Наши на «Белагро-2025»: чем удивила выставка работников совхоза «Подольский»
На працягу тыдня міжнародную спецыялізаваную выставу “Белагра-2025” наведалі тысячы чалавек. З якімі ўражаннямі ад гэтага маштабнага аграрнага форуму вярнуліся на радзіму работнікі РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”, даведаўся карэспандэнт “АП”.
Вікторыя Хвясечка, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце:
– З нашай гаспадаркі ездзіла 14 чалавек.
Упершыню была на гэтай выставе – уражана маштабамі і тым, якога ўзроўню дасягнуў наш айчынны аграпрамысловы комплекс. Флагманы беларускага машынабудавання прадставілі розныя мадэлі і мадыфікацыі сельгастэхнікі і абсталявання.
Зацікавіла выстава дасягненняў харчовай прамысловасці і кірмаш-продаж айчыннай прадукцыі. Немагчыма было абмінуць крэатыўна аформленых фотазон і лакацый – а іх зроблена безліч. Зазірнулі і ў “Рыбацкую вёску” Белвадгаса – такіх вялізных рыбін яшчэ не бачыла.
Наведалі з калегамі і на выставу да 80-годдзя Вялікай Перамогі.
Гражына Рабкоўская, начальнік малочна-таварнага комплексу “Падольцы”:
– Сёлета “Белагра-2025” юбілейны, магчыма пагэтаму выстава арганізавана ў такіх маштабах. Дарэчы, форум “пераехаў” з традыцыйнага месца правядзення – Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку ў выставачны цэнтр. Зімой была на падобным форуме ў Маскве, наш нічым не саступае: як і ў калег : усё на высокім узроўні. Парадавала, што можна было не толькі паглядзець, але і пастасавацца з прадстаўнікамі розных фірм. Мяне, напрыклад, цікавілі ветпрэпараты і медыкаменты для лячэння жывёлы. Асаблівае “ах” выклікалі быкі: прыгажуны ды і толькі. Нам бы такіх у гаспадарку!
Не магу не адзначыць артыстаў і гурты, якія на працягу дня стваралі для наведвальнікаў добры настрой.
Аляксандр Каверга, галоўны заатэхнік:
– Гэтая выстава (упершыню там быў) дала магчымасць на свае вочы пабачыць, чаго дасягнула наша краіна ў машынабудаванні, развіцці жывёлагадоўлі, раслінаводства і іншых галін. Ёсць чым ганарыцца!
На лакацыі Белфермы дэманстраваліся інавацыі ў жывёлагадоўлі – ад сістэм кіравання статкам да сучасных відаў кармоў; даільныя і малакоахалоджваючыя ўстаноўкі, кармушкі для жывёл, інкубатары – словам, паглядзець было на што.
Ацаніў і сучасныя энерганасычаныя агрэгаты і машыны – малайцы нашы вытворцы!
Фота з архіва ўдзельнікаў.