Чем интересуются юные исследователи и какие темы цепляют, рассказали островецкие школьники

11:00 / 01.06.2025
У гэтым выпуску праекта знаёмімся з юнымі даслед­чыкамі і вынаходнікамі, якія паспяхова праецыруюць свой пазнавальны інтарэс на жыццё. 

Гэтыя дзеці ўпэўнена заяўляюць: каб дабіцца жаданага выніку ў любой справе, усяго і толькі і трэба, што не ленавацца працаваць.

Вучацца і вучаць

Абласныя, рэспубліканскія і міжна­родныя спаборніцтвы юных талентаў па робататэхніцы для Арцёма Арцем’ева і Мікіты Апанасевіча даўно сталі звыклымі – хлопцы ўдала заяўляюць аб сабе, а іх праекты атрымліваюць высокія адзнакі. 

З апошняга – рэспублі­канскі навукова-практычны форум «Крок у будучыню», дзе распрацоўку хлопцаў адзначылі Дыпломам ІІІ ступені. 

– Работа называлася «Разумны робат для чыстага заўтра: аўтама­тызацыя сарціроўкі і перапрацоўкі макулатуры», – расказваюць юныя канструктары. – Сканструявалі сарці­роўшчыка «бруднай» і «чыстай» макулатуры, функцыя якога – аддзяляць прыдатныя для чарнавікоў аркушы паперы, што дазволіць даць другое жыццё другаснай сыравіне, тым самым сэканоміць грошы на яе закупку і дасць станоўчы экалагічны эфект – зберажэ прыродныя рэсурсы. Такі робат мог бы стаяць, да прыкладу, на пунктах прыёму макулатуры. 

Хлопцы хацелі зрабіць праект, які б меў рэальную практычную карысць, а не проста паказаць, чым умеюць «начыніць» тэхніку і прадэманстраваць веды па праграмаванні.

– Працавалі з канструктарам «Лега майндстормс», – расказвае Мікіта. – Арцём займаўся канструяваннем, а потым разам – праграмным кодам, мадэль утрымлівае 2 блокі, таму праграмаваць яе трэба ўдваіх.

– На форуме робата прэзен­тавалі з дапамагой мультымедыя. Везці мадэль не было сэнсу: не ўсе дэталі «вытрымаюць» транспарціроўку, а часу, каб па прыездзе паставіць іх на месца і пераправерыць працаздольнасць, няма, – удакладняе Арцём. – Падобная абарона праекта, сказаў бы, выключэнне з правілаў, магчыма, з-за таго, што ў нашай секцыі амаль усе работы мелі тэарэтычны накірунак. На тэхнічных конкурсах робаты павінны «дэманстраваць» уменні аўтараў тут і цяпер. (Усміхаецца.)

Школьнікі зазначаюць: тыя, хто хоча сур’ёзна зай­мацца робататэхнікай, павінны сябраваць з матэматыкай, інфарматыкай і фізікай.

– Каб зрабіць дакладным патрабуемы вынік, без раз­ліку формул, падбору каэфі­цыентаў не абыдзешся, – пры­­водзіць прыклад Мікіта. – І без творчага складніка ніяк. Адна справа – зрабіць ма­дэль і «на­дзяліць» яе функцыямі; другая – эстэтычны бок: колеравае афармленне, дызайн, аўтарскі стыль альбо той жа інтэрфэйс таксама важныя элементы. 

Праз свае за­хап­лен­ні хлопцы не толькі заваёўваюць узнагароды для школы, дэманструючы патэнцыял астравецкай моладзі, але і рыхтуюць сабе змену. Мікіта і Арцём яшчэ школьнікі, а ўжо дапамагаюць свайму настаўніку Ірэне Юр’еўне Ромаш весці гурток па робататэхніцы.

– Займаемся з дзецьмі 5-7-х класаў. Самае складанае – растлумачыць «тэорыю», каб зразумелі, як што працуе. Ёсць такія, хто схоплівае адразу, а некаму трэба і па некалькі разоў адно і тое ж расказаць, – дзеляцца хлопцы

– Для чаго нам гэта трэба? – перапытваюць юныя настаўнікі і тут жа даюць адказ: – Хочам, каб робататэхніка ў нашай школе набывала папулярнасць, таму з радасцю вучым малодшых таварышаў усяму, што ведаем. Спадзяёмся, калі выпусцімся са школы, нашы выхаванцы працягнуць гэту справу і ў Ірыны Юр’еўны зноў будуць памочнікі.

Дарэчы, Мікіта і Арцём ужо могуць пахваліцца вынікамі работы ў якасці педагогаў: іх падапечныя прывезлі з абласных спаборніцтваў па робататэхніцы 2-е і 3-е месцы. Заўважу: працуе гэты гурток усяго год.

Слова кіраўніку

Ірэна Ромаш:

– Мікіта і Арцём не проста таленавітыя дзеці, але і добрыя настаўнікі, як аказалася. Яны ўмеюць захапіць сваёй справай, нашым маленькім выхаванцам цікава з імі. Добрая змена падрастае! 

Дзіцячая ініцыятыва для мяне ў прыярытэце, а я выконваю функцыю мадэратара. Калі гэта падрыхтоўка да конкурсаў – накіроўваю хлопцаў, падказваю, даю парады. Калі гурток – рыхтуемся разам да яго правядзення, у працэсе заняткаў дапамагаю арганізаваць работу выхаванцаў і маіх юных памочнікаў. 

З праекцыяй на жыццё

На абласной кан­фе­рэнцыі даследчых работ для студэнтаў і школьнікаў «Ад Альфы да Амегі» самымі юнымі ўдзель­нікамі ў сваёй секцыі апынуліся васьмікласнікі Ігнат Урбановіч і Кіра Жакава. Тэмы дзеці раскрывалі па-даросламу жыццёвыя.

Трапіць хаця б у лік удзельнікаў конкурсу нялёгка: журы хоча бачыць не толькі валоданне матэрыялам, даследванні павінны мець практычную карысць і быць унікальнымі.

Кіра расказвала пра старыя доб­рыя спосабы вымярэння «голымі» рукамі.

– Калі Ганна Віктараўна агучыла тэму, адразу зацікавілася. Неад’емнай часткай нашага жыцця сталі гаджэты, без якіх мы проста нікуды. Аказваецца без вымяральных прыбораў таксама можна абысціся, – заўважае школьніца. – Канешне, вынік будзе не стопрацэнтна дакладны, аднак набліжаныя памеры вызначыш – і ўсё гэта можна зрабіць з дапамогай рук! А ведаючы свой рост, знойдзеш вышыню будынка.

– Магчыма, для кагосьці з членаў журы гэта тэма была як вяртанне ў мінулае, а для мяне – сапраўднае адкрыццё, – усміхаецца дзяўчынка.  

Для Кіры гэта быў першы падобны вопыт выступлення, і яна лічыць, што абараніла сваю работу годна – заваявала Дыплом ІІІ ступені.

Ігнат разам з настаўнікам раскрываў сакрэты крэдытавання і лізінгу на прыкладзе пакупкі аўтамабіляў «БелДжы» ў Беларусі. 

– Калі абараняў даследаванне, бачыў, што дарослых зачапіла гэта тэма, яны падключаліся да абмеркавання, параўновалі магчымыя пакупкі, – узгадвае Ігнат

– Якія павінны быць даходы ў пакупніка, колькі каштуюць машыны, прапановы банкаў, умовы і тэрміны выплат, першапачатковыя і штомесячныя ўзносы, плюсы і мінусы лізінгу і крэдыту – мы ўлічылі розныя нюансы, нават такія, калі з уласнасці банка аўто стане ўласнасцю пакупніка, – расказвае школьнік. – І ў выніку прывезлі Дыплом І ступені.

Слова кіраўніку 

Ганна Арлоўская:

– Як бы настаўнік ні дапамагаў, ні накіроўваў, але калі дзіцяці не падабаецца тэма, калі не прасякнецца ёй, выніку можна не чакаць. Завучаны і адрапартаваны перад журы даклад не зачэпіць. Таму першаснае ў выбары ідэі і далейшай падрыхтоўцы – інтарэс. Загарэліся ў вучня вочы – можна працаваць.  

Самае цікавае знаходзіцца на паверхні, а гэта наша жыццё: вучу сваіх падапечных «браць» тэмы адтуль. (Усміхаецца.) 

Ну і валоданне матэрыялам не павінна абмяжоўвацца прадстаўленай работай.

*Праект выдадзены за кошт сродкаў мэтавага збору па стварэнні нацыянальнага кантэнту

Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо, из архива СШ №3