З гайкамі ў кішэні нарадзіўся слесар аўтапарка №4 Анатоль Раманенка
13:00 / 25.03.2025
Што грузавы шматтоннік, што вялізны аўтобус – механікі аўтабазы рамантуюць нават самую тэхнічна складаную тэхніку.
Чвэрць веку назад, у 1999 годзе, аўтаслесарам у аўтабазу прыйшоў Анатоль Раманенка:
– У 1989 годзе прыехаў на Астравеччыну з Расіі, тут ажаніўся і асеў, – расказвае Анатоль Раманенка. – Працаваў у ДРБУ, затым у КБМ. Знаёмыя характарызавалі аўтабазу як моцнае прадпрыемства са стабільнай работай і заробкам – гэта і прыцягнула. Зарплату тады і сапраўды добрую плацілі і на часткі не дзялілі – усёй сумай атрымлівалі. І работы ўсім хапала: шмат было ў парку машын і аўтобусаў.
Гайкі кручу з задавальненнем з 14-ці гадоў. Я з той катэгорыі людзей, пра якую гавораць «з балтамі ад нараджэння». На трактарах працаваў – і іх рамантаваў.
Тэрыторыя і гаражы аўтабазы за дзесяцігоддзі амаль не змяніліся, толькі абнавіліся. І мыйку дабудавалі. Цяпер у гаражах нас працуе 8 слесараў і зваршчыкаў, 2 чалавекі на СТА – усяго дзесяць. Спраўляемся!
Раней прыехаў, да прыкладу, аўтобус на рамонт або абслугоўванне – і вадзіцель са слесарам сумесна непаладкі выпраўлялі. Цяпер адказнасць за механічны стан транспарту ляжыць на слесарах. Можа, таму што з запчасткамі прасцей – паехаў і купіў, у 2000-х жа старыя перабіралі, «ляпілі» з таго, што было. Слесары адзін аднаму дапамагаюць, ды і вадзіцелі яшчэ ёсць, каторыя заўсёды побач, – у камандзе работа спорыцца.
Увогуле гадоў 20 таму працаваць у майстэрнях было складаней. На вуліцы рамантаваліся, калі месца ўнутры не хапала: і холадна было, сыра, снегам парошыла… Цяпер – на табе: усе выгоды. І ў боксы машыны заходзяць па чарзе.
Раней працавалі ў дзве змены, і слесары ў тым ліку. Праўда, калі я прыйшоў, рамонтнікаў перавялі ў адну. Але ж як неабходна тэрмінова аўтобус адрамантаваць, каб у рэйс адправіць, – маўляў, Пятровіч, трэба – і дапазна затрымліваўся, і ў выхадны выходзіў.
Новая тэхніка патрабуе пастаянна вучыцца. Як? Інтэрнэт у дапамогу: чытаем там інфармацыю, разбіраемся. Тэхніка мінулага часу прасцейшая была, зразумелая. Цяпер жа адной электронікі «напічкана» – пакуль дойдзе, што адкуль і куды.
Калісьці ўсё ўручную круцілі – ламы, манціроўкі былі ў дапамогу… Цяпер пісталет і гайкавёрт: падключыў, ціск падаў – і нашмат лягчэй.
Калектыў наш мяняецца ўвесь час: сёння на змену старэйшым прыйшлі маладыя. Са слесараў адзін я застаўся «з барадой». Хтосьці і месяца не адбывае – не хочацца ў «мазуце» дзень за днём калупацца. Я ж да гэтых «гаек» душой прыкіпеў. Колькі розных дэталяў, запчастак і шмат іншага – перабіраць іх цікава!
Так, бывалі моманты, калі хацеў звольніцца – каб проста нешта памяняць. Але раздумаюся: навошта, калі і тут добра? Так і застаўся. (Усміхаецца.)