Вербная нядзеля

09:00 / 13.04.2025

На вербніцу пазбаўлюся грахоў

І з пальмавай галінкай увайду

У храм святы і велічны ізноў.

Прад святым тронам Бога ўпаду.

З пакорай я зірну на Божы твар,

Галузку вербы ў захапленні прыхіну.

Хрыстос – цэлага свету ўладар,

Адкупіць хутка кожнага віну.

Зялёныя лісточкі на вярбе,

Даюць святла і міру пачуццё.

Хрыстос ахвярна аддае сябе,

Каб мы ўсе мелі вечнае жыццё.

Ствару ў душы я свой Ерусалім,

Каб Бог туды ўрачыста ўвайшоў.

Укленчу і схілюся перад Ім,

Падзякую, што Ён мяне знайшоў.

Пазбавіў усіх ран маіх і бед,

Усё грэшнае, нячыстае скарыцца.

У руках трымае велічны Сусвет,

Са сну граху дапамагае абудзіцца.

На вербніцу пазбаўлюся правін,

На сэрцы стане лёгка бы ад лекаў.

Як добра, што калісьці Божы Сын

Так палюбіў бясконца чалавека.


Марта БАГДАНОВІЧ.