Месячник по охране труда проходит в организациях АПК: как дела обстоят в КСУП «Михалишки»
З 17 сакавіка па 17 красавіка ў агранізацыях сельскай гаспадаркі Астравеччыны праходзіць месячнік бяспекі працы падчас вясенне-палявых работ. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрый Адула і галоўны спецыяліст ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анастасія Крывіцкая наведаюць усе сельгаспрадпрыемствы. Маніторынг спецыялісты распачалі з КСУП “Варняны”, а падчас паездкі ў КСУП “Міхалішкі” да іх далучыўся карэспандэнт “раёнкі”.
Да слова, падобныя месячнікі сталі традыцыйнымі для нашага раёна: звычайна яны праходзяць падчас асноўных сельскагаспадарчых кампаній. І гэта невыпадкова: на працягу апошніх гадоў менавіта ў гэтай галіне ў Гродзенскай вобласці адзначаецца высокі ўзровень вытворчай траўматызацыі. Летась, да прыкладу, у выніку няшчасных выпадкаў у Прынёманні загінула 6 працаўнікоў, а 21 чалавек атрымаў цяжкія пашкоджанні.
– Асноўны акцэнт падчас маніторынгу надаём многім аспектам. Гэта і наяўнасць аптэчак першай дапамогі ў аўтамабілях і самаходных машынах, правяраем забеспячэнне работнікаў спраўнымі інструментамі, спецыяльным адзеннем, абуткам і сродкамі індывідуальнай засцярогі, абуладкаванне санітарна-бытавых зон, уключаючы душавыя з гарачай і халоднай вадой і арганізацыю харчавання. Да слова, у КСУП “Гервяты” яно цалкам аплочваецца наймальнікам, а іншыя сельгаспрадпрыемствы, у тым ліку КСУП “Міхалішкі”. даюць частковую кампенсацыю, – па дарозе патлумачыў Юрый Адула. – Стварэнне бяспечных умоў працы –працэс, які патрабуе пастаяннага кантроля і ўвагі з боку кіраўніцтва. Толькі так можна захаваць здароўе работнікаў, забяспечыць іх бяспеку і стабільнае выкананне вытворчых задач. Мне здаецца, што адной з галоўных праблем застаецца невыкананне правілаў самімі працаўнікамі і паслабленне кантролю з боку спецыялістаў. Толькі сумесныя намаганні работнікаў і кіраўніцтва могуць гарантаваць бяспечныя ўмовы працы.
Першым пунктам у маршруце правяраючых значыўся цэнтральны мехвор. Ля ўезда на тэрыторыю заўважыла яго вялікую карту-схему, якой раней не было, – адзін “плюсік” “міхалішкаўцы” ўжо заслужылі.
Праўда, далей асабіста мяне чакала расчараванне – у дадзеным выпадку я не пра ахову працы, а банальны парадак, дакладней яго адсутнасць, на тэрыторыі і ўнутры майстэрань. Усё ж такі спадзяюся, што работнікі прыбяруцца, для гэтага трэба толькі іх жаданне…
…Але вяртаючыся да тэмы: у гаражы вадзіцель займаўся рамонтам аўтамабіля, загнаўшы яго на яму, без выкарыстання супрацьадкатных упор. На заўвагу гасцей з раёна пра гэта, толькі адмахнуўся, маўляў, тэхніка на ручніку і нікуды не пакаціцца.
З парушэнняў, якія адразу кінуліся ў вочы, – адсутнасць раструбаў у вогнетушыцелях, выкарыстанне драўляных калодак пры рамонце тэхнікі і агрэгатаў.
Парадавала, што намаганнямі кіраўніцтва гаспадаркі санітарна-бытавыя ўмовы для механізатараў і вадзіцеляў палепшалі – з’явілася душавая кабіна і гарачая вада.
Загадчык майстэрань Аляксандр Карвэль паабяцаў, што ўсе парушэнні выправяць. Хочацца верыць, што так і будзе.
Вяртаючыся ізноў зазірнулі ў гараж, з якога пачынаўся маніторынг. Колы аўтамабіля ўжо падпіралі “супрацьадкаткі”. Парадавала, што вадзіцель прыслухаўся да заўваг – а значыць у пэўнай ступені засцярог сваё жыццё.
З Міхалішак накіраваліся ў Страчанку, дзе размяшчаецца другі мехдвор гэтай гаспадаркі. Для сябе адзначыла чысціню і парадак, якія тут панавалі, па ўсім бачна, што працуюць тут сапраўдныя гаспадары.
У майстэрні заспелі толькі аднаго вадзіцеля, які рамантаваў свой аўтамабіль. Іншыя былі ў полі – у самым разгары пасяўная. Па словах Віктара Канчаніна, які падвозіць ваду пад унясенне “хіміі”, хацелася б, каб хутчэй набывалі і дастаўлялі неабходныя запчасткі.
На пытанне пра створаныя на аб’екце ўмовы для бяспечнаяй працы мужчына не адказаў і параіў пра гэта лепш пацікавіцца ў загадчыка механічных майстэрань, што мы і зрабілі.
Праблема нумар адзін, якая найбольш цікавіла Анастасію Крывіцкую, гэта абуладкаванне пакоя для адпачынку і прыёму ежы. Майстэрня не ацяпляецца, а зімой, рамантуючы тэхніку, механізатарам трэба дзесьці пагрэцца і перакусіць.
Загадчык Уладзімір Станевіч не толькі расказаў, але і паказаў адпаведны адрамантаваны пакой, куды правялі святло. Засталося вырашыць пытанне з функцыянаваннем бойлера і ацяпленнем.
Апошнім пунктам на карце КСУП “Міхалішкі” для раённага прафсаюзнага лідара аграрыяў і спецыяліста па ахове працы стаў цэнтральны зернесклад гаспадаркі ў Заборцах. Найперш правяраючыя прагледзелі дакументацыю ўліку правядзення інструктажоў і іншае. Зазначу, што яны праводзяцца пастаянна, праўда, некаторыя журналы параілі замяніць, таму што яны састарэлага ўзору. Загадчык зернесклада Іна Сяўрыс, якая тут працуе толькі 3-ці месяц, паказала медыцынскую аптэчку першай дапамогі, у якой ёсць нават танометр, а таксама запэўніла, што да пратраўлівання зерня дапускаюцца толькі работнікі ў сродках індывідуальнай засцярогі.