У рэспубліканскім балі выпускнікоў вну прымае ўдзел астраўчанін Мікалай Севасцьян

15:25 / 20.06.2025

У сённяшнім рэспубліканскім свяце выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў прымае ўдзел астраўчанін Мікалай Севасцьян. У 2019 годзе юнак закончыў гімназію №1 г.Астраўца, сёння ён – выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Напярэдадні свята мы адарвалі Мікалая ад прыемных клопатаў і задалі некалькі пытанняў.

– Мікалай, за якія заслугі вас дэлегіравалі прадстаўляць адну з самых прэстыжных вну краіны на свяце самых актыўных, таленавітых, крэатыўных выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў?

– Думаю, што па сукупнасці многіх фактараў. Найперш – за актыўную навуковую дзейнасць. Пачынаючы з другога курса, пісаў навуковыя работы па педыятрыі, якія публікаваліся ў нашай краіне і за мяжой. У 2023 годзе ўдзельнічаў у ІV Маскоўскім педыятрычным форуме, выступаў з дакладам. Летась прызнаны пераможцам рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў, уключаны ў банк адоранай моладзі краіны. Ну і ў спартыўным жыцці ўніверсітэта прымаў удзел. Усё гэта, напэўна, і адыграла сваю ролю.

С министром образования Андреем Иванцом

З міністрам адукацыі Андрэем Іванцом

– Вы ўжо ведаеце, дзе і на якім рабочым месцы пачнецца ваша працоўная дзейнасць?

– Так. 1 жніўня я прыйду на работу ў Мінскую абласную дзіцячую бальніцу анестэзіёлагам.

– Хвалюецеся?

– Ёсць такое… Буду набірацца вопыту ў калег – спадзяюся, што ў калектыве, дзе пройдзе інтэрнатура, паставяцца з разуменнем да маладых спецыялістаў, дапамогуць і падкажуць.


– Чаму выбралі менавіта гэтую спецыялізацыю?

– За час вучобы ва ўніверсітэце паспрабаваў многае – тэрапію, хірургію… Зразумеў, што хачу быць у аперацыйнай – але не хірургам. Анестэзіёлаг, рэаніматолаг – гэта тое, што падабаецца найбольш. Урачы анестэзіёлагі-рэаніматолагі, што працуюць у Гродзенскай абласной дзіцячай бальніцы, прафесіяналы і проста людзі высокіх душэўных якасцей, пераканалі нас на сваім прыкладзе: гэта тое, да чаго варта імкнуцца. Да таго ж бацька і стрыечны брат рэаніматолагі, падкажуць, параяць у выпадку чаго.

А педыятрыя гэта, лічу, самае важнае і высакароднае, што ёсць у медыцыне.

Выступленне на Маскоўскім педыятрычным форуме

Выступленне на Маскоўскім педыятрычным форуме 

– З якім настроем едзеце на баль выпускнікоў?

– З цудоўным! Цікава пазнаёміцца з іншымі аднагодкамі, пастасавацца з добрымі знаёмымі – некаторыя мае сябры таксама запрошаны на баль – і знайсці новых. Вельмі хацелася б паслухаць мудрыя наказы кіраўніка дзяржавы. Ды і ўвогуле прыемна і весела адпачыць!

–Таго вам і жадаем! І спадзяёмся, што вы падзеліцеся ўражаннямі пасля балю.

– З задавальненнем!

Текст: Нина Рыбик
Фото: из архива героя