Выхоўваюць патрыётаў з дзіцячага сада

10:00 / 02.03.2025

Кола юных сяброў вайсковай часці 7434 пашыраецца: цяпер самымі юнымі з’яўляюцца не школьнікі, а выхаванцы астравецкага дзіцячага садка №5.

Як расказала загадчык дзіцячага сада Алена Сайковіч, адну з груп вырашылі зрабіць эксперыментальнай – тут рэалізуецца план мерапрыемстваў па грамадзянска-патрыятычным выхаванні ў межах супрацоўніцтва з ваеннай часцю.

– Мы не зрабілі б гэтага без наяўнасці не­калькіх складнікаў. Па-першае, дазвол тат і мам выхаванцаў – менавіта на бацькоўскім схо­дзе было прынята рашэнне аб стварэнні гэтага профілю. Па-другое, згода камандавання часці – для іх гэта дадатковая нагрузка і адказнасць, улічваючы тое, што яны апякуюцца ваенна-патрыятычным клубам, – расказвае Алена Валянцінаўна. – Але, як кажуць, зоркі сышліся: і бацькі, і нашы шэфы зацікаваліся прапановай і далі згоду. Дзецям нават пашылі форму – гэта не паўсядзённае адзенне малышоў, яго апранаюць падчас ранішняй зарадкі і мерапрыемстваў.





Завітваюць да юных таварышаў і вайс­коў­цы, і выхаванцы клуба «Адзінства», знаё­мячы з прафесіяй ваенных, сімваламі нашай краіны, яе нацыянальнымі традыцыямі, архі­тэктурнымі і прыроднымі каштоўнасцямі – у інтэрактыве расказваюць пра родную Беларусь.


– Наша група адмет­ная – не толькі з-за форменнага адзення, а таму, што нас вучаць абараняць дзяў­чынак! Мы былі ў вай­сковай часці, дзе ба­чылі дрэсіроўку сабак, тэхніку і зброю, з дапамогай якіх салдаты аберагаюць нашу краіну! Адслужу ў арміі – гэта павінны зрабіць усе хлоп­чыкі, калі стануць дарослымі, каб быць сапраўд­нымі абаронцамі краіны. А пасля стану доб­рым хакеістам (я займаюся хакеем) і буду праслаўляць нашу Беларусь, – дзеліцца пла­намі Сярожа Саўчук

Маленькія патрыёты заўсёды актыўныя ўдзельнікі свят сваіх шэфаў. Так, нядаўна яны віншавалі ўдзельнікаў «Адзінства» з днём нараджэння іх ваенна-патрыятычнага клуба.

– Прыгожае свята было – шмат хто вы­сту­паў на сцэне, і вінша­ванні гаварылі. А мы сюрпрыз зра­білі: песню ў падарунак пад­рыхтавалі! – ус­міхаецца Коля Шчэпта. –  Хваляваўся, каб добра выступіць і каб усім спадабалася, як мы спяваем. Усім спадабалася, бо нам дружна пляскалі ў далоні.


#НАШЕЛУЧШЕЕ #НАШАЛЕПШАЕ


Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо