Какой должна быть настоящая семья, рассказали дети

13:00 / 16.05.2025

Навошта дарослыя жэняцца,  для чаго патрэбны дзеці, у чым каштоўнасць сям’і, расказалі маленькія жыхары раёна. Вось які партрэт у выніку атрымаўся.

Шчасце 

Анжаліка Янкойць, в. Сыманэлі:

«Сям’я – гэта калі мужчына і жанчына жэняцца, носяць заручальныя пярсцёнкі і стараюцца праводзіць як мага больш часу разам. І абавязкова ў іх ёсць дзіця – інакш сям’я лічыцца няпоўнай. І прозвішчы ва ўсіх павінны быць аднолькавыя – тады іншыя людзі будуць разумець: адна сям’я!»

– У сапраўднай сям’і павінна жыць шчасце. Яно магчыма толькі тады, калі ёсць любоў; калі дарослыя гуляюць з дзецьмі; калі нічога не шкадуюць адзін для аднаго. Калі разумеюць твае патрэбы ці настрой без слоў – ведаюць, як, напрыклад, развесяліць, падбадзёрыць. 

Шчаслівую сям’ю пазнаць лёгка:  людзі ідуць, размаўляюць, усміхаюцца, дзеляцца чымсьці, робяць прыемныя неспадзяванкі альбо справамі займаюцца разам, дапамагаюць, шкадуюць адзін аднаго, бо ім важна, каб родныя адчувалі падтрымку. А калі часам пакрыўдзяць, то ўмеюць папрасіць прабачэнне.

Намалюю любоў 

Мама, тата і дзіця, трымаючыся за рукі, ідуць па вуліцы, размаўляюць.  І абавязкова ўсміхаюцца, бо ім доб­ра разам.  

Дзеці

Арсень Дзяржак, в. Літвяны:

«Сям’я – гэта калі бацькі пажаніліся, маюць адно прозвішча і нарадзілі дзяцей. (Мама кажа, што дзеці – гэта шчасце!)  У сям’і ўсе дружна жывуць і дапамагаюць адзін аднаму, асабліва ў цяжкую хвіліну». 

– На мой погляд, сям’я павінна быць вялікай. Вось у мяне тры браты і сястрычка – гэта наша прынцэса.

Нам весела разам бавіць час, хоць мы і рознага ўзросту. 

Мужу з жонкай абавязкова патрэбны дзеці, мама з татам гавораць, што калі кагосьці з нас няма (напрыклад, да бабулі паехалі), то ім сумна, бо не хапае звычайнага хатняга руху. (Усміхаецца.) Бацькам часам  цяжкавата бывае (яны пра гэта не гавораць, сам заўважаю), але мы стараемся быць паслушнымі і дапамагаць ім – старэйшы брат і я добрыя памочнікі.

А калі ўзяць маштабна, то сям’я – гэта ўвогуле вялікая супольнасць: уся радня! Пра бабулю з дзядулем не трэба забываць, хоць і жывуць у іншым доме: наведвацца ў госці, дапамагчы, чым трэба. Яны шмат чаго ведаюць, таму мамы з татам у іх пытаюць парады.

Намалюю нас 

Дом, вакол яго растуць кветкі, яблыневы сад, машыны непадалёк стаяць і ўсе нашы родныя сабраўшыся разам – хто размаўляе, хто дапамагае, хто гуляе, хто абдымаецца… 

Справы 

Дзіма Пяткевіч, аг. Варняны:

«Сям’я – гэта бацькі і дзеці, пажадана, каб іх было хаця б пяць. Яны жывуць у адным доме і ездзяць на адной машыне. Гэта калі дарослыя любяць сваіх сыноў і дачок,  вучаць іх  усяму». 

– У сям’і абавязкова людзі клапоцяцца адзін пра аднаго, шкадуюць. Напрыклад, навучыць дзіцятка гаварыць, каб яно магло сказаць, што хоча; калі падрасце, навучыць іграць, каб сыну весела было; а як вялікім  стане – нават рамантаваць машыну, дом, гатаваць кашу і другую сур’ёзную работу рабіць! Шмат пра што трэба маме і тату паклапаціцца, каб навучыць сваіх дзетак жыццю. Праца – гэта таксама клопат: пра дом, каб у ім было прыгожа; пра сям’ю: дарослыя зарабляюць грошы, каб купіць ежу і іншыя патрэбныя рэчы. Дзецям таксама трэба працаваць: дапамагаць тое, што скажуць; у сваім пакоі цацкі сабраць… Калі чалавек нічога не ўмее рабіць, ён ніколі не стане гаспадаром. (Задумваецца.) І клапаціцца пра сваю сям’ю дакладна не зможа.

Намалюю раніцу 

Вялікае сэрца, а ў ім наша сям’я. І ўсе занятыя нейкай справай: я малюю, каб прыгожыя карцінкі дома былі; брацік ідзе ў школу вучыцца – хоча шмат усяго ведаць; тата сядзіць за рулём машыны – на работу збіраецца; мама мые посуд.

Традыцыі

Насця Комар, г. Астравец:

«Сям’я – гэта родныя людзі: бацькі і дзеці, бабулі і дзядулі, дзядзькі і цёткі, стрыечныя брацікі і сястрычкі… Іх аб’ядноўваюць любоў, сяброўства, яны шчаслівыя, што ёсць адзін у аднаго. І трэба каб у мужа з жонкай нарадзіліся дзеці, інакш ім будзе сумна жыць».

– Традыцыі – гэта тое, што адрознівае сем’і. Ёсць традыцыі штодзённыя. Напрыклад, адзін прыходзіць з працы, а другі яго сустракае, дапамагае распрануцца, сумку возьме, запытае пра справы. Альбо калі разам садзяцца есці, вечарам дзеляцца,  як прайшоў дзень; чытаюць дзецям казку перад сном. 

Калі прыгадаць святочныя, то ў першую чаргу з сямейных я назвала б дні нараджэння, Вялікдзень, Божае нараджэнне і Новы год – гэта самыя галоўныя. Адзначаць іх сям’я збіраецца разам, і рыхтуецца да іх – таксама: мама з бабуляй пішуць спіс прадуктаў, якія патрэбны для страў, а тата выпраўляецца іх купляць.  Бываюць святы народныя, на іх сем’ямі ходзяць. Напрыклад, Дзень Перамогі – бацькі нас з сястрычкай бралі з сабой. 

І яшчэ адна важная традыцыя: весці сямейны альбом. У нас іх ужо 3!

Намалюю свята

Дзень нараджэння. За сталом сабралася сям’я, у цэнтры стаіць торт імянінніку, які задувае свечкі і загадвае жаданне, а ўсе глядзяць на яго, усміхаюцца, віншуюць і пляскаюць у далоні. 

Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо, из архива героев