Как зарабатывают на карманные расходы подростки и студенты
12:00 / 17.06.2025
Грыбы-ягады
Аліна Субаткевіч, 17 гадоў:
– З дзяцінства ездзіла з мамай і татам у ягады ды грыбы – дапамагаючы бацькам, вучылася збіраць і такім чынам зарабляць. Лішкі заўсёды здавалі, я таксама атрымлівала «капейку» за сваю працу.
Ад першага заробку пазбавілася вельмі хутка – атаварылася ў прадуктовым магазіне «смачняшкамі». (Усміхаецца.)
Самай дарагой пакупкай была музычная калонка – на яе давялося адкладваць. Былі і сумесныя з бацькамі пакупкі, напрыклад, калі збіралі мяне ў школу: на некаторыя рэчы я дакладвала свае грошы – няхай і часткова, але гэта такая прыемная самастойнасць.
Па шчырасці, трымацель грошай з мяне такі сабе – часам цяжка не спакусіцца, каб ад заробленага не пазбавіцца. Але на гэтым асабліва не зацыкліваюся, бо бацькоў сваімі «хацелкамі» не турбую: сама зарабіла – сама распусціла. (Усміхаецца.)
Такія летнія заробкі для мяне – добры вопыт, які дапамагае адчуць кошт працы, а таксама самазадавальненне, маўляў, трэба – зараблю.
Паступлю вучыцца, і праз семестр-другі, калі будзе выпадаць вольны час, знайду падпрацоўку. Вядома, бацькі будуць падтрымліваць матэрыяльна, але ж грошы лішнімі не бываюць.
Упэўнена на ўсе 100%: той, хто па-сапраўднаму папрацаваў і зарабіў сваю «капейку», зрабіў маленькі крок да дарослага жыцця – паспрабаваў смак гэтай самастойнасці.
Студатрад для школьніка
Арына Байдун, 15 гадоў:
У мінулым годзе чысцілі плітку ад моху ў дварах шматпавярховак і ля іх. Акрамя рабочага інструмента, і спецадзенне выдавалі. Занятак няцяжкі, але патрабуе цярпення і ўседлівасці. Каб крыху разнастаіць працэс і спіну разагнуць, чаргавалі абавязкі: адзін падымаў мох, другі прыбіраў яго, трэці выносіў. Селёта таксама будзем наводзіць чысціню ў горадзе.
Калі першы раз запісвалася ў студатрад, мэтай мела зарабіць на кішэнныя расходы. Хоць бацькі заўсёды выдзяляюць мне грошы, але ж хацелася па-сапраўднаму сваёй «капейкі». У выніку атрыманыя 360 рублёў не распусціла – пачала збіраць грошы і ў гэтым годзе купіла новы тэлефон. Селёта, магчыма, заробленае пойдзе на пакупку касметыкі ці з адзення што выберу – пагляджу. (Усміхаецца.)
У гэтым годзе выбрана камісарам студатрада СШ №2, таму ад маіх арганізатарскіх здольнасцей таксама будуць залежыць і якасць работы, і агульны настрой. Лічу, што ў лідара 2 функцыі: правільна размеркаваць абавязкі і падаць прыклад, тады справа будзе спорыцца.
Студатрад – гэта не толькі заробак, а работа ў суполцы – калі ўсе і разам. Тут і адказнасць падвоеная: за сябе і за каманду, асабліва калі ты за старшага.
Студатрад для студэнта
Аляксей Кушлевіч, 19 гадоў:
Вучуся на 2-м курсе ў БДТУ і ўжо другі год запар запісваюся ў студэнцкі атрад. У першую чаргу, гэта дае прывілеі засялення ў інтэрнат.
Студатрадаўцы ў нас здаюць сесію датэрмінова, таму што на экзаменацыйны перыяд выпадае работа. Як і ў мінулым годзе, сёлета працую ўпакоўшчыкам марожанага 3-га разраду на Мінскім холадакамбінаце №2 (па-просту – фабрыцы марожанага). Змены 8-гадзінныя, першая пачынаецца ў 7.00. У вытворчым звяне па 3-4 работнікі, акрамя майстра. Займаемся выкладкай марожанага на канвеер, укладкай яго ў каробкі, упакоўкай.
Для мяне работа ў студатрадзе – гэта як добрая магчымасць не прасіць грошай у бацькоў. І, што важна, «пропуск» на засяленне ў інтэрнат пасля заканчэння 1-га курса, што выходзіць нашмат танней, чым здымаць жыллё.
Вытворчая брыгада
Назар Ярмак, 14 гадоў:
Нічога асаблівага тут не патрабуецца: даглядаць за школьным садам і агародам і займацца дробным рамонтам вучнёўскай мэблі. У прынцыпе, амаль такія ж абавязкі, як і дома, – толькі што з мэбляй не працаваў. (Задумваецца.) Хаця з інструментам знаёмы: тата навучыў з ім абыходзіцца, яму ў мужчынскай рабоце дапамагаю.
Вытворчая брыгада працуе 9 дзён – больш за 200 рублёў заплацяць. Гэта будзе мой першы сапраўдны заробак!
Па працягласці рабочы дзень у нас меншы, чым у дарослых, бо яшчэ падлеткі. А вось уладкаванне на работу і працоўныя кніжкі – усё сур’ёзна. Калі падпісваў дагавор, адразу нейкае пачуццё самастойнасці ўзнікла.
Пайшоў у вытворчую брыгаду, бо гэта наблізіць мяне да здзяйснення мары, якая каштуе нятанна: хачу купіць матацыкл – грошы на яго збіраю.
Працатэрапія патрэбна
Алена Васільчык, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, дэпутат Астравецкага раённага Савета дэпутатаў:
Як дэпутата мяне радуе імкненне моладзі быць занятымі карыснымі справамі, працаваць. Так, колькасць жадаючых запісацца ў вытворчыя брыгады і студатрады з кожным годам павялічваецца. У студэнтаў больш перспектыў, яны могуць уладкавацца на часовую занятасць, на час працоўных адпачынкаў – напрыклад, у дзіцячых садках падмяняюць выхавальнікаў.
Да слова, школьніцай я таксама зарабляла грошы. Першую «капейку» атрымала за сельгасработы: ездзілі ў калгас на бульбакапанне па 2 месяцы запар. І летам у Астраўцы можна было знайсці падпрацоўку, напрыклад, уладкавацца прадаўцом піражкоў ці марожанага – такія вулічныя кропкі гандлю былі ў пачатку 1990-х. Мы маглі пайсці і ў якасці памагатых у арганізацыі, дзе працавалі бацькі. Так у 16 гадоў падчас летніх канікул я трапіла ў мальскі цэх, дзе працавала маці, – там выраблялі дэталі да гадзіннікаў. Гэта было афіцыйнае ўладкаванне, як і цяпер, для непаўналетніх прадугледжваўся скарочаны работы дзень. За месяц работы атрымала дзесьці 70 рублёў і аддала ўсе бацькам – гэта быў мой унёсак у сямейны бюджэт. (Усміхаецца.)
* Праект выдадзены за кошт сродкаў мэтавага збору па стварэнні нацыянальнага кантэнту