Пра значнасць Вялікадня, традыцыі і сімвалы свята расказвае вікарый касцёла Святых Космы і Даміяна, ксёндз Яўген Ціхан
10:00 / 13.04.2025
Як варта перажыць гэты перыяд, якія велікодныя сімвалы і традыцыі спадарожнічаюць вялікаму святу – пра гэта і іншае пагутарылі з вікарыем касцёла Святых Космы і Даміяна, ксяндзом Яўгенам Ціханам.
– Значнасць гэтага свята шматвектарная і шматаблічная. Варта звярнуцца да пачатку гісторыі чалавецтва. Праз смерць і змёртвыхпаўстанне Хрыста Бог збаўляе чалавека, даруе ўсе правіны і дае магчымасць трапіць у рай.
Гістарычна наша хрысціянскае свята накладваецца на яўрэйскую Пасху – гэта святкаванне іншай падзеі, калі народ Ізраіля выходзіць з егіпецкага рабства і пераходзіць праз Чырвонае мора. І назва Пасха паходзіць менавіта адтуль – слова «песах» азначае пераход. У каталіцкай інтэрпрэтацыі гэта значыць пераход ад граху да святасці, ад смерці да жыцця.
Вялікдзень – свята святаў, бо яно ўвасабляе збавенне. А гэта самае найбольшае, што Бог дае чалавеку, – не жыццё, а менавіта збавенне.
– Ксёндз Яўген, калі развіваць гэту тэму не з рэлігійнай, а абывацельскай кропкі гледжання, тады кожны чалавек у любы момант можа навярнуцца і атрымаць збавенне?
– Божае прабачэнне ўсеабдымнае. Але яшчэ ў святым пісанні згадваецца, што вера праяўляецца ва ўчынках, а не на словах.
Збавенне тычыцца ўсіх людзей, нават, іншай веры. Але варта памятаць, што крочыць шляхам у гэтым накірунку можна толькі ўдзельнічаючы ў жыцці Касцёла, выкарыстоўваючы святыя сакрамэнты: споведзь, ці пакаянне, адпушчэнне грахоў, хрышчэнне і іншыя. У пэўнай ступені яны з’яўляюцца ўвасабленнем і адлюстраваннем Вялікадня.
– Што абавязкова павінен зрабіць кожны веруючы падчас Вялікага посту і ў велікодны перыяд?
– Адзін з касцёльных наказаў – прынамсі раз у год менавіта ў гэты час паспавядацца і прыняць святую камунію. Варта патлумачыць, што велікодным перыядам лічыцца час ад Папяльцовай серады і 50 дзён пасля Вялікадня да свята Спаслання Святога Духа. Гэта амаль каля трох месяцаў і, мне здаецца, час можа знайсці кожны.
Калі хтосьці перад Вялікаднём не паспеў прыступіць да сакрамэнтаў пакаяння і паяднання па важнай прычыне, напрыклад, з-за стану здароўя, то ў бліжэйшы час павінен паспавядацца і прыняць святую камунію.
Найчасцей у людзей са словам «пост» узнікае асацыяцыя з абмежаваннем у ежы, у прыватнасці, з ужываннем мяса. Насамрэч гэта не так. У католікаў у гэты перыяд, акрамя Папяльцовай серады, няма дадатковых дзён посту. На працягу года ўстрымлівацца ад мясных страў трэба ў пятніцу, можна і ў сераду, і ў суботу – але гэта не патрабаванні, а рэкамендацыі.
Галоўная мэта Вялікага посту – магчымасць чалавека наблізіцца да Бога праз малітву, засяроджанасць. Здавён існуе традыцыя, што ў гэты час не адбываюцца розныя радасныя і вясёлыя мерапрыемствы. Цішыня і спакой дазваляюць чалавеку задумацца над той ахвярай, якую дзеля роду людскога прынёс Божы Сын.
Падчас Вялікага посту ў касцёлах адбываюцца асаблівыя набажэнствы: крыжовы шлях і песні жальбы. Яны таксама дапамагаюць уяўна перажыць пакуты Езуса, задумацца і падрыхтавацца да свята.
У гэты перыяд прынята рабіць пастановы, каб палепшаць, ачысціцца, духоўна ўзрасці. Гэта не абавязкова павінны быць маштабныя рэчы. Можна працаваць над сваім характарам, умацоўваць сілу волі – кожны павінен выбраць па сабе.
Упэўнены, што гэта абавязкова паслужыць дабрабыту чалавека.
– Нагадайце асноўныя традыцыі і сімвалы Вялікадня.
– У велікодную вігілію ў Вялікую суботу асвячаецца пасхал – велізарная свечка з пяццю чырвонымі гронямі, якія сімвалізуюць пяць ран Хрыстовых. Гэта самы галоўны сімвал свята. Запаленае святло ўвасабляе Езуса. У многіх сем’ях на велікодных сталах стаяць «пасхалікі» – запаленыя свечкі.
Яйкі сімвалізуюць адраджэнне жыцця, перамогу Божага Сына над смерцю. Іх, а таксама іншыя прадукты і стравы (хлеб, здобу, вяндліну, соль, ваду і іншае) звычайна кладуць у велікодны кошык для асвячэння. Кожны з гэтых дароў мае ўласны канкрэтны сімвал, які нагадвае пра мукі і ўваскрэсенне Хрыста.
– З Вербнай распачынаецца Вялікі тыдзень, які завершыцца Велікодным Трыдыумам. У чым асаблівасць гэтага часу?
– У Вербную нядзелю мы святкуем уваход Езуса ў Ерусалім, калі людзі яго віталі галінкамі пальмы, а пазней крычалі «Укрыжуй!».
Кожны дзень гэтага тыдня называецца Вялікім. У Вялікі чацвер Езус устанавіў найсвяцейшы сакрамэнт і таінства святарства. У гэты дзень асвячаюцца алеі, якія потым выкарыстоўваюцца на працягу года падчас хрышчэння, кансэкрацыі касцёла, высвянчэння ксяндзоў і ва ўдзяленні сакрамэнтаў.
У пятніцу Езуса ўкрыжавалі і ўкаранавалі цернем. Вялікая пятніца – адзіны дзень у годзе, калі не адпраўляецца святая імша.
Наступае цішыня Вялікай суботы, і гэта асабліва праяўляецца на Вялікдзень. Вялікія святы заўсёды распачынаюцца вечарам пасля заходу сонца. Акрамя літургіі святла, якую я ўзгадваў вышэй, асвячаецца вада для хрышчэння.
Менавіта падчас велікоднай вігіліі ўпершыню пасля Вялікага посту спяваецца радаснае «Алелюя!» і распачынаецца святкаванне ўваскрэсення Хрыста. Традыцыйна ў Вялікую суботу варта захоўваць пост ад спажывання мясных страў.
Раніцай звычайна адбываюцца працэсіі вакол касцёла, б’юць званы і пачынаецца 50-дзённае святкаванне.
Хоць варта ўзгадаць пра важнасць велікоднай актавы, якая працягваецца на працягу тыдня да наступнай нядзелі. Гэта настолькі важнае святкаванне, што ў гэты час нават няма посту ў пятніцу.
– Ксёндз Яўген, сёлета Вялікдзень разам будуць адзначаць католікі і праваслаўныя. Што б вы сказалі ці пажадалі кожнаму з нагоды гэтага вялікага свята?
– Цудоўна, што найвялікшае хрысціянскае свята мы будзем сустракаць разам. Жадаю, каб у апошнія перадвелікодныя дні сама падрыхтоўка да Вялікадня не прыглушыла духоўнай значнасці гэтай важнай падзеі; каб Езус уваскрос у кожным доме і кожным людскім сэрцы.