Аляксей Ігнаценка: пра работу і Дошку гонару

10:00 / 23.03.2025

Дзень, ноч, «адсыпны», выхадны – да такога графіку Аляксей Ігнаценка, слесар па абслу­гоўванні цеплавых сетак участка «Ацяп­ляль­ныя кацельныя і цеплавыя сеткі» РУП ЖКГ не проста прывык, ён яму падабаецца. Хоць спачатку гонар Астравецкага раёна сумняваўся, што знайшоў сваё месца…

Пра дзяцінства і мары

Нарадзіўся Аляксей у Аст­раўцы, скон­чыў сярэднюю школу №2 і паступіў ў Ашмян­скі аграр­на-эканамічны каледж на права­знаўства. 

– У школе быў упэўнены, што гуманітарый: прачытаў, за­пом­ніў – адказаў, – расказвае мужчына. – Мары, куды пайсці вучыцца, не было. Падумваў пра сілавыя структуры – не склалася. 
Малады і без вопыту

Пасля службы ў арміі, вярнуўшыся на ра­дзіму, Аляксей пачаў шукаць работу. Сказаць, што было складана – нічога не сказаць: без стажу нікуды не бралі. 

Уладкаваўся ў былы КБМ, дзе адна фірма рабіла брыкеты з пілавіння – тры гады там адпрацаваў: аператарам, майстрам. Затым арганізацыя перастала існаваць. На яе месцы ЖКГ адкрыла вытворча-будаўнічы ўчастак. Аляксей перайшоў туды. Участак таксама праіснаваў нядоўга, але ЖКГ людзей без работы не пакінула: у 2012 годзе Ігнаценку прапанавалі перайсці на цеплавыя сеткі.

Ад гуманітарыя да «тэхнара»

– Усё, што выйшла з кацельнай – а гэта гарачая вада і ацяпленне – і дайшло да спажыўца – тым і займаўся, – паясняе Аляксей. – Спачатку дапамагаў калегам і знаёміўся з работай, бо яе не ведаў ад слова «зусім». Лічу, мне «атамка» дапамагла ўладкавацца: шмат спецыялістаў з арганізацый раёна, у тым ліку камунальнікаў, зышлі туды працаваць. Інакш наўрад ці ўзялі б. (Усміхаецца.)

Яго брыгада займалася абслугоўваннем цеплакамер, заменай труб. І форс-мажоры, канешне, здараліся: дзе трубу прарвала, дзе ў кватэрах вада прапала… 


Адправяць Ігнаценку перакрыць лінію – дзесяць люкаў праглядзіць, і толькі адзінаццаты будзе тым, які патрэбен. Так і набіраўся малады чалавек вопыту. Дзе што перакрыць, як знайсці – сваім розумам даходзіў. Што запамінаў, а што запісваў і нават замалёўваў. Гэта цяпер усё ў галаве трымае. 

– Да кацельнай становішся спінай: трубы ідуць адтуль – значыць туды і ты ідзеш, – успамінае. – І настаўнік у мяне добры быў – Раман Сярпейка. Усюды з сабой браў. І на раён разам выязджалі. Прызнаюся, спачатку работа не падабалася. Думаў: куды я трапіў?! А потым зацягнула, і цяпер адчуваю: на сваім месцы. 

На кацельнай

З лістапада Аляксей пера­й­шоў слесарам на кацельную. Адву­чыў­шыся, атрымаў пасведчанне аператара і змяніў спецыфіку работы. Цяпер на ім абслугоўванне насосаў, засавак і іншага абсталявання кацельнай. Працуе мужчына па зменах з начнымі дзяжурствамі.

– Я сава, таму нармальна пераношу начную змену, – усміхаецца слесар Ігнаценка. – А за абсталяваннем пастаянна трэба глядзець – лепш зарання маленькую паломку ўстараніць, чым потым аварыю. 

Кацельная працуе круглы год, падаючы гарачую ваду насельніцтву, таму работы ў слесара хапае.

– Але мне падабаецца, – працягвае гонар раёна. – Тут я сам за сябе адказваю. Далі заданне – зраблю, мяне не трэба кантраляваць. Трэба затрымацца, каб закончыць справу, – без праблем. Увогуле, калі прыйшоў на цепла­сеткі, былі яшчэ старыя металічныя трубы, над якімі звар­шчык карпеў гадзінамі, – цяпер з фітынгамі: разматаў і падключыў. Час эканоміцца і зроблена якасна. І цеплакамеры – свайго роду новыя тэхналогіі. Інструмент таксама аб­ляг­чае працу: балгаркі, генератары, дрэлі на акумулятарах…

– Ужо не хачу нічога мяняць, – падводзіць вынік нашай размовы Аляксей. – Прывык тут, стаў спецыялістам, набыў вопыт. І зарплата задавальняе. Увогуле, як сказаў мне некалі калега, у ЖКГ складана першыя дзесяць гадоў, затым прывыкаеш. Пагаджуся!

Аляксей Ігнаценка жыве ў прыватным доме, але доб­ра разумее чалавека з паверхаў, дзе ў кране раптам можа не стаць гарачай вады, – таму абавязкі слесара, які адказвае за бесперапынную работу кацельнай, выконвае адказна, хутка і якасна. 

Коратка пра галоўнае
  • Астравец да будаўніцтва АЭС і цяпер – розніца велізарная. Абыйсці ўсе цеплакропкі раней паўгадзіны займала, а сёння дабрацца хоць бы да 3-га мікрараёна… А яшчэ на перспектыву пад Бараноўкай закладзены камеры на падключэнне новых дамоў – аб'ёмы…
  • У аварыйных выпадках не ведаеш, ці хутка справішся. Таму не загадваю. Галоўнае – зрабіць. 
  • Быў у адпачынку, здарылася аварыя, тэлефануюць калегі: падкажы, як зрабіць. Доўга тлумачыць. Сабраўся – і ім на падмогу. 
Міні-апытанка

– Самы важны інструмент у вашым рабочым «чамаданчыку»?
– Мабыць, трубны (газавы) ключ. 

– Самае складанае ў рабоце?
– Зрабіць хутка і якасна.

– З чаго пачынаецца працоўны дзень?
– Абавязкова абыходжу кат­лы. Аўтаматыка, транс­пар­цёр, шнэк… – пра­ве­ры­ць, пад­цягнуць, уключыць. 

– Які час змены больш за ўсё чакаеце?
– Калі яе трэба здаваць. Змена прайшла спакойна – і ты задаволены.

– Што адчувалі, калі даве­даліся, што занесены на Дош­ку гонару?
– Калі сказалі з пашпартам прыйсці ў кадравы аддзел, думаў, чарговая зверка да­дзеных. Там і аб’явілі. Адчуў радасць і гонар, што рабочая спецыяльнасць на Дошцы «засвеціцца».


Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.



Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович