Знаёмцеся: Віктар Гродзь з КСУП “Гервяты” – механізатар з Дошкі гонару
12:00 / 27.04.2025
– Пра такіх кажуць: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. На адным месцы працую 38 гадоў. Праўда, цяпер у КСУП «Гервяты» – наш калгас імя Калініна далучылі да гэтай гаспадаркі, – расказвае механізатар. – Хоць прапаноўвалі застацца ў Адэсе. Я быў апетарам радыёстанцыі ў лётных войсках. Пасля дэмабілізацыі камандзіры раілі з’ездзіць дадому, адпачыць і вяртацца назад.
Але ў Віці, як у сапраўднага вяскоўца, душа ляжала не да неба, а да зямлі.
– Хацеў уладкавацца ў мясцовы калгас шафёрам, але старшыня Віктар Іванавіч Ярмак адгаварыў, маўляў, на трактар ідзі, не пашкадуеш. Далі новага «карпатца», на якім адпрацаваў 18 гадоў, – узгадвае мужчына. – Потым атрымаў «Амкадора», пазней такі ж пагрузчык, але навейшай мадыфікацыі. А апошняга жалезнага каня далі 5 гадоў назад. Каб працаваць на пагрузчыку, трэба мець усе вадзіцельскія катэгорыі і быць вадзіцелем першага класу.
– Дык вас смела можна лічыць першакласным?! – удакладняю ў суразмоўцы. – Улічваючы, што ледзь не штогод перамагаеце ў працоўным спаборніцтве на пагрузцы арганікі.
– Ну, у лідарах, – згаджаецца Віктар і на імгненне задумваецца. – Нават і не ведаю, як растлумачыць. Працую, не сяджу склаўшы рукі. Калі будзеш старанна выконваць сваю работу, вынік не прымусіць сябе чакаць.
У сельскай гаспадарцы без «Амкадора» не абысціся. Зімой – пагрузка кармоў, вясной – арганікі, летам – трамбоўка зялёнай масы.
– Зялёны сезон пачынаецца з мая-чэрвеня і заканчваецца позняй восенню, калі кладзём у ямы кукурузу. На трамбоўцы працуем з 7 раніцы да 8 вечара. Ёсць перапынак, звычайна падсілкоўваемся прыгатаванымі ў калгасным кафэ абедамі, якія нам прывозяць на аб’ект, – тлумачыць Віктар Іосіфавіч механізатар. – Камусьці мая работа можа падацца нуднай, а мне не надакучае. Тут галоўнае – не ленавацца. Сілас і сянаж павінны быць выдатнымі!
Запытала ў мужчыны, хто яму паведаміў пра занясенне партрэта на Дошку гонару.
– Наш прафкам Марына Івашка. Думаю, ну куды я, пажылы чалавек, «палезу». Але Антонаўна катэгарычна зазначыла, што дарогі назад няма, – механізатар усміхаецца. – Першай навіну паведаміў жонцы, яна галоўны бухгалтар у КСУП «Гудагай». Парадавалася за мяне і сказала, што ў мінулым годзе яна там была, надыйшла і мая чарга. Разам пасмяяліся.
Пацікавілася ў механізатара, у чым сакрэт добрага настрою і нязменнай усмешкі.
– Відаць, такі мой склад. Ёсць людзі, якія пастаянна нечым незадаволены, ходзяць галаву апусціўшы. А я радуюся кожнаму пражытаму дню! – прызнаўся Віктар Іосіфавіч, і ў яго вачах заігралі вясёлыя іскрынкі.