Масленіца ў Астраўцы: як гэта было
Праводзілі зіму і гукалі вясну, вадзілі карагоды і гулялі ў народныя забавы, частаваліся блінамі і спаборнічалі ў конкурсах – прыгожым святам завяршыў масленічны тыдзень Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.
– Рабілі Масленіцу не столькі, каб разнастаіць вольны час нашых юных сяброў, галоўнай мэтай было пазнаёміць іх з нацыянальнай культурай, абрадамі і звычаямі беларусаў, – тлумачыць намеснік дырэктара цэнтра творчасці Вольга Герасімовіч. – Забаўкі рабілі традыцыйныя масленічныя: кола з каляровымі стужкамі, біццё падушкамі, скачкі ў мяшках, перацягванне каната, кіданне валёнка, спальванне пудзіла Масленіцы… Прадумалі рэквізіт і касцюмы для персанажаў; бліноў напяклі – стараліся зрабіць усё, каб у удзельнікаў свята засталіся яскравыя эмоцыі.
Падрыхтоўчай работы было шмат, але, па словах арганізатараў, усмешкі, зацікаўленасць, актыўнасць і настрой юных і дарослых гасцей свята гэтага каштавалі.
Забаўляйцеся дзеці і дарослыя
– Як тут весела! Мы прыехалі з Вароны. Перамаглі ў баях падушкамі – нескладана і цікава было. І падарункавыя сертыфікаты атрымалі на аквагрым і смачняшку! – радуюцца Аляксей Мядэйша і Мікіта Гасцевіч. – І ў мяшках скакалі на хуткасць, і ў фотазонах здымкаў нарабілі, і пап-корнам частаваліся… Чакаем, калі будуць пудзіла спальваць – гэта проста ваў!
– На пачатак свята крыху спазнілася – карагоды прапусціла, – засмучаецца Ксенія Бурава. – Затое на конкурсы паспела: у мяшках скакалі навыперадкі. У пары гэта цяжка рабіць, трэба сінхроннасць трымаць, інакш заблытаюцца ногі і звалішся. Упершыню на Масленіцы, таму як спальваюць яе пудзіла бачыла толькі па тэлевізары, а сёння ўвачавідкі буду назіраць!
Убачыўшы ў “Інстаграм” афішу свята, Крысціна і Юрый Целегавы тут жа вырашылі: пойдзем.
– Сын ходзіць у цэнтр творчасці на гурток, таму мы падпісаны на яго суполкі ў сацыяльных сетках – адтуль і даведаліся пра Масленіцу, – расказваюць муж з жонкай. – У студэнцтве такіх забаў не прапускалі.
Дарэчы, Юрый стаў першым з дарослых, хто вырашыў паўдзельнічаць у масленічных спаборніцтвах.
– Хваляваўся. Але што было рабіць: сын засаромеўся, калі яго выбралі паўдзельнічаць у кідках валёнка, – трэба ж было бацьку паказаць прыклад. Дарэчы, выйграў сертыфікат на смачняшку. І нашага Івана гэта ўзбадзёрыла! -- усміхаецца Юрый. – Я родам з Наваполацка. У нас штогод ладзяць маштабныя гарадскія масленічныя гулянні. Удзячны цэнтру творчасці, што для дзяцей такое свята зладзілі, і прадстаўленне цікавае, і гульні – атмасферна.
Прыйшла з дзецьмі на свята і сямейная пара Казачэнка.
– Прывялі сваіх дзяўчатак. Увогуле з жонкай стараемся хадзіць з дочкамі на падобныя мерапрыемствы – дзецям патрэбны станоўчыя эмоцыі, а гэта добры адпачынак і перазагрузка пасля школьнага тыдня, – гаворыць Сяргей Казачэнка.
– Ім тут падабаецца, ва ўсім стараюцца паўдзельнічаць. І я не адстаю – паказваю прыклад! Перамог у скачках у мяшку – дочкі так за мяне хварэлі, што не мог іх падвесці. (Усміхаецца.) У выніку выйграў для абедзвюх сертыфікаты на аквагрым.
Адзначалі лепшых майстроў
У гэтым годзе ўпершыню арганізавалі майстар-клас, а затым і конкурс на лепшую масленічную ляльку – было пададзена 42 заяўкі.
У сваёй сваёй узроставай катэгорыі 1 месца заняў вучань СШ №1 Арцём Бабойць.
– Перш чым узяцца за работу, чыталі, як правільна робіцца лялька: яе трэба не сшываць, а звязваць, твар не прамалёўваць – каб была безасабовай. Нешта з матэрыялу ў бабулі на гарышчы знайшлі, нешта ў магазіне дакупілі і пачалі працаваць, – усміхаецца хлопчык. – Перамог дзякуючы маме – дапамагала мне. Гэта была мая першая перамога ў конкурсе – прыемна. Цяпер буду маму ў парнёры браць заўсёды – з яе дапамогай дакладна будзе поспех!
– Паглядзелі ў інтэрнэце, як павінна выглядаць масленічная лялька і ўзяліся за работу, матэрыялы прынеслі з дому, некаторыя настаўнік даў. Канешне, хацелася трапіць у лік пераможцаў – і ў нас атрымалася, – дзеляцца гервяцкія школьніцы Эвеліна Фядосенка, Марыя Васільчык і Дар’я Лаўрыновіч. – Шчаслівыя, што прызавое месца занялі, што падарункі атрымалі, што на Масленіцу трапілі – і блінамі са згушчонкай пачаставаліся, і на забавы паглядзелі. Упершыню на такім свяце – весела, прыгожа!
Арганізатары дзякуюць за дапамогу ў правядзенні свята аддзелу адукацыі, РАНС, раённым арганізацыям “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, “Чырвоны Крыж”, рэдакцыі раённай газеты, а таксама рамеснікам, якія разнастаілі тэматычныя пляцоўкі.