В войсковой части 7434 служат лучшие

10:55 / 18.03.2025

18 сакавіка ў Беларусі адзначаецца Дзень унутраных войскаў. Гэта свята тычыцца вайсковай часці 7434, якая ахоўвае галоўны стратэгічны аб’ект нашай краіны – атамную электрастанцыю. Нашу ваенную часць можна назваць унікальным фарміраваннем унутраных войскаў, бо гэта адзінае ў сваім родзе фарміраванне краіны і служаць у ім лепшыя з лепшых. 

«Гісторыя ўнутраных войскаў пачынаецца з 1918 года, калі была ўтворана першая канвойная каманда. За 107 гадоў існавання мы дасягнулі высокага ўзроўню баяздольнасці. Унутраныя войскі маюць шырокі спектр службовых і баявых задач: наша часць ахоўвае надзвычай важны аб’ект краіны – БелАЭС; ёсць падраздзяленні па ахове грамадскага парадку, канвойныя, стралковыя, спецпрызначэння; спецыяльныя сапёрныя групы і гэтак далей.

У нас ёсць шмат прыкладаў гордасці за сваё прызначэнне. Так, доказ сілы духу і адданасці справе, Радзіме – легендарны надпіс на сцяне Брэсцкай крэпасці «Я паміраю, але не здаюся» належыць байцу 132-га батальёна войскаў НКВД. Да слова, ад гэтага батальёна бярэ пачатак гісторыя нашай часці, і мы прыкладаем усе намаганні, каб быць годнымі памяці папярэднікаў. 

Адно са сведчанняў таму – прафесійныя поспехі. Вайскоўцы службы РХБА, сапёрна-піратэхнічнай групы, атрада спецпрызначэння, роты аховы… – можна пералічваць розныя параздзяленні, якія славяць часць дасягненнямі. Спадзяюся, гэту планку будзем не проста трымаць, а штогод павышаць».

Захар Жукаў, камандзір вайсковай часці 7434.


Думкі візуалізуюцца

З п’едэсталу гонару не сыходзіць  майстар спорту па стральбе з табельнай зброі, баец атрада спецпрызначэння «Цыклон» з пазыўным Стралок.

Служба ва ўнутраных войсках для байца пачалася ў 2010 годзе – з паступлення ў Ваенную акадэмію.  

Са школьных часоў хлопец займаўся стральбой, дапрызыўным шматбор’ем, паспяхова выступаў на рэспубліцы. 

– І ў акадэміі гэту справу працягнуў, – гаворыць баец. – Прайшоў адбор у зборную. На першых спаборніцтвах паказаў сярэдні вынік, затое атрымаў добры вопыт – гэта неацэнна. Важна зразумець, што адбываецца ўнутры цябе, і навучыцца кіраваць гэтымі пачуццямі падчас падрыхтоўкі, на старце і пасля. У мяне гэта атрымалася: на наступны раз заняў 1-е месца па стральбе з пісталета на чэмпіянаце акадэміі, вынікова выступаў на спаборніцтвах рознага ўзроўню. 


– Умець пазбавіцца непатрэбных думак, няўпэў­ненасці, сканцэнтравацца на выніку – вось што першасна, – зазначае суразмоўца і дадае:

– Працуючы ў камандзе, павінен паказаць менавіта тое, што ты добра ўмееш рабіць.

Асабістае

*Сканцэнтравацца на вынік дапамагае думка пра яго паспяховасць. Да пачатку падрыхтоўкі ўяўляю сябе пераможцам – так, магчыма, візуалізую будучы поспех. Падчас спаборніцтваў гэта думка ўжо не турбуе і не дае іграць эмоцыям.

*Не трэба баяцца выпрабоўваць свае магчымасці, інакш ты проста не будзеш ведаць, на што здольны і над чым табе трэба папрацаваць.

Трэба імкнуцца да перамогі

Яўген Івашка прызнаны лепшым ва ўнутраных войсках начальнікам каравула па ахове аб’ектаў. 

Для Яўгена гэты вопыт спаборніцтваў не першы, яшчэ падчас тэрміновай службы, у 2000-м, ён паказваў добрыя вынікі, праўда, у камандзе – гэта быў футбол.

– На спаборніцтвах унутраных войскаў наша каманда займала прызавыя месцы. Паказваў доб­рыя вынікі ў лёгкаатлетычных кросах, службовым шматбор’і, плаванні, на лыжных гонках, – узгадвае ваеннаслужачы. – А вось у конкурсе на лепшага начальніка каравула па ахове аб’ектаў абараняў гонар часці ўпершыню. 


Камісія ацэньвала веданне абавязкаў, тактычную, агнявую, медыцынскую, фізпадрыхтоўку і валоданне рукапашным боем. 

– Дапамагалі рыхтавацца калегі – кожны па сваім накірунку. На перамогу спадзяваўся – інакш нашто ўдзельнічаць, – усміхаецца Яўген. – Конкурс праходзіў у Баранавічах, дзе я шмат гадоў адслужыў, таму, як кажуць, сцены не чужыя былі; сустрэў там сяброў і знаёмых – гэта трымала ў тонусе.


Асабістае

*Лепш выступаць не першым. Так будзе магчымасць прызвычаіцца да абстаноўкі, паглядзець на сапернікаў, прааналізаваць іх памылкі. 

*У асабістым заліку спаборнічаць цяжэй – у камандзе падтрымка ёсць, нюансы адзін аднаго падкарэктаваць можна, а тут – сам-насам. 


На вынік працуе вопыт

Адказны выканаўца службаў інжынернай, РХБА і ТСА Ксенія Байко пераможца спаборніцтваў унутраных войскаў па стральбе сярод жанчын. 

– Лічу, што проста ўдала зорачкі сыходзяцца, – усміхаецца дзяўчына. – Узровень падрыхтоўкі ва ўсіх удзельніц цяпер высокі, і ролю ў вызначэнні пераможцаў іграюць літаральна 1-2 ачкі. Кожны раз, калі еду на спаборніцтвы, перажываю – ажно рукі трасуцца.


Ксенія прыйшла ва ўнутраныя войскі пасля заканчэння акадэміі фізічнай культуры, спорту і турызму. У 2013-м пачала службу і праз пару гадоў ужо выступала на спаборніцтвах, прычым вынікова.

– Першы раз, без падобнага вопыту, незнаёмае месца, няма каму падказаць і нагадаць пра дыханне, стойку… Было страшна і маральна цяжка. Тады ў ПМ1 выбіла 49 ачкоў са 100 – і заняла 3-е месца, – узгадвае Ксенія. – Цяпер на такі вынік мінімум трэба 85.


Дарэчы, у маёй суразмоўцы гэта атрымліваецца. Так, у мінулым годзе ў асабістым заліку яна ўзяла два 1-х месцы. Трымаць высокую планку дапамагае вопыт – горкі, як зазначае Ксенія, а дакладней: работа над уласнымі памылкамі. Карысныя заўсёды і парады калег, у тым ліку – як пазбавіцца мандражу.

Асабістае

*Працаваць на сябе і на каманду – гэта рознае. У асабістым заліку адказваеш толькі за свой вынік, а ў камандзе на табе яшчэ адна місія – не падвесці таварышаў.

*Паказаў добры вынік – і ад цябе чакаюць яго ў наступны раз. Разумеючы гэта, яшчэ больш пачынаю хвалявацца, а патрэбна халодная галава – вучуся працаваць з эмоцыямі.


Каманда – адзіны арганізм

Лепшы вынік на спаборніцтвах унутраных войскаў сярод экіпажаў БТР паказаў баец атрада спецпрызначэння «Цыклон» з пазыўным Лесавік.

Яго ўдалае выступленне ў індывідуальным заліку прынесла каштоўныя ачкі і ў агульную скарбонку астравецкай каманды – разлік заняў 1-е месца. Вайсковец паспяхова ўдзельнічаў і ў спаборніцтвах па рукапашным боі, сярод экіпажаў боемашын «Ліс».

– Не магу сказаць, што аддаю нечаму перавагу, бо гэта ўсё з’яўляецца неад’емнай часткай маёй прафесіі, а яна мне па душы, – зазначае баец. – А падрыхтоўка да спаборніцтваў – гэта пастаянная работа над удасканаленнем прафесійных навыкаў.


Ва ўнутраныя войскі малады чалавек трапіў у 2019 годзе, калі яго прызвалі ў армію. Аддаўшы доўг Радзіме, вырашыў застацца на кантракт – і стаў байцом атрада спецпрызначэння. У гэтым ролю сыграла і добрая фізпадрыхтоўка.

– Падчас вучобы ў каледжы хадзіў на секцыю па рукапашным боі, меў добрыя вынікі, – расказвае вайсковец. – Запомніўся першы выхад на спаборніцтва – хвалююча. Каб годна адпрацаваць, сабраў сілы ў кулак і засяродзіўся на тым, што рабіў. Уменне спраўляцца з эмоцыямі прыходзіць з вопытам, а лепшы памочнік у любой справе – халодны розум. 


Асабістае

*Самае значнае дасягненне для мяне – служба ў «Цыклоне», а спаборніцтвы – гэта проста павышэнне прафесійных навыкаў. 

*Каманда – гэта адзіны арганізм. Мы заўсёды ўпэўнены, што кожны адпрацуе па-максімуму, і гатовы падстрахаваць любога з таварышаў.

Вайскоўцы, пра якіх мы расказалі, далёка не ўсе, чые прафесійныя дасягненні заслу­гоў­ваюць увагі – будзе яшчэ нагода з імі пазнаёміцца.  

Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо, из архива в/ч 7434