Самародкі Астравеччыны: як Баляслаў Вашкевіч тэхніку збірае

14:00 / 07.06.2025
Апантаныя людзі пра свае захапленні могуць расказваць гадзінамі, хоць спярша зазначаюць: ну і што тут такога – гэта ўсе ўмеюць. Можа, і ўмеюць, але не робяць. Менавіта так думаеш, гледзячы на тэхніку, якую «круціць» Баляслаў Вашкевіч з Кемелішак. Не толькі зрабіць, але прыдумаць – тая яшчэ справа, на якую здольны або сапраўдныя прафесіяналы, або самародкі.

Як непрыкметна кру­ціцца кола жыцця Баляслава Баляслававіча, так жа ў яго двары з’яўляецца зробленая рукамі гаспадара тэхніка. На гэтым трактарчыку ён гарод разворвае, з гэтым можна смецце прыбіраць, на тым трохколавым веласіпедзе ў магазін добра ездзіць, а на гэтым невялічкім мапедзе проста для душы пракаціцца – балазе, учас­так вялікі, дазваляе ра­загнацца…

– Мой прадзед быў кавалём, – расказвае жыхар Кемелішак. – Лічыўся спецыялістам на ўсю вёску. Мабыць, ад яго перадалася любоў да «жалеза». Я не лічу сябе такім «спецыялістам», хоць ужо 24 гады працую токарам у нашым саўгасе. А гэта значыць, што даводзіцца не толькі гайку якую вытачыць: увесь час нешта трэба рэстаўрыраваць, мадэрнізаваць, прыдумаць, як лепш зрабіць. Свае «машыны» ствараю больш для душы: падабаецца не толькі з тэхнікай калупацца – альтанку з дрэва сам зрабіў, аздобіў яе ў нацыянальным стылі…

Але найперш тэхніка. Веласіпеды, мапеды і трактарчыкі Вашкевіча не проста выставачныя экзэмп­ляры, хоць, успа­мінае Баляслаў Баля­сла­вавіч, вялі­кай папулярнасцю яны карысталіся падчас выставы да дня вёскі, арганізаванай у Ры­танскім сельскім клубе. Гэта адзіная ў сваім родзе паўна­вар­тасная тэхніка: зробленая рукамі майстра нават з бензапілы, яна едзе!


Як прычапіць да трактарчыка навясное абсталяванне, прымацаваць каробку перадач да трохколавага мапеда ці прыдумаць новамодны цяпер электрасамакат… «Лёгка!» – усміхаецца мужчына і працягвае:

– Хачу пасля сябе нешта цікавае пакінуць. Раблю з нуля: штосьці з запчастак прыкуплю, а сёе-тое ёсць яшчэ з «даўніх часоў», ды і знаёмыя прыносяць: можа, табе трэба? Некалькі такіх прынесеных рэчаў падарыў у рытанскі музей: аднарадную сеялку і акучнік – амерыканскай вытворчасці, дарэчы… Здзівіць чалавецтва хацеў яшчэ з дзяцінства: зрабіць бы нешта такое… Але хутка прыйшоў да высновы, што ўсё ўжо прыдумалі да мяне. Тады вырашыў: буду рабіць з таго, што ёсць, можа, усё ж здзіўлю. 

Першая пераробка тэх­нікі ў Вашкевіча была з «Усходу»: хлопцу мала было, што матацыкл, які яму купілі бацькі, ехаў. Ён выбраў кола, паставіў рэмень, што круціў пілу, – і такім лёгкім спосабам стаў пілаваць дровы… 

Цікаўлюся, што за надпіс «Ляля» выведзены на бартах? «Мой «брэнд»,  – усміхаецца мужчына.

А яшчэ Баляслаў Ваш­кевіч можа і з дрэва выразаць, і нават верш напісаць… Адным словам – самародак!

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович