Чаму вёску Ігнацова называюць Турцыяй, расказвае яе жыхар Станіслаў Курыла
З задавальненнем прачытаў нарыс Іаланты Валуевіч пра Косцевічы, і вырашыў расказаць пра сваю родную вёску.
Цікава атрымліваецца: Ігнацова таксама неафіцыйна называюць Турцыяй! Толькі такая мянушка ў нашага населенага пункта па іншай прычыне.
Адзін чалавек з Ігнацова ваяваў на руска-турэцкай вайне і вярнуўся дадому. На жаль, яго імя я не ведаю, толькі прозвішча – Браніцкі. З таго часу людзі пачалі яго празываць Турачка, а вяскоўцаў – туркачы. Некаторыя да таго ставіліся абыякава, а іншыя жыхары вёскі і злаваліся. Непрыемна ж чуць здзеклівае: “Ну як там у вас, у Турцыі?” Ці зняважлівае: “Туркачы на танцы ў клуб прыйшлі”.
Калі летам унукі прыязджалі да Браніцкіх, вяскоўцы зазначалі, што “да Турачкі ўнукі прыехалі”. А мы, вясковыя малыя, хутка беглі да іх і бавіліся разам.
Вось так і сталася, што ў нашага Ігнацова такая ж неафіцыйная назва, як у Косцевіч. Таму смела можна лічыць іх вёскамі-тёзкамі. Толькі назвы мясцін у нас зусім іншыя: Вапельня, пад Зязюлькай, у Ляску, Смалярка, Замкоўка, Камянішнік і іншыя.
Станіслаў КУРЫЛА.