На Астравеччыне пачалася пасяўная
Надвор’е так і шэпча: канец зіме. І для аграрыяў Астравеччыны, якія ўвесь год трымаюць руку на пульсе, гэта не столькі падказка, колькі адмашка да актыўнага дзеяння – самы час пачынаць пасяўную.
– Сеем з 8 сакавіка, – расказвае трактарыст-машыніст КСУП “Варняны” Віктар Міхалоўскі, якога мы сустрэлі ў полі за Варнянамі. – На павестцы – авёс. Зямля пакуль вільготная – гэта добра.
І дадае: “Усё, я паехаў! Няма часу стаяць”.
Увогуле ж, да пасяўной кампаніі прыступілі ўсе гаспадаркі раёна. Як паведаміў загадчык сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Міхаіл Шлыковіч, пад яравыя збожжавыя і зернебабовыя ў гэтым годзе адведзена 6 420 га раённых плошчаў, з іх 583 – пад пшаніцу, 2 492 – пад ячмень, 495 – пад авёс, 1 450 – пад кукурузу, 150 – пад грэчку, 1 250 га – пад зернебабовыя.
Да слова, пад яравы сеў на ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна нарыхтавана 6 933 тоны мінеральных угнаенняў.
Нездарма кажуць: прыйшла вясна – закасвай рукавы: падкормка азімых, ворыва, культывацыя, унясенне мінеральных угнаенняў, вываз арганікі і падсеў шматгадовых траў – шчыруюць аграрыі Астравеччыны ў палях па ўсіх франтах.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.