Касавіца ў Астравецкім саўгасе «Падольскі»
13:00 / 18.06.2025
На зялёным жніве ў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» пабываў карэспандэнт «раёнкі». Зазначу, што зрабіць паўнавартасны рэпартаж не даволіў праліўны дождж. Тым не менш, пагутарылі з механізатарамі, занятымі на касьбе, здрабненні і падборы травы і яе трамбоўцы.
У саўгасе запланавана скасіць 2 067 гектараў. Задачу аграрыі саўгаса выканалі на 76%. Па папярэдніх разліках, на зімне-стойлавы перыяд трэба назапасіць 500 тон сена, 17 500 – сенажу і 33 500 – сіласу. Хоць стаўку звычайна робяць на першы ўкос (лічыцца, што падчас яго можна нарыхтаваць да 65% сенажу), тут плануюць «зняць» нядрэнны другі ўкос, балазе, пасля падкормкі мінеральнымі ўгнаеннямі і дажджоў атава не прымусіць сябе чакаць.
У залежнасці ад запланаваных на дзень аб’ёмаў работы працуюць 4 касілкі, з якіх 2 – модульныя КМР з 9-метровым захопам; граблі; 2-3 кормаўборачныя камбайны і некалькі адзінак на адвозе травы. Акрамя гэтага, адзін комплекс задзейнічалі для нарыхтоўкі «зялёнкі» для жывёлы на комплексах і фермах.
Трывалая кармавая база – аснова вытворчасці малака. Хоць гэтая прапісная ісціна вядома даўно, тым не менш даведаліся некаторыя паказчыкі ў эканамістаў. З пачатку года надой ад каровы склаў 3 414 кілаграмаў малака, а гэта больш амаль на 188 кілаграмаў да адпаведнага перыяду 2024-га. Каб утрымаць такую дынаміку, саўгасным аграрыям сёлета трэба добра папрацаваць, назапасіўшы кармоў для 5 066 галоў, з якіх 1 600 – дойныя каровы.
Касец
Валерый ЖэгарысІмя гэтага механізатара добра вядома ў раёне. У мінулыя сезоны ён святкаваў перамогу ў працоўных конкурсах падчас сяўбы збожжавых і касавіцы, якія традыцыйна праводзіць райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. А ў 2023 годзе мужчыну прызналі лепшым касцом Прынёмання.
Харызматычны і аптымістычны па натуры механізатар здымае і выкладвае невялікія відэа пра свае працоўныя будні, а таксама ўпрыгожвае рознымі надпісамі трактар «Беларус», які хораша называе любімай трыццаткай.
Камбайнер
Альберт КапустаМалады трактарыст сваёй «гадоўлі» з Падольцаў. Хоць у саўгасе ён працуе першы год, майстэрства ў механізатарскай справе яму не займаць. Падчас вучобы ў Бярэзінскім аграрна-тэхналагічным каледжы штолета дапамагаў бацьку на ўборцы збожжавых.
Трамбоўшчык
Алег ЯблонскіКалі прыехала ў гаспадарку, вялася закладка тэхналагічнай ёмістасці ля фермы ў Кемелішках. Прыкмеціла, што ўсё тут зроблена па рэгламенце: траншэя вычышчана і пабелена, укрыта замацаванай плёнкай цёмнага колеру, перад уездам высцелена саламяная падушка.
Кампетэнтна
Андрэй Скурат, намеснік дырэктара па вытворчасці:– Веснавыя прымаразкі негатыўна адбіліся як на тэрмінах першага ўкосу, так і на ўраджайнасці траў. Наша задача – хутчэй завяршыць першы ўкос, «зняць» паўнавартасны другі, магчыма, і наступныя. Мінеральныя ўгнаенні і ўсё неабходнае для гэтага ёсць. Занятыя на корманарыхтоўцы людзі забяспечаны гарачым харчаваннем.