Островчане рассказали о своих семейных традициях

15:00 / 16.05.2025
Усе шчаслівыя сем’і шчаслівыя  аднолькава, лічыў класік рускай літаратуры Леў Талстой. І падмуркам для гэтага, безумоўна, з’яўляюцца штодзённая праца над стасункамі і ўзаемаадносінамі, падтрымка і моцныя традыцыі. Гараджане і госці Астраўца расказалі пра свае сямейныя звычаі і каштоўнасці.

Яна Рынковіч і Марк Лукша, школьнікі

Яна:

– Пасля першамайскіх святаў звычайна з бацькамі адкрываем сезон шашлыкоў. Сёлета яны былі вельмі смачныя! На канікулах стараемся з’едзіць куды-небудзь адпачыць, напрыклад, на Нарач. 

Марк: 

– У выхадныя люблю  гатаваць з мамай бліны ці дранікі. Я абіраю бульбу, яна надзірае яе і смажыць. Часам дазваляе мне гэта рабіць. А яшчэ мы штолета падарожнічаем. Запомнілася сямейная паездка ў Брэст і мінулагодні адпачынак на моры. Блізкія – гэтыя людзі, якім заўсёды можна расказаць пра свае непрыемнасці ў любым узросце, неістотна школьнік ты ці ходзіш на работу. 

Марыя Мальдзіс, у дэкрэтным адпачынку, з дачкой Алівіяй:

– Мне здаецца, што нашы сямейныя традыцыі такія ж, як і ў многіх астраўчан. Адно з самых галоўных і любімых многімі з дзяцінства святаў Ражаство сустракаем у цесным сямейным коле з блізкімі, абменьваемся невялікімі падарункамі, ад душы прамаўляем адзін аднаму шчырыя пажаданні. Да гэтай пары для мяне гэта ўрачыстасць самая чароўная. З мужам стараемся, каб атмасферу свята адчувала і дачушка. А яшчэ абавязкова віншуем з імянінамі адзін аднаго.

Нас таксама аб’ядноўвае рыбалка. Калі едзем да маёй бабулі, муж вудзіць рыбу. А мы з Алівіяй яму дапамагаем, але хутчэй перашкаджаем. (Усміхаецца.)

Ірына Кацуба, пенсіянер:

– У чэрвені 40 гадоў нашай сям’і. З мужам выгадавалі сына і дачку, маем трох унукаў. Па жыцці стараемся рабіць усё разам, святы (я каталічка, ён праваслаўны) абедзвюх канфесій адзначаем. Не забываем і пра маю матулю, ёй хоць і 90 гадоў, але жыве адна, таму часта адведваем яе, каб штосьці дапамагчы. Каб у сям’і быў лад і парадак, трэба любіць малых, паважаць старэйшых і саступаць адзін аднаму.

Дар’я і Юрый Баравікі, КСУП «Гервяты»:

Дар’я:

– З Юрыем пабраліся шлюбам 26 краса­віка, таму пра пэўныя традыцыі нашай сям’і, напэўна, пакуль рана гаварыць. (Задумваецца.) Праўда, нядаўна вярнуліся з вясельнага падарожжа: адпачывалі на адным з турэцкіх курортаў. Хто ведае, магчыма гэта стане нашым сямейным звычаем. 

Юрый:

– Буду старацца! (Усміхаецца.) А калі сур’ёз­на, то з Дашай робім усё разам: адпачываем, гатуем, сустракаемся з бацькамі і сябрамі.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич