Пра дарогу да Бога, пілігрымкі і святкаванне Вялікадня расказвае шматдзетная маці з Астраўца Аляксандра Гамзюк

11:00 / 20.04.2025

Найвялікшае свята Вялікдзень ужо ў гэтую нядзелю з’яднае па ўсім свеце мільёны людзей. Яно адно на ўсіх, але ў кожнага сваё. Хоць, здаецца, сказана-напісана-растлумачана ўсё-ўсё пра сімвалы і традыцыі гэтай урачыстасці, тым не менш, кожны з нас перажывае яе па-свойму, праз прызму атрыманых у спадчыну ад продкаў звычаяў і ўласнага жыццёвага досведу. Як гэта – пайсці ў пілігрымку з гадавалым дзіцяткам, як у веры і лю­бові з мужам выхоўваць траіх дачушак, чаму на Вялікдзень нават у па­ветры адчуваецца невытлумачальная радасць, расказала Аляксандра Гамзюк з Астраўца. 

Хоць, прызнацца, спачатку планавалі зрабіць перадсвяточны фотанарыс сям’і, але нечаканая хвароба Артура на пару з высокай тэмпературай змяніла планы. Нездарма кажуць: чалавек плануе, а Бог мяркуе… На інтэрв’ю Аляксандра прыйшла з дачушкамі: дзесяцігадовай Палінай, пяцігадовай Кацярынай і гадавалай Ганнай. І мне здаецца, у нас з гераіняй атрымалася шчырая і рознабаковая гутарка, якая вылілася далёка за першапачаткова акрэсленую велікодную тэму…

Пра сябе, блізкіх і веру

– З дзяцінства памятаю, што за прыгатаванне да ўрачыстасці ў нашай сям’і адказвала светлай памяці бабуля Паліна, з якой мы жылі. Што тычыцца  велікодных традыцый, то яны, напэўна, такія ж, як і ў кожнай каталіцкай сям’і. У пятніцу абавязкова пасціліся. З маленства запомнілася, як бацька менавіта ў гэты дзень хацеў з’есці чаго-небудзь мяснога, а бабуля не давала. (Усміхаецца.) Дзякуючы ёй хадзілі ў касцёл.  

Артур нарадзіўся тут, але ўсё жыццё пра­жыў на Брэстчыне. Мужавы бацькі і сваякі таксама веруючыя людзі – практыкуючыя католікі. Напрыклад, май і кастрычнік – месяцы, калі ў касцёле штодзень праходзяць набажэнствы, а яны дома абавязкова чытаюць літанію, таму што са Знаменкі ў храм дастаткова праб­лематычна даехаць.

Дарэчы, мужавы дзядуля Яўген у са­вец­­кі час па ўласнай ініцыятыве ад­шук­ваў мецэнатаў, каб сабраць сродкі на аднаўленне і рэканструкцыю касцёла ў Да­ма­чаве, дзе душпастырства нясуць айцы кармеліты босыя. Калі мы хрысцілі пля­мен­ніка Ванечку, майго Артура пазналі ў Гудагаі, таму што ён моцна падобны да дзеда. 


Тут, у Астраўцы, жыве бабуля мужа. 

Дзякуючы ёй ездзім з сям’ёй на ўрачыстасць Андрэя Баболі ў Гра­даў­шчыз­ну. Цырымоніi, калі дзяўчаты падчас працэсіі пасыпаюць перад святаром кветкі, Паліна называе «свенты-свенты». У маі ўжо будуць півоні, цюльпаны, абавязкова возьмем з сабой пялёсткі, каб мае дзяўчаткі там высцілалі кветкамі дарогу перад найсвяцейшым сакрамэнтам. 

І Вялікдзень, і Божае Нараджэнне ў нас былі самымі важнымі святамі. Артур стараецца так спланаваць рабочы графік, каб на святы быць з намі. 

Штонядзелю стараемся ўсёй сям’ёй быць на імшы. Як і ў кожнай мамы, у  мяне таксама бываюць моманты, калі моцна стамілася, не хапае сіл. Артур мяне падтрымлівае і настойвае, што варта ісці ў храм.  У гэтым сэнсе мне падабаецца святарская мудрасць і дальнабачанне нашага пробашча Юзафа. Святар лічыць, што калі не атрымліваецца быць у касцёле з-за хваробы дзіцяці ці па іншай аб’ектыўнай прычыне – гэта не такі ўжо і вялікі грэх. 

У нас адна бабуля ў Турцыі, другая – у Брэсце, таму мне няма з кім пакінуць дзяўчынак, калі хтосьці з іх хварэе, каб схадзіць на імшу. У маёй бабулі моцна хворыя ногі, ёй складана хадзіць. Каб не гэта, яна яшчэ б і маіх дзяцей глядзела!

Хутка Паліна прыме першую камунію. Гэтую хвалюючую падзею чакаем усёй сям’ёй. Адпаведна ў наступным годзе дачку таксама чакае пост. (З усмешкай паглядзела на дачку. – Заўв. А.Г.). Ніякай музыкі, і менш цукерак. 

Каця, напрыклад, не можа ўседзець на месцы. Пасля яе паводзінаў, бо часам злуюся, мне трэба ісці спавядацца. (Усміхаецца.) 

Да глыбокага ўсведамлення веры я прыйшла ў свядомым узросце. Не ведаю, як і калі гэта адбудзецца з маімі дзяўчынкамі. Тут, як і ў выхаванні, універ­сальных рэцэптаў няма. З Артурам мы стараемся іх вучыць адносінам, павазе, стасункам праз уласны прыклад.

Пра традыцыі 

– Раней была класная традыцыя ў аст­равецкім касцёле, калі ў Вялікую суботу моладзь збіралася ў касцёле на начное чуванне ля Гроба Хрыста. Не было такога, што людзі змяняюць адзін аднаго, юнакі і дзяўчаты пільна неслі варту ўсю ноч. З сяст­рой Наталляй па чарзе чыталі малітву. Я прыйшла на гадзінку, а выйшла з касцёла пасля сканчэння ранішняй урачыстай імшы. 

У касцёле Космы і Даміяна галоўная ве­лікодная імша адбываецца ў 6 гадзін раніцы. У Брэсце, напрыклад, яна пачынаецца ў 9 гадзін вечара, а чытанні прамаўляюць  на розных мовах: рускай, бела­рускай, польскай, італьянскай… А ра­ні­цай муж бацькоў вязе на службу ў Дамачава. 

Здавалася б, адно свята – але традыцыі рэгіёнаў крыху адрозніваюцца.

Час Вялікага посту і велікодны перыяд унікальны. У гэты час моладзь не толькі спявае песні, ад якіх наварочваюцца слёзы, але і ладзіць пастаноўкі кшталту «Размовы з Богам». У такія моманты прыходзіць усведамленне: без Бога жыць немагчыма!   

Пра пілігрымкі

– Пілігрымкі – вельмі важная частка майго жыцця. У першыя паломніцтвы пачала хадзіць з 2005 года. Сапраўдны сэнс веры зразумела дзякуючы такім хрысціянскім падарожжам. 

Першая пілігрымка была Ашмяны-Тракелі. Не прайшоў і дзень, а я ўжо сказала сабе, што больш ніколі не пайду. (Усміхаецца.) Гэта складана – ісці дзясяткі кіламетраў у спёку. Як правіла, з-за няведання (я не выключэнне!) людзі набываюць новае адзенне і абутак, які праз некалькі гадзін хады пачынае моцна націраць ногі. Прыгадаўся радочак з рэлігійнай песні: «Абуўшы свае старыя сандалі»… У мяне рэальна ёсць такія сандалі, шытыя-перашытыя, але найлепшага абутку для пілігрымак яшчэ не знайшла. 

Паліну ўпершыню ў пілігрымку ўзяла, калі ёй было 8 месяцаў. Канешне, пешшу мы прайшлі не ўсю дарогу, а толькі першы і апошні дні. Уявіце, на руках яе нёс апостальскі нуцый Клаўдыё Гуджэроцці! Падчас пілігрымкі ўсе настолькі родныя і роўныя, што цалкам сціраюцца статусы, становіцца другасным і неістотным, хто ты – папскі пасланнік ці звычайная верніца, якая яшчэ ўчора сто разоў пашкадавала, што выправілася ў гэты шлях… (Усміхаецца.)

У 3 гады Палінка таксама была са мной падчас пілігрымкі ў Будслаў. У «Інстаграме» нават здымак ёсць, дзе каляску з ёй цягне ксёндз Вадзім Сурвіла, які цяпер кусташ у тракельскім санктуарыі. Прайшлі мы, канешне, не ўсю дарогу – тая траса дастаткова складаная для дарослага чалавека, але свой кавалачак шляху адолелі. 

Многія здзіўляліся, як я адважылася ісці ў такую дарогу з дзіцям. Я не бачу ніякіх складанасцей – многія ж мамы гуляюць з каляс­кай па горадзе, а я ішла і мне дапамагалі іншыя вернікі. У Паліны нават была адмысловая майка з надпісам «Лепшая дзяўчынка гэтай пілігрымкі!». (Усміхаецца.) 

Ледзь не штогод з сяброўкай, якая прыязджае з Масквы, пешшу хадзілі на ўрачыстасць у Гудагай.

Сёлета, калі атрымаецца, плануем наведаць санктуарый Маці Божай, якую называюць каралевай Палесся, у Лагішыне. Была там двойчы, і зноў хочацца трапіць у гэтае святое месца. 

Складана словамі апісаць тое, што мне давалі пілігрымкі. Гэты досвед трэба перажыць і адчуць. Па-першае, я атрымала духоўную раўнавагу, праблемы, якія здаваліся невырашальнымі, вырашаліся.

Запомнілася апошняя пілігрымка, у якой была з вернікамі з Нарачы. Ідзеш, ідзеш, а потым раптоўна перад вачыма будслаўскі касцёл – ад гэтай карціны ў мяне  перахапіла дух. Хочацца, каб у святых месцах Беларусі пабывалі і дачушкі. Мару, што, калі яны падрастуць, мы ўсе разам абавязкова сходзім у пілігрымку. 

Пра святкаванне

– Звычайна адно са святаў – Божае Нараджэнне ці Вялікдзень – мы праводзім дома, а на іншую ўрачыстасць едзем на Брэстчыну. 

Сёлета будзем у Астраўцы. На яйка абавязкова запросім прабабулю. З дзяўчаткамі, магчыма, вывучым, каро­цень­кія вершы, каб яны маглі схадзіць у жакі да суседзяў. 

– У мінулым годзе мы хадзілі ў жакі. Адзін дзядуля нас так хораша прыняў і пачаставаў рознымі цукеркамі, а таксама даў вялізную шакаладную плітку! – зазначыла Паліна. 

– А я буду фарбаваць яйкі ў колеры вя­сёлкі: чырвоны, аранжавы, жоўты, зялёны, блакітны, сіні, фіялетавы, – летуценна сказала Каця. – А яшчэ будзем булачкі рабіць!

Пра словы Хрысту

–  Што скажу Езусу ў гэты светлы дзень? Ведаеце, я даўно нічога не прашу ў Бога ні ў пілігрымках, ні падчас імшы. Я бязмежна яму ўдзячна за тое, што ў мяне ўсё ёсць: муж, пра якога можна толькі марыць, і цудоўныя дачушкі, любячыя родзічы і сябры; што магу працаваць і набываць тое, што хочацца; што можна хадзіць у храм і ездзіць адпачываць… Больш нічога не трэба, калі ў сэрцы ёсць вера, а ў жыцці – Бог і любоў.  

Фота з архіва сям’і Гамзюк.






Текст: Алёна Ганулич