Пра сваю справу расказваюць прыбіральшчыкі тэрыторыі Анастасія Басараб і Галіна Янульчык

17:00 / 01.05.2025

Першым прыкладам чалавека справы для гэтых людзей сталі бацькі. Адзін, зайшоўшы на работу да мамы, яшчэ дзіцям вырашыў, што будзе, як і яна; другі, слухаючы размовы пра татавы рабочыя будні, уяўляў сябе на яго месцы; іншы пераходзіў ад мар да справы – і, гуляючы з лялькамі-машынкамі, прымяраўся да будучай прафесіі. Пра тых, хто абраў справу па прыкладзе родных і прадоўжыў працоўную дынастыю, чытайце ў гэтых матэрыялах.


– І прыадзенуць нас у прыгожую «робу», і інструмент дадуць, і зарплатай не крыўдзяць – так і з’яўляюцца ў арганізацыях дынастыі, – усміхаючыся, разважаюць прыбіральшчыкі тэрыторыі Астравецкага РУП ЖКГ маці Галіна Янульчык і дачка Анастасія Басараб.

Галіна Станіславаўна працуе двор­нікам у ЖКГ ужо 26 гадоў. 

– Цяпер работы стала больш. Па-першае, горад прырос трыма мікрараёнамі. Па-другое, прыбіралі яго раней па-іншаму – больш павярхоўна: паперкі, акуркі і смецце сабралі – ды й годзе. Але шмат увагі надавалі дарогам, асабліва пасля зімы. Наш інструмент тады – адзін бярозавы венік. Гэта цяпер чысціня ідэальная ў кветніках, на тратуарах, на вуліцах!

Цяпер Галіна Станіславаўна абслу­гоў­вае ўчастак у адным з новых мікрараёнаў: вуліцу Аэрадромную і сквер за дзіцячым цэнтрам творчасці. Пачынала працаваць з Кастрычніцкай, потым на Валадарскага – да яе рэканструкцыі. 

Дарогі цяпер прыбірае тэхніка, мы на падхваце – калі машына зламаецца. Раней, успамінае жанчына, і несанкцыянаваныя звалкі ў вёскі ездзілі прыбіраць. 

– Як бы дворнікі ні стараліся, усё ж чысціня і прыгажосць астравецкіх вуліц ляжыць на нашым майстры Зінаідзе Мікалаеўне, – дадае Галіна. – Заўважыць нават самую маленькую паперку. Увогуле, лічу, астравецкіх прыбіральшчыкаў тэрыторыі трэба паказваць па тэлевізары і ў «ЦікТоку». Дасылаю знаёмым фота і відэа нашых чыстых вуліц, яны не вераць: гэта толькі каля райвыканкама, каменціруюць. Не, кажу. Так усюды. 

– Нам заўсёды дзякавалі за работу і словам, і зарплатай – гэта добры стымул, – лічыць Галіна Мікалаеўна. – Першыя гады тры мая Насця саромелася, што працуе дворнікам, а потым з’явіўся гонар. 

Анастасія Басараб прыйшла «на падмогу» маці амаль 16 гадоў назад, адразу пасля школы. Шмат гадоў «заведвала» вуліцай Зялёнай, цяпер шчыруе ў цэнтры горада – на плошчы. 

– Сям’я ў нас была шматдзетнай, двое братоў ужо вучыліся, бацькі прапанавалі мне пачакаць з паступленнем, – расказвае Анастасія. – І ў выніку засталася.  Мне тут добра, і зарплата задавальняе. 

І дадае: цэнтр Астраўца – гэта адказна, асабліва ў святы. Але і кожны дзень прыбіральшчык Басараб не дазваляе сабе слабіну – у горадзе павінна быць чыста! 

– Год за годам у горадзе становіцца ўсё чысцей – і мы прывыклі, што так трэба, – гаворыць Анастасія. – Гледзячы на чыстыя вуліцы, хочацца падтрымліваць гэты парадак. Была ва Украіне, з Башкірыі нядаўда вярнулася – з Беларуссю не параўнаць. Я дворнік, таму не магла не звяртаць увагі на іх газоны і дарогі. О, што там робіцца! У мяне нават здымкі ёсць – там проста засцелена паперкамі! Якая чыстая і прыгожая наша Беларусь! Шмат мела прапаноў змяніць работу. Апошняя ад мамы – паступіць вучыцца. Але нават адвучыўшыся, хачу тут застацца, падабаецца наша з мамай справа. Не разумею, як можна днямі сядзець у кабінеце. Мне на паветра трэба. А фізічныя нагрузкі – прафілактыка захворванняў. (Смяецца.) 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович