Юныя сябры “раёнкі”: школьнікі Гудагайскай СШ пабывалі на экскурсіі ў рэдакцыі

15:23 / 06.06.2025

Даўно ўжо ў нас не было ў гасцях такіх дапытлівых разумных і зацікаўленых гасцей, як вучні малодшых класаў, наведвальнікі летніка з дзённым знаходжаннем Гудагайскай СШ. І сёння яны завіталі ў рэдакцыю газеты “Астравецкая праўда”.

Намеснік галоўнага рэдактара Вольга Хацяновіч правяла экскурсію, паказала “савіны куток” (калекцыя налічвае не адзін дзясятак “птушак” з розных краін свету) і музейную экспазіцыю з абсталяваннем, якое ў мінулым стагоддзі выкарыстоўвалі журналісты. У кабінеце галоўнага рэдактара дзеці ўбачылі і палічылі галоўныя журналісцкія ўзнагароды – “Залатыя Літары”, якіх у скарбонцы “раёнкі” 7.




Адказны сакратар Надзея Сівец паказала, як нараджаецца газета і на вачах школьнікаў зрабіла першую старонку “Астравецкай праўды” з іх агульным фотаздымкам.



З розных бакоў юныя госці абступілі карэктара Рыту Дрэму і з затоеных дыханнем слухалі, як адбываецца праўка памылак і які шлях робіць тэкст ад вычыткі да газетнай паласы.


Колькі часу займае напісанне артыкула; як прыдумваюцца загалоўкі; як журналісты шукаюць тэмы і герояў; колькі каштуе аб’ява ці віншаванне – гудагайскія школьнікі літаральна засыпалі супрацоўнікаў газеты пытаннямі. Верыцца, што пасля гэтай экскурсіі ў нас пабольшае падпісчыкаў і сяброў!

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич