Ликвидатор Эдуард Соловей рассказал о командировке в Костюковичский район
11:00 / 26.04.2025
Фото Sputnik.by
1986 год. Мінуў месяц пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС – гэта ўжо не было сакрэтам. Але і поўнага ўсведамлення пра маштабы трагедыі пераважная большасць людзей не мела… Дзе тая радыяцыя, што з сябе ўяўляе: ні ўбачыць яе, ні пакратаць? Так разважаў па дарозе на Магілёўшчыну кемелішкавец Эдуард Салавей – яго накіравалі на ліквідацыю наступстваў аварыі.«Шчасліўчыкаў» – у эшалон
– Помню той дзень, як Чарнобыль выбухнуў: гравій у кар’еры перад Падольцамі грузіў, спякота неймаверная стаяла, аж млосна рабілася. Праз колькі дзён па радыё аб’явілі. Але гэтая вестка не напужала – не разумеў што да чаго. Ды ніхто, думаю, з недасведчаных не баяўся, бо проста не ведалі нічога пра радыяцыю.«Неўзабаве мяне выклікалі ў ваенкамат, а там павестка – атрымай і распішыся: едзеш на ліквідацыю наступстваў Чарнобыльскай аварыі. Ніхто, дарэчы, і не пытаў, хочаш ці не хочаш – ваеннаабавязаны!»
Мяне з-за новага пагрузчыка забралі, наш саўгас «Кемелішкі» толькі атрымаў яго. (Задумваецца.) Нядзіўна, бо на тыя работы патрэбна была новая тэхніка, каб працавала без паломак! А што там тая радыяцыя! Ні паху, нічога! От там страх вялікі!
Перад адпраўкай на Магілёўшчыну мой трактар праверылі, тады загрузілі на асобны транспарт – і ў шлях, ён сваім ходам не ішоў ні туды, ні назад як вярталіся. І аўтамабільныя нумары на яго вайсковыя прычапілі.
Мяне на машыне павезлі ў Ваўкавыск, там на прызыўным пункце нас збіралі. Першай справай – медкамісія. Шмат людзей на ёй адсеялі. Дарэчы, моладзь не бралі, у асноўным мужчын гадоў 40-50-ці.
А тады пераапранулі ў вайсковую форму – і на эшалон. Гэтая «камандзіроўка» многім нагадала армію, у тым ліку пастраеннямі.
Пункт размяшчэння
– У Касцюковіцкім раёне «адслужыў» 2 месяцы: чэрвень-ліпень. Адзін з Астравеччыны трапіў у той «прызыў». А ўсяго нас каля паўтысячы чалавек сабралі.«Толькі прыбылі на месца дыслакацыі, як без дай прычыны пачаў адольваць кашаль, пяршэць-казытаць у горле. Адны думалі, што прыхварэлі; другія вырашылі, што ад тытуню – нават курыць кінулі… І спаць, так хіліла ў сон – не расказаць! Прыходзіў у палатку – і з ног валіўся. Не разумелі, з-за чаго гэта. Ажно ж усё ад радыяцыі было».
Дзесьці з паўмесяца так было, а потым усё супакоілася, відаць, арганізм прызвычаіўся. А вось валасы ляцелі… бы стрыг іх хто незаўважны, пілотку здымаеш – і пасыпаліся... Аблыселі мы там… Многія стрыгліся пад ноль. І самадчуванне па першасці было, бы пасля п’янкі: хадзілі, бы чумныя. І ўсё роўна страху не адчувалі.
Спалі мы ў палатках на тапчанах. Тэхніку ставілі на пляцоўцы побач з жытлом. Па перыметры лагера – агароджа: вырытая траншэя, і вароты на прапускным пункце.
Сняданкі-вячэры прывозілі ў лагер гатовыя, а абеды развозілі на «аб’екты».
Грошай мы не атрымлівалі – накормленыя-напоеныя-апранутыя былі за кошт дзяржавы. Праўда, зарплата сярэднямесячная на працоўным месцы захоўвалася. Калі па шчырасці, толку ад таго, каб нам плацілі на месцы і не было б: дзе і што купляць?
На перадавой
– На ўездзе ў зону дзяжурылі пасты – проста так туды не трапіш.«Працавалі мы на мясцовасці, над якой збівалі радыяцыйнае воблака. Жыхары расказвалі: калі самалёты наляцелі, перапужаліся, думалі, што вайна пачалася. Там жа не ўся тэрыторыя забруджана была, а «плямамі».
Перад нашым «прызывам» стаяла задача «апрацаваць» каля 40 населеных пунктаў. Здаецца няшмат, а колькі работы было! Ездзілі па вёсках і хутарах, пустыя старыя хаты зносілі, счышчалі верхні слой зямлі, на гэта месца засыпалі прывезены пясок, а следам наш камандзір з дазіметрам – глядзеў, які фон. Пад вечар камісія прыязджала, рабіла замеры. Зрабілі, замералі – усё нармальна. Назаўтра прыязджаем – ізноў радыяцыя. Вецер падзьмуў – і на табе! Па некалькі разоў бывала адно месца адпрацоўвалі! Заражаны грунт звозілі ў вызначанае месца і закапвалі яго. Праедзеш у пыле кіламетры два – і паветраныя фільтры забіты, трэба здымаць, прачышчаць.
А спякота якая стаяла! Ваенныя машыны з бочкамі ездзілі, палівалі дарогі, каб не пыліла. Не паспеюць яны праліць вадой зямлю, як зноў пыл слупом!
Бывала, мінаем фермы ды хлявы, адкуль кароў не паспелі вывезці – раву-у-уць бедныя.
З моладзі мясцовыя з той зоны павыязджалі, а старыя засталіся. Праз вёскі ўдзень едзеш, нікога не бачна. А вечарам вяртаешся, бачыш: гаспадары вакол хатак тупаюць. Мы, кажуць, тут нарадзіліся, тут і паміраць будзем. І што ты ім зробіш?!
«Праз некалькі гадоў пасля той касцюковіцкай камандзіроўкі прачытаў у газеце, што вёску Самацевічы, у кіламетрах 20-ці ад якой наш лагер размяшчаўся, амаль усю закапалі… А мы там столькі працы ўклалі. Хто ж бы мог і падумаць, што не ўратуем… Вялікае паселішча было, як нашы Кемелішкі…»
Выйсці са строю
– Праз два месяцы мяне «дэмабілізавалі». Стаім на ранішнім пастраенні, пераклічка ідзе, і тут чую: «Салавей, выйсці са строю!» Думаю: што нарабіў? Ажно мне на змену хлопца прывезлі, ён ці то з Астраўца быў, ці то з Вароны. Мала мы з ім і загаварылі. Яго прывезлі ў грамадзянскай вопратцы, дык я свае кірзавыя боты аддаў. А мне давялося ў вайсковым вяртацца дамоў, бо пераапрануцца не меў у што: усё ж у Ваўкавыску пакінуў.Не ведаю, на колькі яшчэ на Магілёўшчыне затрымаўся б – аказалася, трактар саўгасу патрэбен быў: уборка вось-вось распачнецца, а я новы трактар забраў. (Смяецца.) Ноччу прыбыў у Астравец. Сваю машыну там не пакінуў – на ёй дахаты і паехаў. А раніцай прылятаюць да мяне з ваенкамата, маўляў, хто табе
дазволіў?! Аказваецца, тэхніку трэба было спярша на мыйку, ну і падаўся я яе «апрацоўваць»…
З той пары мне як ліквідатару кожны год трэба праходзіць поўны медагляд. І вось аднойчы заленаваўся, добра сябе адчуваю, думаю: чаго лятаць туды?! Што вы думаеце, міліцыя прыехала – мусіў паслухаць. (Усміхаецца.)
– Наш доктар Валянціна Францаўна Пятроўская не дае майму Салаўю спакою: пільна сочыць за яго здароўем! – з удзячнасцю да загадчыка Кемелішскай амбулаторыі заўважае жонка ліквідатара Галіна Мікалаеўна.
Лічба
31 ліквідатар Чарнобыльскай аварыі знаходзіцца на ўліку ў Астравецкім райваенкамаце.Сімвалы Чарнобыльскай трагедыі на магілёўскай зямлі:
- алея памяці пахаваных вёсак Слаўгарадскага раёна;
- мемарыял у памяць аб пахаваных вёсках у Чэрыкаўскім раёне;
- стэла з назвамі зніклых населеных пунктаў у Касцюковічах;
- помнік “Чорная быль Краснапольшчыны”;
- знак “Ахвярам Чарнобыля” ў п. Любуж.