Іосіф Кушлевіч і Аліна Тубіс знайшлі сваё шчасце ў доме састарэлых
14:00 / 02.03.2025
На краі чужога гнязда
Іосіф Кушлевіч адносна малады ў параўнанні з асноўным кантынгентам, ён з 1956-га года. Амаль усё жыццё мужчына пражыў у Вераб’ях, пераехаў сюды са Свіры, калі ажаніўся. Працаваў спачатку на цагельным заводзе, а калі яго закрылі – на кардоннай фабрыцы ў Альхоўцы. Кожны дзень туды-назад 7 кіламетраў – такі сабе фітнес.
Яны з жонкай выгадавалі дваіх сыноў: адзін застаўся у бацькоўскай хаце, другі, ажаніўшыся, пасяліўся ў Альхоўцы.
Жыццё з радасцямі і засмучэннямі, здабыткамі і стратамі ішло сваёй чаргой. Ды здарылася бяда: памерла жонка. І Іосіф Уладзіміравіч нібы асірацеў… Не, сыны не выганялі з хаты, не папракалі кавалкам хлеба, але ў іх работа, клопаты, інтарэсы, а ён так, побач.
– Калі яшчэ была праца, нейкі занятак, весялей было. А так што – ляжыш дзень пры дні на канапе, – успамінае свой тагачасны псіхалагічны стан мужчына.
І папрасіўся ў Падольцы, дзе ўсе такія, як і ён.
Адна, зусім адна…
І Аліна Іванаўна апынулася ў Падольцах, калі аўдавела. Іх хата была апошняй жылой у Варзянах. Калі раптоўна памёр муж, яна ад стрэсу, які адразу ж абвастрыў усе хваробы, трапіла ў бальніцу.
Вяртацца назад не было як: што рабіць адной у пустой хаце, у пакінутай вёсцы? Абедзве дачкі жывуць у Літве, зрэдзьчасу праведваюць, але рабіць гэта чым далей, тым цяжэй.
Яе перавялі ў Міхалішкаўскую ўчастковую бальніцу. Але жанчына, трохі аклямаўшыся, стала прасіцца ў Падольцы: усё ж бліжэй да сваёй хаты, мо, калі і праведае роднае селішча…
«Я яе адразу палюбіў…»
– Я адразу яе згледзеў, як прыехала, – прызнаецца Іосіф Уладзіміравіч. – Дарма, што старэйшая за мяне на 10 гадоў, а жвавая, сімпатычная. Ды да яе мой сусед па пакоі стаў падлабуньвацца. Я перш думаў: не стану перашкаджаць. А потым вырашыў: не, мая будзе! Я яе адразу палюбіў…
І сталі яны, як у казцы: жыць-пажываць ды дабро нажываць. Купілі тэлевізар, каб глядзець тыя перадачы, якія хочацца, а не тыя, за якія «прагаласуе» большасць. А калі тэлевізар надакучае, чытаюць навіны, слухаюць любімых артыстаў і глядзяць ролікі на планшэце – ідуць у нагу з часам. Выпісалі «Астравецкую праўду», каб не стаяць у чарзе за мясцовымі навінамі.
Мінулым летам папрасіліся пажыць у Варзянах, на прыродзе.
– Трэба ж даглядаць селішча, абкошваць, парадак трымаць, – па-гаспадарску зазначае Іосіф Уладзіміравіч.
– Пчолы ад нябожчыка мужа засталіся. Было дзевяць дамкоў, але каторыя прапалі, каторыя пакралі. Вясной зноў рой сеў. Цяпер шэсць. То мы і пчоламі займаліся: начынне ж пчалярскае засталося.
А ўвосень яны зноў вярнуліся ў Падольцы.
– Як там зімаваць? – нібыта апраўдваецца Аліна Іванаўна. – Бліжэйшая вёска – Караняты, да яе яшчэ трэба падумаць як дабрацца. Дый тая ўжо паўпустая…
– Ды тут добра, – дадае Іосіф Уладзіміравіч. – Накормленыя, абмытыя… Грэх скардзіцца. А ўдваіх і весялей! Ёсць з кім пагаварыць, ёсць пра каго клапаціцца…
Так і сталася, што ў сталым узросце, зведаўшы нямала гора, сустрэліся дзве адзіноты і стварылі сям’ю.
І жыццём сваім пацвярджаюць, што і ў доме састарэлых на схіле гадоў можна знайсці сваё шчасце…