Віктар Савіч з вышкай на “ты”
12:30 / 23.03.2025
На пытанне, як даўно ў ЖКГ, мужчына адказаў канкрэтна: з 15 чэрвеня 2004 года, на вышцы – з 25 лютага 2018-га.
– Тэлефоны і даты запамінаю добра, – усміхаецца астраўчанін.
Машына Віктара не прастойвае ні дня. Калі пачалося будаўніцтва атамнай электрастанцыі, вышку арандавала Гроднапрамбуд, задзейнічаюць яе і на рэканструкцыі гарадскіх шматпавярховак – заказваюць арганізацыі, якія выконваюць работы.
Каб працаваць на вышцы, неабходна адпаведная адукацыя – мужчына з усмешкай называе сябе «сертыфікаваным» вадзіцелем аўтагідрападымальніка. Падняць спецыялістаў для правядзення работы на вышыні – асноўная задача Віктара Савіча.
– У асенне-зімні перыяд, пакуль не пайшоў рух соку, займаемся абрэзкай дрэў, – дапаўняе мужчына, – выдаляем аварыйныя, фарміруем кроны.
І дадае: важна не толькі слухаць каманды зверху, але і самому разумець, што чалавеку ў люльцы трэба – калі страла высока, пачуць адтуль просьбу складана. А вышка Савіча можа дастаць да восьмага паверха.
– Люблю пераднавагодні час, – расказвае мужчына. – Убранне горада, мантаж галоўнай ёлкі… Раней ставілі жывую – з лесу прывозілі. Цяпер гэта металаканструкцыя. Каб яе сабраць, тры дні шчыруем. Потым чапляем цацкі, гірлянды…
На выбрыкі надвор’я Віктар Савіч не скардзіцца, хоць і працуе ўвесь час пад адкрытым небам. У спёку, канешне, складаней – ад сонца не схаваешся, хіба што каска галаву засцерагае. (Усміхаецца.) А калі холадна, проста трэба цяплей апрануцца.
Калі Віктар ідзе ў адпачынак, «адпачывае» і яго машына.
– Калі падчас непагадзі, да прыкладу, зрывала банер, тэлефанавалі: выйдзі, калі ласка! У адпачынку, але бягу, – гаворыць Савіч. – У выхадныя, калі еду на дачу, трымаю ў кішэні тэлефон і прашу: калі што – пішыце СМС, бо там дрэнная сувязь. І бегаю потым па вёсцы, каб знайсці месца, дзе яна цягне, – ператэлефанаваць. Трэба тэрмінова вярнуцца – скокнуў у машыну і паехаў.
Перасесці на іншую тэхніку ці змяніць месца працы? «Не! – упэўнена адказвае мужчына. – Мне добра тут. Прыцягнула гэта работа, ды і спраўляюся. Дык навошта мяняць?»
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.