірацца, каб навучанне было паспяховым.

– Расказваем пра прычыны парушэнняў маўлення; вучым, як адрозніць, да прыкладу, звычайную апіску ад дысграфіі альбо памылку ў вылічэннях ад дыскалькуліі; даём рэкамендацыі па развіцці фанематычнага ўспрыяцця, гукалітарнага аналізу і сінтэзу. І гэтак далей – тэм шмат, – прыводзіць прыклады настаўнік-дэфектолаг.

Наталля Дземяшкевіч, кіраўнік рэсурснага цэнтра:

– Галоўная задача нашага цэнт­ра – распаўсюдзіць эфектыўны вопыт работы. Усё, што мы робім, чаму вучым, аб чым расказваем, у канчатковым выніку павінна дапамагчы дзіцяці. У тандэме з настаўнікамі і бацькамі выхаванцаў, канешне, эфект будзе большы і хутчэйшы. 

А ведаеце, якая самая вялікая радасць для спецыяліста майго профілю? Чуць вынікі працы. Неяк прыйшла на ранішнік, а там вядучы – хлопчык, ды так прыгожа гаворыць! А некалі гэтае дзіця займалася ў мяне – шмат гукаў давялося яму «ставіць». 

Меркаванне

Вікторыя Каралёва, вы­пуск­ніца школы маладога спе­цыя­ліс­та:


– Такая форма падтрымкі педагогаў, якія толькі пачынаюць рабіць крокі ў прафесію, неацэнная. Пасля ўніверсітэта мы прыходзім добра адукаваныя тэарэтычна, ведаем, як сістэма павінна працаваць у ідэале, а на практыцы так не атрымліваецца. Таму прафесійныя падказкі вопытных калег вельмі дарэчы. У школе маладога спецыяліста абмяркоўваем турбуючыя пытанні, кіраўнік дае карысныя падказкі, дзеліцца напрацоўкамі, праводзіць майстар-класы па пастаноўцы гукаў, паказваючы рэальную работу з дзецьмі. 

Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо, из архива центра