Разважанне: а што я ведаю пра вайну ў сваёй сям’і
10:00 / 01.04.2025
Вядома ж, у дзяцінстве мяне зусім не цікавілі падзеі 1941-1945 гадоў, у тым узросце і значэння слова «вайна» не разумела. Таму і не звяртала ўвагі, калі бабуля зрэдку ўзгадвала час, «калі жылі пры немцах». Пра Вялікую Айчынную як гістарычны факт даведалася ўжо ў школе. Але гэта як мастацкія творы, нягледзячы на жахлівае апісанне падзей, успрымалася як нешта абстрактнае і далёкае. Ведала шаблоннае, што тыя гады – страшная трагедыя, але не паглыблялася у іх. Таму Вялікая Айчынная вайна больш атаясамлівалася са святочнай праграмай да 9 Мая ў школе, радасным настроем і сустрэчай з ветэранам, які мала расказваў пра баі, але шмат усміхаўся і жартаваў.
Жах 1941-1945 гадоў усвядоміла ў дарослым жыцці, дзякуючы стасункам з жывымі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай, іх роднымі. Слухаючы скупыя ўспаміны, назіраючы, з якім болем даецца кожнае слова, гледзячы на выбітыя на руках чарнільныя нумары вязняў канцэнтрацыйных лагераў, суперажывала і захаплялася адначасова. Вось яны – сапраўдныя героі без тэрміну даўнасці!
А на мітынгах да Дня Перамогі з павагай глядзела на людзей, што трымалі ў руках партрэты продкаў. Іх дзяды-бабулі таксама былі на вайне…
А вось сваіх родных я амаль не распытвала пра вайну. Чаму? Не ведаю. І якім шокам былі словы мамы, калі прыкладна 5 гадоў таму яна неяк прамовіла: «Дык ваш дзядуля Янка, мой тата, таксама ваяваў. Трапіў у палон, але прабыў там нядоўга, бо іх вызвалілі. Вайна хутка скончылася, і ён прыйшоў дадому.
Больш нічога асабліва не ведаю, бо ён не любіў узгадваць пра той час».
Дзядулі даўно няма ў жывых, няма ўжо і мамы. Але ёсць веданне, што мой продак – Іван Ляховіч з вёскі Гурнікі тады Спондаўскага, цяпер Міхалішкаўскага сельсавета – удзельнік Вялікай Айчыннай. Пра яго будуць ведаць нашчадкі. І калі ў каго-небудзь яшчэ ёсць магчымасць запоўніць прабелы пра вайну ў сваёй сям’і – абавязкова зрабіце гэта. Нават не дзеля іх памяці, а для свайго сумлення. Каб ведаць, ганарыцца, перадаваць далей.