Што ўбачылі педагогі падчас экскурсіі па вытворчых аб’ектах КСУП “Гудагай

11:00 / 29.04.2025

Вызначыцца з будучай прафесіяй – яшчэ тая задача. Важна, каб побач са старшакласнікам быў чалавек, які параіць, падкажа, направіць, і гэта, безумоўна, бацькі і педагогі. Чым перспектыўныя прафесіі сельскагаспадарчага профілю, як сустракаюць і што прапаноўваюць маладым спецыялістам на Астравеччыне, у якіх умовах яны працуюць – пра гэта даведаліся намеснікі дырэктараў школ, якія курыруюць ва ўстановах прафарыентацыю, і кіраўнікі агракласаў. Экскурсію для іх па некаторых аб’ектах самай паспяховай у раёне гаспадаркі, КСУП “Гудагай”, правёў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Карніла.

– Мінулі тыя часы, калі кароў даілі ўручную і вёдрамі насілі малако. Гэты працэс цалкам камп’ютарызаваны. У галіне раслінаводства выкарыстоўваецца магутная энерганасычаная тэхніка, аснашчаная спутнікавымі навігатарамі, – расказаў Іван Мар’янавіч. – Вы не толькі ўбачыце спецыфіку аграпрамысловай вытворчасці, але, думаю, упэўніцеся ў тым, што гэта прывабная і перспектыўная сфера для моладзі.

***

Першым пунктам у маршруце педагогаў значыўся сучасны інтэрнат для работнікаў у Малях на 20 пакояў. Адна- і двухмесныя нумары, усё неабходнае для камфортнага жыцця абсталяванне: прасы, пральныя машыны, халадзільнікі, тэлевізары… Сямейным парам, напрыклад, выдзяляюць кватэры ў горадзе, а тым, хто іх здымае, наймальнік цалкам кампенсуе аплату.




– Тры гады назад мы купілі 8 кватэр у Астраўцы. Сёлета падалі заяўку на набыццё яшчэ 10, – расказаў дырэктар КСУП “Гудагай” Эдуард Садоўскі. – Мне здаецца, што існасць работніка сельскай гаспадаркі за апошнія гады вельмі трансфармавалася – і гэта нармальна. Прайшоў той час, калі “калгаснікі” трымалі вялікую падсобную гаспадарку, садзілі соткі, каб мець дадатковую капейчыну. Цяпер пры жаданні яны могуць добра зарабіць, каб пасля працоўнага дня вярнуцца ў камфартабельнае жыллё і адпачыць. Гэта мы і стараемся зрабіць для нашых людзей. Дарэчы, за тры месяцы гэтага года сярэднемесячная зарплата па КСУП “Гудагай” склала 2 400 рублёў. Сваіх работнікаў, у тым ліку моладзь, мы нацэльваем на тое, што грошы трэба менавіта зарабляць, а не атрымліваць “палучку”.

***

Асноўны прыбытак КСУП “Гудагай” прыносіць жывёлагадоўля. Як арганізаваны вытворчы працэс на малочна-таварных комплексах, педагогі даведаліся на прыкладзе МТК “Смілгі”. Меры засцярогі тут накшталт медыцынскіх. Перад уваходам гасцей апранулі ў бахілы і спецыяльныя накідкі, каб на тэрыторыю выпадкова не трапілі небяспечныя для жывёлы вірусы і інфекцыі.


Чаму ў кароў ажно 11 рацыёнаў, што такое “халодны метад” гадоўлі цялят, як функцыянуе ідэнтыфікацыйная сістэма і навошта на комплексе малочнае таксі – пра гэта расказалі начальнік комплексу Наталля Гурштын і галоўны заатэхнік КСУП “Гудагай” Віктар Алёкса.



Педагогаў уразіла чысціня і дагледжанасць тэрыторыі. Калі ў бытнасць іх бабуль па ферме можна было прайсці толькі ў гумовіках, то цяпер без праблем гэта зробіш у туфліках на абцасах.




Як рапс становіцца водарным алеем і спажыўнымі для буйной рагатай жывёлы шматкамі, можна было паназіраць у цэху па апрацоўцы насення крыжакветкавага ў Палушах. Як адзначыў намеснік дырэктара па прамысловасці Сяргей Жук, за месяц работы цэха тут перапрацоўваецца каля 260-280 тон рапсу.


Сучасныя збожжаўборачныя камбайны і энерганасычаныя трактары, прычапныя агрэгаты – на тэхніку, якую выкарыстоўваюць на палях КСУП “Гудагай”, можна было паглядзець на механічных майстэрнях. Акрамя таго, тут створаны ўсе ўмовы для механізатараў, якія знаходзяцца на рамонце.


Напрыканцы экскурсіі Эдуард Іванавіч выказаў спадзяванне, што дзякуючы ў тым ліку экскурсіі аграрны сектар нашага раёна будзе прырастаць маладымі кадрамі.

– У вас высакародная работа: выхоўваць і вучыць дзяцей, – заўважыў дырэктар. – Але наша праца не менш важная: мы кормім і вёску, і горад.

– І кормім добра! – падсумаваў Іван Мар’янавіч.

***

Ад аўтара

Не магу не згадаць яшчэ адну немалаважную перавагу прафесій сельскагаспадарчага профілю: аграпрамысловы комплекс – менавіта тая галіна, адкуль пачыналася дарога да кар’ернага росту для многіх кіраўнікоў раёна, Прынёмання, і не толькі…

Факт

Маладым спецыялістам з вышэйшай і сярэдняй адукацый прадугледжана выплата 2-х акладаў, са спецыяльна-тэхнічнай – 2-х тарыфных ставак.

Слова настаўніку

Алена Кусойць, намеснік дырэктара Альхоўскай СШ:


– Засталося станоўчае ўражанне пасля экскурсіі: нам паказалі, як працуюць у сельгаспрадпрыемстве, дзе жывуць маладыя спецыялісты, як арганізаваны вытворчыя працэсы на розных аб’ектах. Убачанае і пачутае кожны з нас абавязкова данясе сваім вучням. Было прыемна сустракаць людзей, якія ўсміхаюцца, і адчуваць іх непадробную гасціннасць. Упэўнена, што КСУП “Гудагай” пашчасціла з кіраўніком. Калі Эдуард Іванавіч нам расказваў пра сваю гаспадарку, у яго гарэлі вочы.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич