Ворнянский партизан: Григорий Скубилов служил в разведке
10:00 / 05.03.2025
Партызанскі разведчык
– У снежні 1942-га дзядуля з двума сябрамі Дзянісам і Рыгорам Ганчаровымі далучыліся да партызан, – расказвае астраўчанка Аксана Пазлевіч. – Хлопцы ведалі, што гэты ўчынак паграджае іх сем’ям смерцю: акупанты жорстка распраўляліся з роднымі народных мсціўцаў. Таму прыдумалі, як ім здавалася, хітры план: пайшлі ў суседнюю вёску на танцы, і ў той жа вечар туды «наляцелі» партызаны.
Юнакі дамоў не вярнуліся. Раніцай бацькі Рыгора, не дачакаўшыся сына, выправіліся на пошукі. Куды зніклі хлопцы, ніхто з вяскоўцаў сказаць не мог, адно меркавалі: мабыць, схапілі партызаны.
– З таго часу да прадзядулі з прабабуляй пачалі часта наведвацца немцы: пераварочвалі ўсё ў хаце, у ежу насыпалі попел і, прыстаўляючы да грудзей аўтамат, крычалі «Партызаны!», – узгадвае пачутае ад родных Аксана.
Толькі праз год бацькі даведаліся пра лёс сына. Атрад, у якім ваяваў Скубілаў, праходзіў праз яго родныя Лубяны, хтосьці з вяскоўцаў прызнаў у параненым партызане на фурманцы Рыгора.
Рыгор і Ніна Скубілавы з сынам
Рыгор Кузьміч расказваў, што перад выхадам на дыверсіі бачыў прарочыя сны – у іх маці папярэджвала сына пра небяспечнасці. Пра гэта ён сказаў таварышам, і камандзір кожны раз перад заданнем цікавіўся, ці сніў маці і аб чым тая гаварыла.
Рыгор Кузьміч Скубілаў спярша быў разведчыкам атрада №40 партызанскай брыгады «Чэкіст» (Шклоўская ваенная акруга), затым пераведзены ў брыгаду Жуніна.
– Для перадыслакацыі на Брэстчыну ў снежні 1943-га сфарміравалі 8-ю партызанскую брыгаду пад камандаваннем Жуніна. Дарэчы, туды адбіралі толькі маладых і вынослівых байцоў, якія змогуць пераадолець нялёгкі і няблізкі шлях, – дзеліцца звесткамі Аксана. – Амаль 2 месяцы заняла дарога. Ідучы на падмогу ў заходнюю частку нашай краіны, партызаны вялі баі з акупантамі, і, прыбыўшы ў лютым на месца, уключыліся ў актыўную барацьбу з ворагам. У ліпені 1944-га брыгада Жуніна злучылася з дзеючай арміяй.
Там, на Брэстчыне, Рыгор Кузьміч закончыў баявы шлях.
– Дзядуля ўсё жыццё падтрымліваў сувязь са сваім камандзірам – яны ліставаліся, – гаворыць унучка ветэрана.
Баявыя заслугі Скубілава адзначаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём «Партызану Айчыннай вайны» І ступені; партызан прадстаўлены да ордэна Чырвонай Зоркі і медаля «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені.
З узнагароднага ліста да ордэна «Чырвоная Зорка»:
«Таварыш Скубілаў з ПТР прабіў і вывеў са строю 12 паравозаў, падпаліў шляхам абстрэлу 3 вагоны з ваенным грузам. Узарваў 3 воінскіх эшалона, дзе было знішчана 5 вагонаў з жывой сілай <…>, 10 аўтамашын і 5 гармат. Спаліў 3 драўляныя масты. Удзельнічаў у 2 рэйкавых войнах <…>. Таварыш Скубілаў Р.К. паказаў сябе ў атрадзе мужным, смелым разведчыкам. <…>. Удзельнічаў у 6 адкрытых баях і засадах атрада. Удзельнічаў у разгроме 2-х нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў.
Мае 3 Падзякі ад камандавання».
Пасля злучэння партызан з дзеючай арміяй Скубілаў застаўся ў Брэсце – паступіў у настаўніцкі інстытут.
Першым месцам работы Рыгора Кузьміча стаў Маларыцкі дзіцячы дом. Там жа працавала яго будучая жонка Ніна Дзмітрыеўна.
У 1954-м сям’ю Скубілавых накіравалі на Астравеччыну – у Варнянскі дзіцячы дом.
– Яны працавалі і ў Варнянскай школе. Бабуля – настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, дзядуля – гісторыі і геаграфіі, – расказвае ўнучка ветэрана. – А яшчэ дзед добры быў мастак – маляванне было для яго своеасаблівай аддушынай. Дома меў асобную майстэрню, чаго там ні было на стэлажах: шмат рознай паперы, туш, пэндзлі, пер’я, фарбы, гатовыя плакаты, замалёўкі, партрэты розных дзеячаў, напісаныя яго рукой… Дзядуля афармляў і стэнды – школьныя і для іншых устаноў.
Майстэрня зачынялася на замок, і не кожнаму туды быў адкрыты доступ. Гэта абмежаванне ўнучкі не тычылася: ёй дзед дазваляў многае – не толькі ўсё пакратаць-пашчупаць, але і паспрабаваць сябе ў якасці мастака. А яшчэ вучыў азбуцы Морзэ – не дзіва, бо па ваенна-ўліковай спецыяльнасці Скубілаў быў радыётэлеграфістам.
– Рыгор Кузьміч вёў у мяне гісторыю. Якія ж цікавыя былі яго ўрокі. Ён быў эмацыянальны, харызматычны, быццам паказваў монаспектакль, мы глядзелі на яго шырокімі раскрытымі вачыма, глытаючы кожнае слова – матэрыял запамінаўся, – узгадвае аднавяскоўка ветэрана Валянціна Боўша. – А яшчэ выкладаў працоўнае навучанне, вельмі рукасты быў чалавек. Ведаю, што прыгожа выразаў і выпільваў з дрэва. У дзяўчынак таксама вёў працоўнае навучанне (дамаводства тады не было). Дык вось, калі рабілі якую рэч, яна павінна была атрымацца ўзорнай – Рыгор Кузьміч хібаў не дазваляў. Ён быў эстэстам ва ўсім – патрабавальны да сябе і іншых таксама. Заўсёды прыветлівы, з усмешкай, з любым мог знайсці тэму для размовы. Мне здаецца, яго любілі ўсе. Як і яго жонку Ніну Дзмітрыеўну. Уявіце: дзетдомаўскія выхаванцы прыязджалі ў госці да Скубілавых, ліставаліся з імі, туліліся як да бацькоў!
– Цікавая рэч жыццё, – разважае ўнучка партызана. – У дзяцінстве я зачытвалася кнігамі пра піянераў-герояў, пра ваенныя подзвігі незнаёмых мне людзей. А між іншым, жывы прыклад героя – мой дзядуля – жыў побач, а зразумела я гэта толькі калі пасталела…
Рыгор Кузьміч пайшоў з жыцця ў 1992 годзе. Яго ўзнагароды, дакументы, фотаздымкі цяпер захоўваюцца ў музеі Варнянскай школы, куды іх перадалі родныя ветэрана.
Фота з архіва А. Пазлевіч.