Выпускнікі Астравеччыны пабывалі на апошнім рэспубліканскім званку ў Гомелі
Звыш 800 юнакоў і дзяўчат з усёй Беларусі, якія маюць высокія дасягненні ў вучобе, грамадскай дзейнасці, спорце развіталіся са школай: у Гомелі, які на два дні пераўтварыўся ў маладзёжную сталіцу Беларусі, прайшло рэспубліканскае свята апошняга званка. Пабывалі на ім выпускнікі нашага раёна: Яўгеній Трафімчык з Міхалішкаўскай сярэдняй школы, Ксенія Жвікевіч з СШ №3, Мілана Новік і Вікторыя Старынская з гімназіі №1.
Што гэта была за ўрачыстасць, якія цікавінкі выпускнікам прапанавалі арганізатары – пра гэта і не толькі карэспандэнту расказаў Яўгеній.
– Розніца, канешне, паміж апошнім званком у школе і на рэспубліканскай урачыстасці каласальная. Такога маштабу святкавання не ўяўляў. Пасля мітынгу-рэквіема ўсклалі кветкі ў мемарыяла “Алея герояў”. У Лядовым палацы лепшых выпускнікоў ўзнагародзіў міністр адукацыі Андрэй Іванец. Тут крэатыўна былі аформлены фотазоны, інтэрактыўныя лакацыі, дэгустацыйныя пляцоўкі. Але самай чаканай для многіх выпускнікоў была забаўляльная вечаровая праграма з удзелам гурта “Разгон”. Завяршыўся насычаны на падзеі дзень пяціхвілінным салютам, – падзяліўся выпускнік Міхалішкаўскай СШ. – На другі дзень з экскурсія мы пабывалі ў мемарыяльным комплексе “Чырвоны бераг”. Не шкадую, што паехаў на апошні званок у Гомель. Парадвала і праграма апошняга званка, і тое, што змог убачыцца са знаёмымі з розных куточкаў Беларусі, якія з’явіліся ў мяне дзякуючы спартыўным спаборніцтвам, алімпіяднаму руху і адпачынку ў лагерах “Навука” і “Зубраня”.
P.S. Больш падрабязна пра ўдзельнікаў апошняга рэспубліканскага званка чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў газеты.
Фота з архіва ўдзельнікаў.