Марыю Дзянісаўну Сцешанок з Астраўца павіншавалі са 100-годдзем

17:00 / 18.02.2025


Нягледзячы на свой паважаны ўзрост Марыя Дзянісаўна Сцешанок з Астраўца чытае кнігі і газеты, глядзіць тэлебачанне і цікавіцца жыццём. З важкай юбілейнай датай дня нараджэння, 100-годдзем, жанчыну павіншавалі не толькі блізкія, але і госці.

Хоць Марыя Дзянісаўна не мясцовая, але на Астравеччыне жыве амаль 30 гадоў. Сюды, ратуючыся ад Чарнобыля, пераехала яе дачка з сям’ёй.

– Мама з намі тут з 1996 года. Яна вельмі працалюбівы і старанны чалавек, такіх пашукаць трэба. Мяне вывучыла і дзяцей дапамагала гадаваць, – расказала дачка юбіляршы. – Родам матуля з вёскі Барысаўшчына Хройніцкага раёна. Яна перажыла вайну. Стаяла ля вытокаў зараджэння калектыўнай гаспадаркі: была цялятніцай, даяркай, паляводам. Агульны стаж у сельскай гаспадарцы ў яе звыш 40 гадоў. У нашай вёсцы ў мамы, як у перадавіцы, была самая вялікая пенсія – 120 рублёў.

– На ваш лёс выпала шмат выпрабаванняў: вайна і складанае пасляваеннае жыццё. Чорным крылом вас закранула чарнобыльская трагедыя. Тым не менш гэта не зламіла вас, і на нашай астравецкай зямлі з блізкімі вы сустрэлі свой вялікі юбілей, – у прывітальным слове сказала старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун.


Да віншаванняў далучыўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Бычко, які пажадаў гераіні яшчэ доўгіх гадоў жыцця. А галоўны бухгалтар райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Марыя Станкевіч зазначыла, што многім варта раўняцца на юбіляршу і браць з яе прыклад.





Гераіня была прыемна здзіўлена шматлікім кветкамі і падарункамі, але асабліва даспадобы ёй прыйшоўся святочны торт ад Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які ўручыла загадчык аддзялення першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання Віялета Броўка.

– Завалілі мяне падарункамі. Як я буду расплочвацца? – з усмешкай на твары і гарэзлівымі агеньчыкамі ў вачах пажартавала Марыя Дзянісаўна. – Усім вялікі дзякуй!


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич