Астраўчанка Валянціна Віннічак стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года – 2024»
Традыцыйна напачатку вясны ў Беларусі падводзяць вынікі рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года». Сёлета ў лік яго пераможцаў трапіла педагог дадатковай адукацыі Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, народны майстар па саломапляценні Валянціна Віннічак.
– Цырымонія праходзіла ў Нясвіжы. Дарэчы, там я калісьці жыла, таму двойчы прыемна было апынуцца на ўрачыстасці на той зямлі, дзе хадзіла 17-гадовай дзяўчынкай. У замку для ўдзельніц свята зладзілі экскурсію і цудоўны канцэрт, падчас якога адбылося ўзнагароджанне. Мяне адзначылі ў намінацыі «Сэрца аддаю людзям». Калі да мяне звярталіся за дапамогай, ніколі не адмаўляла. Напрыклад, шмат вырабаў з саломкі я падрыхтавала для Беларускага саюза жанчын, у тым ліку для рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Да слова, на цырымоніі ў мой адрас гучала асаблівая падзяка за зроблены з саломкі Герб Беларусі – было нечакана і прыемна, – падзялілася астраўчанка.
– Не ўпершыню мне ўдзельнічаць у сустрэчах такога маштабу, але ў кожнай з іх ёсць нешта сваё. На «Жанчыну года» не проста трапіць, бо дастойных жанчын шмат. Парадавала, што там сустрэла і знаёмых, – расказала Валянціна Вільеўна. – Урачыстасць была вельмі прыгожая, добра арганізаваная. Намінацый было шмат – прыемна, што ў пераможцы трапілі жанчыны рознага статусу, рознага ўзросту і розных прафесій. Уражанні самыя цудоўныя, нават выказаць словамі цяжка. Ведаеце, на ўзнагароджанні, калі пачула сваё прозвішча, не адразу ўсвядоміла, што менавіта мяне паклікалі на сцэну. (Усміхаецца.)
Для тых, хто ведае Валянціну Віннічак, няма сумненняў, што яна заслужыла званне «Жанчына года». Нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці, яна змагла зберагчы ў сэрцы любоў і дабрыню да кожнага і знайсці справу жыцця, якая прыносіць задавальненне і якой яна запальвае агеньчыкі творчых натхненняў у сваіх вучнях.