“Беларусь помніць. Помнім кожнага”: ахвярам нацызму ў Быстрыцы і загінулым землякам у Трокеніках прысвячаецца
Сёлета традыцыйны аўтапрабег па месцах пахавання і ўшанавання загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны быў на першы погляд такім, як і ў папярэднія гады, і ў той жа час ён адрозніваўся. Бо, напэўна, усе, хто прыйшоў да помнікаў, мемарыялаў, памятных знакаў схіліць галаву перад героямі ўголас ці ў думках прамаўлялі адну лічбу. 80 гадоў мінула з той страшнай вайны… 80 гадоў мы жывём пад мірным небам… 80 гадоў мы павінны быць удзячнымі ўсім, хто змагаўся за гэта. Мы ніколі не забудзем: Беларусь помніць! Помнім кожнага!
Традыцыйна ўдзельнікі аўтапрабегу наведвалі пэўныя кропкі на розных маршрутах.
Ля памятнага знака ў Быстрыцы было ціха. Моўчкі стаялі з кветкамі вучні Варнянскай СШ, моўчкі падышлі мясцовыя жыхары, прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў раёна. Здавалася, нават прырода сціхла ў маўклівым ушанаванні. Аднак словы, выбітыя на памятным знаку, адгукаліся ў скронях і падсвядомасці нябачным, але вельмі моцным набатам. “Ахвярам нацызму. Тут у 1944 годзе былі зверскі закатавана 143 яўрэі вёскі Быстрыцы”. За што? Для чаго? А ў адказ – цішыня…
Памяць аб загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны земляках у Трокеніках ушанавалі мітынгам. Тут таксама прысутнічалі не толькі ўдзельнікі аўтапрабегу, але і школьнікі, і мясцовыя жыхары, якія трымалі ў руках кветкі ці свечкі. Думаецца, прозвішчы на абеліску многім з іх знаёмы. А магчыма, гэта чыйсьці дзядуля, дзядзька, брат ці сват.
– Мы прыйшлі сёння схіліць галовы ў пашане перад загінулымі на фронце, у канцлагерах, у тыле, усімі, хто змагаўся за агульную перамогу. Нашу з вамі Перамогу, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Мікіта Алянцэвіч. – Мінула 80 гадоў – многа гэта ці мала? Як сказаў падчас выступлення Прэзідэнт Беларусі: “80 гадоў мы святкуем гэту дату. Можа трэба спыніцца? Не! Мы святкавалі, святкуем і будзем заўсёды святкаваць Дзень Перамогі!” Сапраўды, наш з вамі святы абавязак помніць, колькі гора прынесла тая страшная вайна амаль у кожную хату беларуса. І перадаваць гэтыя веды з пакалення ў пакаленне, бо калі мы забудзем, подзвіг дзядоў і бабуль будзе марным – і бяда вернецца зноў. Але мы не дапусцім гэтага! Дзень Перамогі – наша свята і гонар!
Не забываць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне землякоў, шанаваць мірнае жыццё і расказваць праўдзівую гісторыю нашчадкам заклікаў і старшыня Варнянскага сельсавета Аляксандр Вярбовіч.
У завяршэнні мітынга прысутныя ўсклалі да помніка кветкі, запалілі свечкі. А рэха яшчэ разносіла па наваколлі простыя, але такія глыбокія словы: “Мы, беларусы, мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі... ”