Наши дети: как меняются приоритеты и что считают самым важным в жизни

15:00 / 01.06.2025

Дзяцінства – самы цудоўны час, з аднаго боку, бесклапотны, з другога, насычаны на звычайныя жыццёвыя адкрыцці. Прапануем з дапамогай альхоўскіх школьнікаў паглядзець на свет вачыма дзяцей і даведацца пра іх жаданні, спадзяванні, прыярытэты. 

Нашы юныя сябры расказалі пра:
  • * галоўныя каштоўнасці;
  • * сяброўства;  
  • * мары; 
  • * інтарэсы;
Косця Ермаковіч, 9 гадоў


*Чалавек павінен цаніць сваё жыццё, якое немагчыма без дома, грошай, адукацыі – без прафесіі не зможаш працаваць. Для мяне самае галоўнае – бацькі, бо яны пра мяне клапоцяцца, да паўналецця я без іх нікуды. 

*Сяброўства – гэта калі ты разам гуляеш і маеш добрыя стасункі з іншымі людзьмі: не сварыцеся, не крыўдзіце адзін аднаго. Лепшыя сябры ў нас з’яўляюцца з маленькіх гадоў (3-4-х), пазнаёміліся ў дзіцячым садку – і разам усё жыццё. З часам такі чалавек стане табе як родны, і ўсімі сакрэцікамі з ім падзелішся, бо давяраеш. 
У мяне ўжо вымалёўваюцца такія сябры. З імі прыемна бавіць час, нам аднолькавыя гульні падабаюцца.
 
*Некаторыя нашы жаданні называюцца марамі – гэта калі ты доўга пра што-небудзь думаеш. 
Большасць дарослых хочуць добрую работу і мець шмат грошай, дзеці – «8», «9» і «10» у дзённіку. А я хачу, калі вырасту, здаць на правы і купіць машыну.
Калі нечага моцна хочацца, трэба марыць, пастаянна думаць і яшчэ глядзець на карцінку з яе выявай, уяўляючы, што хутка жаданае з’явіцца. Можна, канешне, паспрабаваць і самому ажыццявіць мару – тут шанс 50 на 50, а калі пашчасціць, то дапамогуць людзі, у якіх усё атрымліваецца паспяхова.

*Думаю, усе дзеці любяць гуляць: у даганялкі і катацца на веласіпедзе. А ўвогуле ў кожнага свой інтарэс, ад гэтага залежыць, колькі народу будзе гуляць разам з табой. Напрыклад, калі ў чалавека не атрымліваецца перамагчы, то занятак яму падабацца не будзе. Забаўкі прыдуманы для душы, каб весела праводзіць час. 

Косця Талуць, 15 гадоў

*У першую чаргу чалавек – дарослы ці маленькі – павінен цаніць сваю сям’ю, а ўжо другасныя каштоўнасці ў кожнага свае, тут усё залежыць ад жаданняў і інтарэсаў. Дзіця адчувае неабходнасць у бацьках на інтуітыўным узроўні, падрастаючы, мы пачынаем свядома цаніць іх клопат і любоў. 
Калі гаварыць пра мае прыярытэты, то пачатак ланцужка выглядае так: бацькі, я, мае інтарэсы.

*Сяброўства – гэта ўзаемапрыемныя стасункі, дзе ёсць падтрымка, агульныя інтарэсы. Лічу, трэба адрозніваць паняцці: сябар – знаёмы, прыяцель, а лепшаму сябру можна даверыць сакрэты, ён гатовы прыйсці на дапамогу ў любы момант, адкласці свае справы на другі план дзеля цябе.
Не ведаю, колькі сяброў можа быць у чалавека, у мяне, напрыклад, іх няшмат і ўсе з дзяцінства.

*Параўнаў бы мару з пуцяводнай зоркай: мы кіруемся ёй, каб дасягнуць жаданага. Ёсць мары розныя: нерэальныя і больш прыземленыя. Аднак калі прыдумаў сабе неспраўджальнае і стараешся ўвасобіць у жыццё, гэта дапаможа рухацца наперад, развівацца, спазнаваць новае. 
Хочаш нечага – дасягай сам, не чакай, што за цябе хтосьці зробіць ці само чароўным чынам адбудзецца. Гэта толькі ў дзяцінстве з’яўляюцца добрыя чараўнікі, ролю якіх іграюць бацькі, і выконваюць асобныя «хацелкі». (Смяецца.) 
У большасці людзі мараць матэрыяльна, пра што канкрэтна, не назаву – усё залежыць ад цікавасцей і патрэб. Што тычыцца мяне, то пакуль складаю толькі планы.

*Большасць хлопцаў цікавіць спорт. 
Увогуле інтарэсы чалавека залежаць ад яго магчымасцей – унутранага патэнцыялу, фінансавы бок мае значэнне. Значную ролю іграе падтрымка.
Без хобі цяжка жыць, бо цікавасці разнастайваюць жыццё і з’яўляюцца своеасаблівым адпачынкам. Калі не ведаеш, што табе па душы, прос­та трэба паспрабаць сябе ў розных сферах. А калі зоркі сыходзяцца, то любімая справа можа стаць прафесіяй.

Аня Матох, 6 гадоў

*Вялікім дзядзям і цёцям і маленькім дзеткам хочацца, каб іх любілі. І каб мама з татам у іх былі, якія клапоцяцца пра тое, каб складвалася ўсё добра. Родныя пашкадуюць, абдымуць, пагуляюць з табой, купяць, што папросіш.
Самае галоўнае – мець сям’ю, бо там любяць. Падабаецца хадзіць у школу – маю шмат сяброў. А калі вырасту, вый­ду замуж і нараджу дзяцей – 10. Буду пра іх клапаціцца: карміць, апранаць, забаўляць, шкадаваць…

*Калі сябруеш з кімсьці, значыць, гуляеш разам з ім у аднолькавыя гульні. Сваімі сябрамі магу назваць Рому і Дзіму. 
Чалавек можа сябраваць з усімі, хто знаходзіцца побач. Напрыклад, са старшакласнікамі. Мы вучымся з імі ў адной школе, да таго ж яны нас не крыўдзяць, не сварацца з намі.
А вось сакрэты сябрам не абавязкова расказваць – для гэтага ёсць мама з татам.

*Мара – гэта тое, што хочаш, каб у цябе з’явілася. Напрыклад, пра падарункі на Новы год трэба расказаць бацькам, а яны перададуць пажаданні Дзядулю Марозу – і застанецца толькі чакаць. Калі добра сябе паводзіць, пад ёлкай з’явіцца тое, што прасілі.
Цяпер у мяне тры мары. Хачу купіць маме вялікую бліскучую сумку, яна падышла б да многіх убораў. (Летуценна.) І сабе такую ж хацела б, толькі маленькую... Хадзілі б з мамай прыгажунямі… А яшчэ мару пра новы тэлефон і паляцець у Дубай – схадзіць там у кафэ! Пакуль толькі мая бабуля лятала на самалёце… 

*Усе дзеці любяць гуляць у цацкі, больш за ўсё – у кубікі, будаваць домікі для мяккіх цацак, «пячы» ў формачках торцікі ў пясочніцы. Ёсць і небяспечныя гульні: у даганялках можна паваліцца ці ступіць на камень і пашкодзіць нагу – такіх забавак трэба асцерагацца.
У мамы хутка народзіцца малыш – дзяўчынка ці хлопчык. Калі крыху падрасце, са старэйшымі сястрычкамі навучым яго прыгожа маляваць.

Улляна Саўко, 12 гадоў

*Складана сказаць пра агульную жыццёвую каштоўнасць. Думаю, для кожнага – гэта любоў, бацькоўскі клопат, у першую чаргу. Для мяне галоўнае, каб блізкія былі побач, яны дапамогуць у вырашэнні любых праблем, падымуць настрой, дадуць параду.
У жыцці дзіцяці, мабыць, самае цудоўнае – бесклапотнае дзяцінства. Заўважыла, яго пачынаюць цаніць, калі становяцца дарослымі, – успамінаюць з цеплынёй.

*Падтрымка, дапамога, аднолькавыя інтарэсы – вось у чым заключаецца сяброўства. А калі ведаеш, што чалавек з табой на сувязі 24/7, яму можна даверыць сакрэты, бо давяраеш, як самому сабе, то дакладна ў цябе ёсць лепшы сябар. 
Лічу, што прыяцеляў – людзей, з якімі час­та стасуешся, у кожнага можа быць шмат, а вось сябрамі становяцца не адразу, на гэта патрэбен час. 

*Мары – гэта нашы жаданні, моцныя, ажыццяўлення якіх мы вельмі чакаем. 
Думаю, амаль усе мараць пра добрае шчаслівае жыццё. Калі браць у катэгорыях дарослыя і дзеці, то жаданні будуць залежаць ад узросту. Самы жаданы падарунак для малыша, напрыклад, цацка. Школьнікі чакаюць канікулы… 
Чараўнікоў па здзяйсненні мар далёка шукаць не трэба, яны заўсёды побач – гэта ты сам, твае блізкія і сябры.
Я, напрыклад, бачу сваю будучыню шчаслівай, з любімымі людзьмі, і буду старацца зрабіць яе такой.

*Інтарэсы, як і мары, залежаць ад узрос­ту людзей. 
У малодшых дзяцей любімы заня­так – гульня, не статычная, а тая, дзе трэба рухацца, нешта рабіць. Мае равеснікі таксама аддаюць перавагу гульням, толькі ўжо камп’ютарным. Гэта калі абагульняць. А ўвогуле ўсё індывідуальна: ёсць месца і спорту, і творчасці, і інтэлектуальнаму накірунку – усё залежыць ад магчымасцей і задаткаў, нават ад асяроддзя, у якім знаходзішся. 
Я, да прыкладу, люблю гатаваць і спрабую пісаць невялікія гісторыі.

Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо