Сталинград – Смоленск – Минск – Кёнигсберг: фронтовые дороги красноармейца Гришкина

12:00 / 09.05.2025
Неяк дачка ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Марыя Волчак убачыла па тэле­візары перадачу, дзе расказвалі пра штурм Кёнігсберга. У яе аж сэрца ёкнула: мой жа тата таксама там быў. Жанчына вырашыла патэлефанаваць у ваенкамат, маўляў, магу расказаць пра бацьку.  І хутка Марыя Васільеўна разам з карэспандэнтам «раёнкі» пераглядвала сямейныя фотаздымкі, прыгадваючы жыццёвы шлях ветэрана вайны, колішняга старшыні палушскага калгаса «Перамога» Васіля Міхайлавіча Грышкіна.

Расказваюць здымкі 

Не толькі ваенны шлях чыр­во­наармейца, яго саслу­жыў­цаў, а нават радасць і смутак байца можна прасачыць па невялікіх ёмкіх нататках на здымках ваенных часоў. 

Пачынаецца вайсковая фота­гісторыя за пару ме­ся­цаў да Вялікай Айчыннай. Тэрмі­новую службу Грышкін пра­ходзіў ва Украіне, пра што сведчыць подпіс на першай картцы: «Город Бердичев. 1-й месяц в рядах РККА. Май 1941 года». 

З пачаткам вайны Грышкін трапіў на фронт. Як сведчаць дакументы, Васіль служыў у 1480-м зенітным арты­ле­рыйскім палку супрацьпаветранай абароны, пазней –  у 1553-м аэрадромным палку супрацьпаветранай абароны.

Васіль быў удзельнікам адной з самых крывавых біт­ваў супраць арміі вермахта –  пра тое сведчыць і ўказ аб ўзна­гароджанні ад 22.12.1942 года за гераічную абарону горада Сталінграда.  У тых баях абарвалася жыццё яго сябра. «Задушевный товарищ Кухарук погиб в боях под Сталинградом от снайперской пули» – шмат здымкаў аднапалчан захоўвае альбом ветэрана.  

«Из-под Сталинграда на Смоленщину. 1943. Декабрь» – полк, у якім ваяваў малодшы сяржант Грышкін, ужо ішоў да так званых заходніх варотаў Савецкага Саю­за. Хоць землі Смаленшчыны ўжо былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, але яшчэ больш за год яны заставаліся прыфрантавым шчытом краіны. 

Летам 1944 года шлях чырвонаармейца пралягае паўз тэрыторыю Беларусі: ён удзельнічае ў вызваленні сталіцы нашай краіны.  На чарговым фота чытаем «На долгую и незабываемую память другу по заправке машины Гришкину Васе <…> Сфотографировано в дни сражения и освобождения г. Минска». 

Дарэчы, за тыя баі ветэран удастоены медаля «За баявыя заслугі». З загада 1480-га зе­ніт­нага артылерыйскага палка рэзерву галоўнага камандавання ад 08.08.1944 г.: «[узнагароджваю] кладаўшчыка ГЗМ 500 асобнага зенітна-артылерыйскага ды­візіёна РГК чырвонаармейца Грышкіна Васіля Міхайлавіча за тое, што ён у перыяд наступлення нашых войскаў з 23 чэрвеня 1944 года ў любых умовах дастаўляў ГЗМ для часці, без чаго немагчыма выкананне баявой задачы». У тым жа дакуменце зазначана, што баец не прос­та добра выконвае службовыя абавязкі, ён тэхнічна дасведчаны і адказны:  увесь вольны час  аддае рамонту і ўзнаўленню аўтатрактарнага парку.

І побач яшчэ адна картка тых ліпеньскіх дзён: паркавы ўзвод, у якім служыў наш баец: «Савицкий. Химчан. Кирута. Кухлеев. Яловенко. Болдин. Вовчак. Запорожцев. Ольхов. Швейкин. Коннов. Пилюгин. Тищинко. Гришкин. Весь парквзвод. Отечественная война. Город Минск. 7/1944 года. Все друзья».

З Беларусі часць  Грышкіна трымае курс на Захад – праз Літву. «г. Вильно. Лето, 1944 год. Отечественная война. Отпуск. 500 О.З.А.Д. РГК», «г. Каунас. (Слева направо) Капитан Фурфур, Гришкин к-ц,  ст. сержант Химчан, тех. лейтенант Фатеев, ст. лейтенант Андр…»  –  пазначае на здымках салдат.  

Перамогу  Грышкін сустрэў на тэрыторыі сучаснай Польшчы (тады – Усходняй Прусіі):  «На память лучшему другу Василию от Химчана. 5.5.45 года. Восточная Пруссия, г. Вормдит». І заставаліся на тых землях як минимум да канца верасня 1945-га: «На память лучшему другу Васи от Болдина А.Я.. Вася, вспоминай меня порой, если я этого стою. В. Пруссия. 1945 19-9». 

Усё жыццё Васіль Міхайлавіч помніў бая­вых таварышаў, з якімі ішоў доўгім, поўным небяспек шляхам ад Сталінграда да Кёнігсберга. 

Помняць родныя 

– Тата нарадзіўся 4 красавіка 1921 года ў Расіі: с. Сякірына Скопінскага раёна – гэта на Разан­шчыне, – расказвае Марыя Волчак. – Пасля заканчэння школы пайшоў па прыкладзе бацькоў працаваць на шахту, а пазней быў прызваны ў армію, дзе яго і заспела Вялікая Айчынная вайна.

– Да слова, маіх бацькоў лёс звёў на Астравеччыне, – з пя­шчотай гаворыць дачка ветэрана. –  Татава часць рухалася ў 1944 годзе ў заходнім накірунку і праходзіла праз тэрыторыі нашага раёна, і ў в. Палушы ён сустрэўся з маёй мамай. 

Тая сустрэча таксама знайшла адлюстраванне ў нататцы на фота байца: «Гені ад Васі. <…>. 15 верасня 1944 года».

Яўгенія Аўдзей так запала ў сэрца чырвонаармейцу, што пасля вайны ён прыехаў да каханай дзяўчыны.


– І маме ён глянуўся, нядзіва: харызматычны, весяльчак, акты­віст, – усміхаецца астраў­чанка. – Бацькі пажаніліся ў 1946-м. Жылі ў Палушах, я і брат Міша таксама там нарадзіліся. Тата спярша працаваў начальнікам Астравецкага лесаўчастка Смар­гонскага леспрамгаса, у 1947-м пераведзены загадчыкам гужавога транспарту на Катлоўскі ўчастак Пастаўскага леспрамгаса. 

У 1948 годзе Васіль узначаліў толькі што ўтвораны палушскі калгас «Перамога», а ў 1951-м яго накіроўваюць на вочнае навучанне ў Пінскую сельгасшколу па падрыхтоўцы старшыняў калгасаў па спецыяльнасці «агранамія». Пасля заканчэння былы франтавік ідзе працаваць аграномам у Астравецкую МТС па калгасу «Іскра». А ў 1955 го­дзе Грышкіны адпраўляюцца на асваенне цаліны. 

Праз 2 гады сям’я вяртаецца на Астравеччыну, Васіля прызначаюць намеснікам старшыні па гандлі Астравецкага сель­спа­жыўтаварыства. Пазней ён працуе аграномам у калгасе «Шлях Леніна», на зернескладзе калгаса імя Ламаносава, а ў 1962 годзе ізноў накіроўваецца ў Казахстан – працаваць у  саўгасе «Казахстанец».

На той зямлі, у п. Рыбнае, ветэран і знайшоў апошні супачын: пайшоў з жыцця 25 ліпеня 1969 года. Пасля яго смерці жонка вярнулася на Астравеччыну. 

Фота з архіва М. ВОЛЧАК.




Текст: Рита Дремо