Урачыста і па-хатняму ўтульна прайшло развітанне з пачатковай школай у Спондах
Па-святочнаму прыбраныя маленькія выпускнікі, знешне спакойныя, але ўзрушаныя ў душы бацькі і расчуленая настаўніца – урачыста і адначасова па-хатняму ўтульна прайшло ў Спондаўскай сярэдняй школе мерапрыемства для 4-класнікаў “Бывай, пачатковая школа!”
Чацвяракласнікі разам з настаўніцай Тэрэсай Юшчык падрыхтавалі цікавую праграму ў выглядзе тэлеперадачы. Юныя вядучыя па чарзе расказвалі пра насычанае жыццё свайго класа, час ад часу прапаноўваючы паглядзець відэарэпартажы. Тут былі ўспаміны з першага года навучання, будні і святы школьнага жыцця, а таксама інтэрв’ю з кожным вучнем.
Дарэчы, не толькі журналісцкія здольнасці дэманстравалі юныя выпускнікі. Напрыклад, мастацкія: трэба было бачыць, як з завязанымі вачыма яны па чарзе малявалі партрэт Тэрэсы Людвікаўны. Упэўнена, таму, што атрымалася ў выніку, пазайздросціў бы нават Малевіч. Не абышлося і без артыстычнага таленту: дзеці спявалі і чыталі вершы. А таксама творча дзякавалі настаўнікам Ніне Канчанін, Наталлі Васілеўскай і Бажэне Рагіні, якія выкладалі ў іх замежную мову, абслугоўваючую працу і музыку.
Гучала шмат добрых слоў у адрас педагогаў, бацькоў і дзяцей. Кранальным да слёз быў музычны сюрпрыз пачаткоўцаў для Тэрэсы Людвікаўны. “Учительница первоя моя…” – старанна спявалі дзеці, а яна ледзь стрымлівалася, каб не расплакацца.
Павіншавала дзяцей з заканчэннем пачатковай школы і выконваючая абавязкі дырэктара Юлія Чарняўская, якая ўручыла дыпломы выпускніка-пачаткоўца, а таксама граматы за актыўны ўдзел у жыцці класа і школы.
Вікторыя Пішчака, Арцём Жусін, Багдан Тарашкевіч, Арсень Шайкін, Паліна Янкойць, Кіра Заянкоўская і Сямён Вайткевіч (з-за хваробы не змог прыйсці) – вось імёны 4-класнікаў Спондаўскай СШ.
З першых вуснаў
Тэрэса Юшчык:
– Упэўнена, што ў маіх выхаванцаў усё будзе добра, бо яны разумныя, добрыя, спагадлівыя. Гэта дзякуючы бацькам, ад якіх на працягу ўсіх гадоў мела моцную падтрымку. Дзецям жадаю толькі аднаго: быць добрымі людзьмі. Люблю іх і ганаруся імі!