Маладыя дружныя жывёлаводы Алег Бразевіч і Дзмітрый Кошчыц даглядаюць дойных кароў МТК “Смілгі”
12:00 / 29.04.2025
У іх розная спецыфіка дзейнасці, успрыманне, але аб’ядноўвае іх тое, што першыя крокі ў прафесію яны робяць у КСУП «Гудагай». Моладзь, якая тут працуе, расказала пра выбар прафесіі і пра тое, чым для іх з’яўляецца іх гаспадарка.
Жывёлаводы
Алег Бразевіч, Дзмітрый Кошчыц, МТК «Смілгі»:
– У пары з Дзімам працуем з мінулага года, калі ён прыйшоў сюды. У 5.30 раніцы нас прывозяць на комплекс, а ў 7 вечара вязуць назад. Хоць раздача кармоў механізаваная, падсуваем на сталах іх уручную, выдаляем гной. Даглядаем 8 груп дойных кароў – а гэта звыш 700 галоў. Працуем пазменна: двое сутак тут, двое на выхадным. Абеды па жаданні прывозяць з калгаснага кафэ.
На комплекс перайшоў, як яго пабудавалі. Да гэтага быў слесарам на майстэрнях, механізаратам. Летась з Ванем Бародкам мы сталі першым маладзёжным экіпажам-«тысячнікам», вы пісалі пра нас.
Дзіма:
– Самае важнае ў нашай рабоце – глядзець, каб на кармавых сталах хапала сумесі. Будзе карова сытая – будзе малако, а ў нас адпаведна – зарплата. Мы дружныя! Зменшчыкі таксама неблагія.
Раней працаваў у Гроднапрамбудзе. Зарплаты сталі падаць, таму папрасіўся на комплекс. Падабаецца і работа, і калектыў, і начальства, і зарплата. (Усміхаецца.)
«КСУП «Гудагай» – самы развіты ў раёне «калгас». Тут усяго хапае, а тэхніка самая перадавая».
Алег Бразевіч.
«Наша гаспадарка лепшая! Падабаецца ўсё, асабліва кіраўнік – Эдуард Іванавіч Садоўскі. Каб не ён, нічога гэтага не было б!»
Дзмітрый Кошчыц.