Амаль паўстагоддзя працуе вадзіцелем у аўтапарку Франц Раткевіч

12:30 / 25.03.2025
Маладыя іскрынкі ў вачах 68-гадовага Франца Раткевіча збіваюць з панталыку: не верыцца, што ён «пад 50 гадкоў» адпрацаваў вадзіцелем аўтобуса ў аўтапарку. Але гэта так.

– Як прыйшоў сюды ў 1979 годзе адразу пасля арміі, так і застаўся, – успамінае Франц Раткевіч. – Дырэктарам тады быў Адам Стручко – харошы начальнік і чалавек, талковы мужык, сапраўдны настаўнік для нас, маладых. І паўшчуваць мог, і пахваліць – хто чаго заслугоўваў. (Усміхаецца.)
Сеў я на старэнькі «пазік». Гэта цяпер які тут мароз – у тыя часы пад 30-ку шчыміла, дык разагрэй яго паспрабуй.
І начлег цяпер толькі ў Заві­дзі­нентах, а раней 11 «начлежак» было па раёне. У Свіры ў гасцініцы начавалі, па вёсках кватаравалі ў бабулек, з якімі арганізацыя дагавор заключала. І гэта на базе была гарачая вада, а на начоўцы 20 літраў вады зліваеш з рухавіка, ставіш каля печкі – каб не замерзла…
Доўга на «пазіку» ездзіў – гадоў, можа, з дзесяць. Не спяшаліся тады машыны спісваць: матор адкапіталілі – і далей аўтобус працуе.
Набывалі і  новую тэхніку, але яна даставалася ў першую чаргу заслужаным, больш вопытным калегам. 
І ўніформа ў вадзіцеляў была – спачатку шэрая, потым сіняя. Нават з фуражкай! 
Вялікі быў тады аўтапарк – толькі маршрутаў аўтобусных 26! У Паб­радзе ездзілі, у Вільнюс… Неяк Стручко на Новы год скамандаваў увесь транспарт паставіць на базе – столькі тэхнікі з’ехалася, што месца ўсім не хапіла: машын 20 назад адправіў. 
І калектыў быў дружны. Ды і цяпер на калег не скарджуся! І ўсе дырэктары мне харошыя – яны кіраўнікі, лепш ведаюць, што ды як. Галоўнае, каб зарплату лю­дзям плацілі. (Смяецца.) А калі сур’ёзна, нават у складаныя для аўтабазы часы не перажываў, што грошы затрымлівалі. Галоўнае, каб работа была.
Я не выбіраў, на якім аўтобусе ездзіць, –  што далі, на тым і руліў. 
І ніколі не мог адмовіць спыніцца, калі «галасуюць» на абочыне, не паспеўшы дайсці да прыпынку. Да таго ж, як казаў дырэктар Стручко, кожны пасажыр – гэта нашы грошы. А ездзіла раней шмат людзей! Паўнюткія аўтобусы, асабліва ў нядзелю, – як вадзіцелі смяяліся: гарбатыя хадзілі.
Рамантуюць тэхніку цяпер слесары. Але я не магу пакінуць ім машыну і пайсці – увесь час побач кручуся: можа, дапамагчы што трэба ці ключ падаць... Ды і хутчэй зробіцца, і мне спакайней. 
За дзесяцігоддзі тэрыторыя аўта­парка змянілася: былы дырэктар Аляк­сандр Жук шмат сілы ўклаў у яе абнаў­ленне і навя­дзенне парадку. Асфальт замянілі, палосы для руху і стаянкі нанеслі, нават аўтамабільны «парк» на агароджы намалявалі – прыгожа было…
Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович