Эканаміст Яна Юцкевіч выбрала прафесію па прыкладзе матулі
У іх розная спецыфіка дзейнасці, успрыманне, але аб’ядноўвае іх тое, што першыя крокі ў прафесію яны робяць у КСУП «Гудагай». Моладзь, якая тут працуе, расказала пра выбар прафесіі і пра тое, чым для іх з’яўляецца іх гаспадарка.
Эканаміст
Яна Юцкевіч:
– З дзіцячага садка да 7-га класа хацела стаць педыятрам. Калі пачаліся біялогія і хімія, зразумела, што з думкамі пра медыцыну лепш развітацца. (Усміхаецца.) Увогуле ў нашай сям’і ў блізкіх з большага матэматычны склад розуму, у мяне таксама.
Напачатку 10-га класа вызначылася з прадметамі, па якіх буду здаваць ЦЭ: беларуская і англійская мовы і, канешне, матэматыка. З такімі сертыфікатамі шлях адкрываўся ў многія вну Беларусі. Мама параіла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, дзе калісьці вучылася сама.
Пасля заканчэння гэтай вну ў жніўні мінулага года прыйшла ў КСУП «Гудагай». Спачатку было нязвыкла: поўная супрацьлегласць таму, чаму вучылі. Добрую аснову, я, канешне, атрымала, але многія нюансы даводзіцца спасцігаць на практыцы. Што самае цікавае, з мамай мы вучыліся ў БДЭУ з розніцай у 30 гадоў, і па адным з прадметаў у нас быў адзін і той жа выкладчык.
Працую пад кіраўніцтвам мамы, яна галоўны эканаміст, таму заўсёды магу звярнуцца да яе за парадай ці падказкай, дамагаюць і іншыя спецыялісты.
Я адсочваю работу сістэмы «рэсурс-кантроль» – гэта нешта накшталт спутнікавага маніторынгу расходу паліва на транспарце. А гэта звыш 80-ці адзінак грузавой тэхнікі і каля 30-ці – легкавой. Расход паліва, улік працоўнага часу вадзіцеляў і механізатараў, аб’ёмы выкананых работ (плошчы) – мая зона адказнасці. Акрамя гэтага, з нядаўняга часу буду весці ўлік кошту выкарыстання тэхнікі, простымі словамі – колькі і якіх запчастак расходуецца на кожную адзінку тэхнікі.
КСУП “Гудагай” для мяне – гэта штосьці роднае і блізкае.