Партрэт Валерыя Касперовіча з Астравецкага ПМС занесены на Дошку гонару

10:00 / 01.06.2025

На Дошцы гонару ў галерэі партрэтаў лепшых працаўнікоў нашага раёна значыцца і трактарыст 5 разраду Валерый Касперовіч. Па прызнанні работніка, ён ніколі зорак з неба не хапаў: як вясковец з маленства прывучаны да працы і работу выконвае не абы з рук, а старанна і адказна; як шматдзетны бацька бярэ адказнасць за сваіх родных і блізкіх.

Трактарыст-машыніст

Валерый Касперовіч

Якія дарогі прывялі мужчыну ў меліярацыю і чым ён тут займаецца, карэспандэнт даведаўся з першых вуснаў.


– У Ашмянах атрымаў тры рабочыя спецыяльнасці: электрагазазваршчыка, шафёра катэгорый “В”, “С” і чатыры катэгорыі трактарыста. Родам з вёскі Гродзі, таму пайшоў у калгас імя Кляцкова. Пазней яго ўзбуйнілі. Пачынаў на трактары МТЗ-80, пазней далі энерганасычаны МТЗ-3022. Тэхніку люблю, работы не баюся. Адзінае, што не задавальняла – адсутнасць выхадных, – успамінае мужчына. – У родным каледжы вывучыўся на муляра-тынкоўшчыка, нават папрацаваў крыху ў ашмянскім “Будаўніку”, але хутка зразумеў, што гэта не маё.

Хтосьці са знаёмых параіў Валерыю звярнуцца ў Астравецкую сельгастэхніку, маўляў, і пры тэхніцы будзеш, і выхадныя даюць.

– Была зіма, калі ўладкаваўся на работу. І праўда, у суботу і нядзелю адпачывалі. Як пачаўся сезон, то з вясны да восені, да самых маразоў прападалі ў полі – той жа калгас. У мяне сям’я (з жонкай гадуем трох дачушак). Жыву ў прыватным доме ў Шунэлішках, таму работы – пакасіць траву, агарод пасадзіць (сёлета толькі пад бульбу 15 сотак адвялі!) – заўсёды хапае, – працягвае трактарыст. – Вырашыў схадзіць у ПМС. Звярнуўся да Вадзіма Станіслававіча, узяў мяне праз месяц, так з 13 мая 2014 года і працую тут. Быва ў выхадны трэба выйсці на работу, згаджаюся без пытанняў.

Не толькі ў аграрыяў, але і ў меліяратараў з вясны па восень працягваецца зялёны сезон: займаюцца абкосам меліярацыйных каналаў, і ў гэтай справе трэба мець пэўнае майстэрства.

– Калі параўноўваць з калгасам, тут цяжэй на палях працаваць: мы ж не на роўным участку, а на няўдобіцы – трэба, каб вопыт быў. Напачатку хлопцам, якія прыходзяць, цяжка, мне таксама было, але старэйшыя калегі дапамаглі асвоіць справу, – дзеліцца Валерый. – Хачу падзякаваць светлай памяці Вацлаву Бараноўскаму і Івану Шпаку, які цяпер на пенсіі. Паказалі, навучылі, адкуль і што пачынаць, бо ў нас своеасаблівыя лабірынты. Калі не ведаеш аб’ект і, напрыклад, стартанеш з сярэдзіны, то дойдзеш да канца – і стоп: трэба будзе ехаць шукаць пачатак. Галоўнае – ведаць, адкуль пачаць. Вось-вось масавы сезон пачнецца. У мяне бакавая каса К-78 чапляецца да трактара, абкошваю адкосы. Стараюся, каб добра было. Першаму норма 18 кіламетраў на дзень, мне – 12, а апошняму, хто русла абкошвае, – 9 кіламетраў.

Пацікавілася ў Валерыя, за якія заслугі, на яго думку, ён трапіў на Дошку гонару і хто аб гэтым яму сказаў першы.

– Розных дыпломаў у мяне каля 10-ці. Праўда, у раёне на Дошцы ўпершыню. Удзячны за гэта дырэктару Вадзіму Станіслававічу і старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Надзеі Міхайлаўне – яна, дарэчы, і паведаміла навіну, – узгадаў мужчына. – Думаю, што за якасць работ – гэта кантралююць правяраючыя з Дзяржнагляду. Працую у пары з Арцёмам Янкоўскім. Шырыня захопу нашых кос складае 1,50 метра, а за два праходы павінна быць абкошана не менш за 2,90. Не было такога, каб не ўкладваліся ў гэтыя нарматывы.

Прадоўжыце фразу

Меліярацыя – гэта…

“Рамантыка, прырода і асалода ад яе сузірання. Мы працуем па ўсім раёне, штодзень у новым месцы.”

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич