Чаму Генрых Узарэвіч з Чэрнішак лічыць “раёнку” сямейным летапісам

09:00 / 06.05.2025

Кожны раз, калі сустракаем сяброў нашай «Астравецкай праўды», якія чытаюць яе, а значыць, любяць і паважаюць, радуемся: мы, журналісты, працуем недарма. І неабавязкова гэта прыхільнікі папяровай газеты – мы вельмі рады тым, хто забягае за навінамі на наш сайт і глядзіць тэлепраграму, і падпісчыкам у сацыяльных сетках – усім старым і новым знаёмым. У дзень друку выкарыстоўваем магчымасць сказаць усім вялікі дзякуй за тое, што вы побач, але тым, хто з намі вельмі даўно і, спадзяёмся, назаўсёды, – асаблівая падзяка.

На пытанне, колькі часу ў іх сям’і выпісваюць «Астравецкую праўду», Генрых Узарэвіч з вёскі Чэрнішкі адказаў не задумваючыся: усё жыццё!


– Газета ніколі «не вывадзілася» з дому. Яшчэ бацькі мае выпісвалі, мы з жонкай гэтую традыцыю перанялі ў сваю сям’ю, – прызнаецца Генрых Антонавіч. – Чытаю ўсё надрукаванае. Падабаецца, што ў адным выданні можна адшукаць навіны з жыцця раёна, вобласці і краіны. Мне, як вяскоўцу, па душы матэрыялы пра сельскую гаспадарку, часта на старонках «раёнкі» сустракаю знаёмыя твары. Люблю чытаць пра даўнейшае жыццё, асабліва праект «На карце Астравеччыны». Ведаеце, тады настальгія ахоплівае: што ні населены пункт – то ўнікальная гісторыя, у якую запісаны адметныя прозвішчы, назвы лясоў, урочышч. На жаль, з адыходам старажылаў гэта знікае. 

А яшчэ адданы чытач прамовіўся, што «Астравецкую праўду» смела можна лічыць своеасаблівым летапісам іх сям’і: у газеце неаднойчы друкавалі нарысы пра дзяцей, унукаў, сваякоў. 

– Некалькі гадоў назад да 30-годдзя мытнай службы журналіст пісаў пра маіх дачку і зяця Ганну і Дзмітрыя Лісоўскіх, якія на той час разам служылі на пасту «Катлоўка». І пра мяне расказвала «раёнка», што з іншымі аднавяскоўцамі ахвяраваўся даглядаць мясцовыя могілкі ў нашай вёсцы. Але самы шчаслівы ў гэтым сэнсе ўнук Андрэй: ён тройчы трапляў у газету. У яго язык лепш падвешаны, чым у дзеда, – мужчына ўсміхаецца. – Калі на лета ці пагасціць на майскія ці навагоднія святы прыязджае другая дачка з сям’ёй з Расіі, дык тыя ўнукі аж крыўдуюць на «варнянскіх», асабліва на Андрэйку, маўляў, вось бы нам быць у газеце!

Аказваецца, нумары, куды трапіў хтосьці з Узарэвічаў ці Лісоўскіх у гэтай сям’і збіраюць і захоўваюць. 

– Жонка Лена пакідае і астатнія газеты, – удакладняе Генрых Антонавіч. – Калі ў Чэрнішкі з Літвы прыязджаюць знаёмыя, то просяць пачытаць «раёнку». Хоць, ведаю, што моладзь цяпер усё ў інтэрнэце хутка знаходзіць, я ўсё ж чалавек старой загартоўкі: люблю патрымаць газету ў руках, неспяшаючыся перачытаць артыкулы і пераглядзець аб’явы – непараўнальнае задавальненне!



Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич