Автопробег ко Дню Победы: у братских могил в Ворнянах и Вороне
У традыцыйны перадсвяточны аўтапрабег “Беларусь помніць. Помнім кожнага” выправіліся астраўчане.
Варняны
Абеліск на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі падчас вызвалення Астравецкага раёна ў 1944 годзе, стаіць у цэнтры аграгарадка. На гэтым месцы апошні супачын знайшлі 27 чалавек, імёны 13-ці салдат засталіся невядомымі. Устаноўлена, што сярод загінулых былі воіны 8-й гвардзейскай механізаванай брыгады ІІІ Беларускага фронту.
Удзельнікаў аўтапрабегу сустракалі вяскоўцы і вучні мясцовай школы.
Урачыстасць адкрыў намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Павел Міхалюк:
– Напярэдадні Дня Перамогі падобныя мерапрыемствы сімвалічныя, мы збіраемся ў знакавых месцах, ля мемарыялаў, каб разам ушанаваць памяць воінаў, працаўнікоў тылу, мірных ахвяр Вялікай Айчыннай. Шмат гадоў прайшло з той пары, змянілася не адно пакаленне, а памяць наша жыве і, дзякуючы вам, яна павінна перадацца нашчадкам, каб ведалі пра гераізм і трагедыю беларускага народа і захоўвалі заваяваны прадзедамі мір.
– Браты і сёстры, сёлета мы святкуем юбілей Перамогі – гэта вельмі значная дата. Паглядзіце вакол: дамы будуюцца, парадак вакол, чысціня, жыццё бурліць, людзі шчаслівыя! А каб 80 гадоў быў іншы фінал… – заўважыў настаяцель астравецкай царквы айцец Георгій Савіцкі. – У кожнага з нас ёсць блізкія, якіх забрала вайна, і памяць пра іх павінна быць вечнай.
Варона
На скрыжаванні дарог непадалёк мясцовай школы знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў, памерлых у ліпені 1944-га года ў перасоўным палявым шпіталі № 5159 – мемарыяльная пліта змяшчае больш за 70 імёнаў, яшчэ адна ўтрымлівае прозвішчы 10-ці нашых землякоў, загінулых у вайну.
Ваенны камісар Астравецкага раёна Дзмітрый Багуслаўскі, зазначыў, што ўдзельнікі аўтапрабегу, жыхары Вароны і наваколля сабраліся ля вайсковага пахавання не толькі, каб аддаць даніну памяці подзвігу людзей, якія знайшлі апошні зямны прытулак тут, а і ўсяму савецкаму народу, на долю якога выпала выпрабаванне вайной. Дзякуючы іх подзвігу, мы жывём свабоднымі, у міры і згодзе.
– 9 Мая – нязгасны сімвал у кожнай сям’і. Нішто не здолела ў час суровых выпрабаванняў зламаць людзей, пазбавіць іх права быць свабоднымі. Аднак Перамога каштавала вельмі-вельмі дорага: мільёны жыццяў пакладзены на яе алтар і наш абавязак перад гэтымі людзьмі неаплатны, – нагадаў ксёндз варнянскага касцёла Віктар Захарэўскі. – 9 Мая павіншуем і ўзгадаем тых, хто прайшоў вайну, просячы ім неба, – яны вынеслі Перамогу на сваіх плячах; тых, хто набліжаў яе, не пакладаючы рук, у тыле. Дзякуючы ім, мы можам спакойна працаваць, будаваць планы, радавацца жыццю, выхоўваць дзяцей і быць спакойнымі за дзень заўтрашні. Няхай Бог аберагае нашу зямлю і наш народ!
Хвіліна маўчання, малітвы святароў за спачылых воінаў і спакой на беларускай зямлі, кветкі і лампадкі да помнікаў – у падзяцы схілялі галовы перад магіламі дарослыя і дзеці.
Нам падарылі жыццё, для нас адстаялі свабоду – беларусы помняць!