Колькі за змену апрацоўваюць рапсу на міні-цэху ў КСУП “Гудагай”
11:00 / 19.02.2025
Як за гэты час змянілася дзейнасць лініі, які шлях за змену праходзіць «чорнае золата», перш чым стаць духмяным алеем і спажыўным жмыхам, – пра гэта і іншае даведаўся карэспандэнт «раёнкі».
Грошы на ўзвядзенне з нуля будынка пад гэтую лінію не сталі траціць і прыстасавалі адно з вытворчых памяшканняў, у якім, да слова, з паўтара дзясятка гадоў назад спрабавалі асвоіць перапрацоўку крыжакветкавага, але тады нешта не заладзілася.
– Адным з важных аргументаў на карысць запуску падобнай лініі па перапрацоўцы рапсу стала магчымасць мець уласны жмых для паўнавартаснага і збалансаванага кармлення жывёлы. Таму наша гаспадарка заключыла дагавор з беларускай кампаніяй ААТ «Унілайн», якая на працягу многіх гадоў пастаўляе лініі па перапрацоўцы алейных культур для сельгаспрадпрыемстваў Беларусі. Яна з’яўляецца дылерам чэшскай фірмы «Фармэт». Прэсы, экструдар, агрэгат для ачысткі замежнай вытворчасці, а астатняе абсталяванне, у тым ліку шнэкі, бункеры-накапляльнікі – айчынныя, – расказаў намеснік дырэктара па прамысловай вытворчасці Сяргей Жук. – Аператары прайшлі спецыяльную падрыхтоўку. Пасля мантажу лінію запусцілі напрыканцы снежня 2019 года, а працаваць на ўсю магутнасць пачалі са студзеня 2020 года. Так што, можна сказаць, сёлета першы невялікі юбілей у нашага рапсавага цэха.
Не паспелі за намі з калегай зачыніцца дзверы, як імгненна абдало, падалося спачатку прыемным водарам смажаных сланечнікавых семачак, а насамрэч – чорных рапсавых бубак.
– На маніторы бачны ўвесь вытворчы ланцужок. Акрамя гэтага, сістэма падключана і да планшэта, які можна браць з сабой, калі, напрыклад, трэба падсунуць насенне ці замяніць мяхі з друзам і ачысткамі. Пры неабходнасці ўручную можна ўнесці карэктывы ў работу праграмы і выправіць непаладкі, – патлумачыў аператар.
Жмых па транспарцёры адпраўляецца ў асобнае памяшканне.
– За месяц работы цэха тут перапрацоўваецца каля 260-280 тон рапсу, за год атрымліваецца каля 3 тысяч тон. У залежнасці ад алейнасці і вільготнасці насення крыжакветкавага выхад алею вар’іруецца ў межах ад 30 да 35%, – патлумачыў Сяргей Жук. – Раз на год, звычайна летам, на два тыдні лінію спыняем для яе капітальнай ачысткі і тэхнічнага абслугоўвання.
– Для нас жніво і пачынаецца менавіта з гэтай культуры. З ёй складаней працаваць. Па-першае, вільготнасць трэба «сагнаць» удвая. Па-другое, з-за вялікага працэнту ўтрымання алею і бялку ёсць вялікая рызыка для самаўзгарання рапсавых зярнят, – працягнуў Вадзім Адамковіч. – Але нездарма рапс называюць чорным золатам. Нягледзячы на ўсе складанасці і нюансы ў яго вырошчванні і апрацоўцы, з культур ён прыносіць найбольшы прыбытак.
Для тых, хто далёкі ад аграпрамысловага сектара, патлумачу, чаму рапсавы жмых важны ў кармленні буйной рагатай жывёлы. Ён адносіцца да кармоў з высокім утрыманнем пратэіну і станоўча ўплывае на малочную прадуктыўнасць…
Відавочна, што і рэкордны надой, які крыху не дацягнуў да 10 тысяч кілаграмаў малака, КСУП «Гудагай» атрымаў дзякуючы і ўласнаму рапсаваму кампаненту.